Вандроўка
Марына ЗАГОРСКАЯ

Адкуль пайшлі «шкляніцы Ядзвігі»

Адным з шэраговых старажытнарускіх гарадоў называлі Наваградак савецкія гісторыкі, не ўлічваючы тыя ашаламляльныя знаходкі, што імі ж былі адкапаныя на замчышчы. Між тым знакамітую «шкляніцу Ядзвігі» — сведку роўнасці Наваградка еўрапейскім сталіцам — колішняя ленінградскія навуковая эліта не прамінула звезці ў калекцыю Эрмітажа. І ніхто не збіраецца яе вяртаць.


Наваградскі замак. XIII ст.

— Тады ў Беларусі не было яшчэ свайго гістарычнага музея, але ж унікальныя ювелірныя вырабы чамусьці абмінулі і архівы Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Нам засталіся толькі капеечныя з пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці чарапкі, — аналізуе вядомы беларускі экскурсавод Анатоль Варава.

Менавіта ён даймаў у 1970-х недарэчнымі пытаннямі наконт значнасці Наваградка «зорку» савецкай археалогіі Фрыду Гурэвіч: «Чаму ж тады на адным гектары тутэйшай зямлі вы раскапалі столькі еўрапейскіх каштоўнасцяў, колькі не набярэцца ва ўсіх гарадах Панямоння разам? Адкуль узяўся тут храм XIII стагоддзя? Як горад, што месціцца ў 25 км ад ракі, выбіўся ў сталіцу ВКЛ — па тых часах гэта ж было зусім не тыповай з'явай? І чаму, нарэшце, менавіта тут каранавалі Міндоўга?». Падзвіжніца археалагічнай справы Фрыда Гурэвіч, якая на той час «капалася» ўжо ў наваградскай зямлі дваццаць гадоў, разгубілася і схавала свае думкі за бляклай фармулёўкай: «Усё гэта можна патлумачыць іначай». Вось так, без удакладненняў.

Хутчэй за ўсё, яе таксама мучылі сумненні, але паддацца спакусе аднавіць гістарычную праўду азначала б для заложніцы афіцыйнай канцэпцыі перакрэсліць адной фразай усе свае навуковыя здабыткі. Свядома не выпіналі да часу і шыкоўную знаходку, зробленую калегай Фрыды Гурэвіч — ленінградскім археолагам Малеўскай. Яна раскапала на замчышчы самую старажытную на тэрыторыі Беларусі грамадзянскую пабудову з цэглы і каменю, якую цяпер прынята лічыць рэзідэнцыяй вялікага князя.

Затое каменя на камені не пакінуў тады на афіцыйным міфе пра тое, што крыважэрныя літоўскія князі паглынулі Наваградак, настаўнік беларускай мовы па дыпломе і ўніклівы гісторык на справе Мікола Ермаловіч. У надрукаваным на пішучай машынцы вялікім стосе папер, які нелегальна хадзіў па руках тагачаснай беларускай інтэлігенцыі, Ермаловіч цалкам лагічна даводзіў, што ў 40-х гадах XIII ст. для Наваградскага княства склаліся складаныя ўмовы. І наваградцы самі пачалі шукаць дапамогі ў Еўропе. Выкананне складанай палітычнай місіі было даручана князю Міндоўгу.

— Міндоўга на княства, безумоўна, запрасілі, бо Наваградак быў багатым горадам. І небяспека для яго на той час была вялікая, — упэўнены і гісторык Алесь Краўцэвіч, які днямі выдаў першую кнігу з серыі «Жыццяпіс Вялікіх князёў Літоўскіх», дзе падае гісторыю вялікай дзяржавы праз асобы, распачаўшы, зразумела, з Міндоўга.

У хроніках і летапісах не называецца месца, дзе адбыўся ў ліпені 1253 года ўрачысты акт каранацыі Міндоўга. Алесь Краўцэвіч лічыць, што яна адбывалася ў наваградскай Барыса-Глебскай царкве. У іншых крыніцах ёсць згадкі пра тое, што дзеля ўрачыстасці падрыхтавалі залу ў самім замку.

У 1960 годзе падчас раскопак вакольнага горада старажытнага Наваградка ленінградскія археолагі знайшлі часткі шклянога кубка, аздобленага рэльефнаю разьбою і гравіроўкай, а таксама аплаўленыя ў агні кавалачкі другой такой жа шкляніцы. Падобны посуд на абшарах краіны нідзе больш не сустракаўся, затое быў вядомы ў Англіі, Галандыі, Польшчы, Нямеччыне. Такія кубкі навукоўцы называюць “шкляніцы Ядзвігі”. Паводле легенды, жонка сілезскага князя Генрыха Барадатага Ядзвіга ўчыніла цуд, ператварыўшы ваду, налітую ў падобны кубак, у віно.

У Брытанскім музеі захоўваецца разбёная шкляніца з Цюрынгіі. Паводле памераў яна вельмі падобная да наваградскай. Ці магла выпадкова трапіць у Наваградак “шкляніца Ядзвігі”?

Што ж да Наваградскага замка, то ў ХVІ ст. ён меў 7 вежаў і быў адным з магутнейшых у Беларусі. Але ж войскі Карла XII настолькі пашкодзілі замак, што аднавіць яго ўжо было немагчыма. А ў 1802 годзе гарадзенскі губернатар Бенігсан даў дазвол наваградскаму гараднічаму Скалону разабраць рэшткі замкавых веж з умовай, што каменнем з іх вымасцяць вуліцы горада. У 1828 г. у данясенні Літоўска-Гарадзенскаму губернскаму праўленню паведамлялася, што ў Наваградскім старажытным замку яшчэ ёсць «две башни довольно... крепкие, немного вверху поврежденные, состоящие в ведомстве Новогрудской экономии». Дзякуй табе, гультаяваты Скалон, што не давёў справу да канца!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)