Вандроўка
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра БАГДАНАВА

Праект "Беларусь — з любоўю"

Свята-Іаана-Прадцечанская царква. XVIII ст. Вішнявец Не распытвайце старых з навакольных вёсак наконт таго, дзе знаходзіцца Вішнявецкая царква, бо яны заўпарцяцца: “Храм ёсць у Гавязне, а больш – нідзе!” Але паспрабуйце дазнацца ў тутэйшай моладзі, дзе тая Гавязна, і ў адказ амаль кожны пацісне плячыма. Гэтае непаразуменне паміж бацькамі і дзецьмі спарадзіла тапанімічная рэвалюцыя, што адбылася ў Беларусі ў 1960-х.

Тады адным махам рэпрэсіравалі шэраг вёсак і мястэчак, што мелі назвы з прарэлігійным гучаннем, альбо з дрэнным, на думку чыноўнікаў, пахам. Гавязна трапіла пад гарачую руку адразу па двух “артыкулах”: з аднаго боку, назву прызналі немілагучнай, з другога — палічылі, што паходзіць яна ад забароненага за Саветамі слова “гавець”. Цяпер стваральнікі даведнікаў вымушаныя выкручвацца: “М.К. Радзівіл Сіротка купіў Вішнявец (былую Гавязну) у Яна Алелькавіча і ў 1590 годзе аддаў вёску нясвіжскім бенедыкцінкам, якія заснавалі тут уніяцкую царкву ў гатычным стылі”. Вось і мяркуйце: ці то Радзівіл Сіротка вёску перайменаваў, каб знішчыць памяць пра былых уладальнікаў, ці то ганарлівыя “чорныя манашкі” так аддзячылі князю за шчодры падарунак.

Насамрэч, гэта савецкія ўлады ў 1959 годзе сагналі на сход калгаснікаў, каб тыя адкрытым галасаваннем паставілі апошнюю кропку ў гісторыі населенага пункта, што пазначаны на мапе Вялікага княства Літоўскага нароўні са старажытнымі Нясвіжам, Мірам, Слуцкам, Клецкам і Ляхавічамі. У архівах захавалася справаздача з адлюстраванай “аднадушнай воляй народа”, на якую спаслаўся пасля ў сваёй пастанове Савет Міністраў.

У 1992-м Рэспубліканская тапанімічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падчас экспертызы высветліла, што старажытная назва вёскі была адзінай на ўсю Беларусь і мела для краіны вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць.

“Вёска ніяк не падлягала перайменаванню”, — вось якая выснова. Але афіцыйна рэабілітаваная Гавязна дагэтуль застаецца Вішняўцом. Гэта вельмі клапоцiць мінскага журналіста Валерыя Дранчука. У ягоным пасведчанні аб нараджэнні стаіць пячатка Гавязнянскага сельскага савета. Ён вучыўся ў гавязнянскай васьмігодцы. Так што залішне пытацца, чаму менавіта Валерый выдаў некалькі нумароў газеты “За Гавязну!”.

— Першым, каго абурыла перайменаванне, быў мой настаўнік гісторыі Іван Міхайлавіч Аніфер. Потым я напісаў зварот да землякоў, каб яны настойвалі на вяртанні гісторыі, якую ў нас адабралі. На пачатку 1990-х (дэмакратыя ж была!) яго апублікавала нават раённая газета, — распавядае Дранчук.

Айцец Серафім — тагачасны настаяцель Свята-Іаана-Прадцечанскага храма — у сваім казанні таксама звярнуўся да прыхаджан. I людзі адразу ж падчас набажэнства сабралі подпісы ў падтрымку спрадвечнай назвы вёскі, чый лёс цесна звязаны з царквой, што ў 1839 годзе была пераасвячоная ў праваслаўную, а потым перабудаваная так, што ад уніяцкай готыкі няшмат засталося. Менавіта ў дзень прастольнага свята калісьці з Нясвіжа, Карэлічаў, з-пад Міра збіраліся людзі на шыкоўныя гавязнянскія кірмашы.

Пад націскам “баламута” Дранчука сельсаветчыкі наважыліся на мясцовы “рэферэндум”.

— Падчас апытання, якое праводзілася па дварах, не набралася патрэбнага працэнта жадаючых вярнуць вёсцы назву. Два пакаленні з 1964 года выраслі ў Вішняўцы, — паведамілі нам у сельсавеце.

— Большасць з цяперашніх жыхароў, пераехалі ў вёску, калі неўзабаве пасля перайменавання тут пабудавалі вялікі свінакомплекс, — тлумачыць Валерый Дранчук. — Яны сапраўды нічога не згубілі.

Але ёсць яшчэ старыя, якія нарадзіліся ў спрадвечнай Гавязне і не хочуць паміраць у штучна навязаным Вішняўцы, школьныя настаўнікі, якія разумеюць каштоўнасць гістарычнай назвы, і вучні, якія складаюць вершы пра Гавязну. Гэты свядомы кантынгент падтрымлівае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Валянціна Лемцюгова. Яе меркаванне:

— Былую назву як рэлікт, помнік духоўнай культуры трэба абавязкова вяртаць. А тое, што вёска знаходзіцца ў Нясвіжскай турыстычнай зоне, робіць аднаўленне гістарычнай справядлівасці справай дзяржаўнай важнасці.

Валерый Дранчук не губляе надзеі. І мае падставы. Вось гісторык Леанiд Лыч дзесяцігоддзі змагаўся і дамогся-такі, каб вёсцы Магільна на ягонай радзіме вярнулі імя. А нядаўна прадстаўнік таго самага пакалення, на адданасць якога Вішняўцу спасылаюцца ў сельсавеце, шасцікласнік Вiталiк Фафянгут намаляваў, як “жывую”, Свята-Іаана-Прадцечанскую царкву — тую самую, з якой спрадвечна звязаны лёс Гавязны...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)