Вандроўка
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра БАГДАНАВА

Хто будзе панаваць замест Пузынаў?

Праз перапынак у семдзесят год старажытны фальварак у вёсцы Грамяча, ледзь не займеў новага пана. За мінулы год Камянецкі райвыканкам ажно некалькі разоў выстаўляў на аўкцыён сімпатычную аднапавярховую сядзібу князёў Пузынаў. Знайшлася і тая фізічная асоба, якая не адмовілася б за сімвалічную цану набыць ва ўласнасць помнік архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя. Але замест таго сядзіба стала дармовым набыткам былога калгаса «Усход», на зямлі якога яна і месціцца.

Ад самага пачатку гандаль не ладзіўся. Не было дурных выкладваць за будынак, у якім абрынуліся дах, столь і падлога больш за 90 мільёнаў рублёў. Не знайшлося цікаўных, і калі кошт аб'екта быў зніжаны на 20 адсоткаў. Тады прызначылі другі тур, знізіўшы кошт напалову, але пакінуўшы абавязковую ўмову — выкарыстанне набытай ва ўласнасць сядзібы толькі ў якасці музея і турыстычна-гатэльнага комплексу. “Пан”, які па звестках райвыканкама працуе ў Брэсцкім аблвыканкаме, ужо не сумняваўся: хутка сядзіба абясцэніцца ўшчэнт, тады і можна будзе браць яе голымі рукамі. І раптам у снежні мінулага года аб’ект знялі з аўкцыёну.

— На той момант было толькі два прэтэндэнты на набыццё сядзібы Пузынаў. Мы палічылі, што адна з самых моцных гаспадарак раёна хутчэй знойдзе грошы на аднаўленне будынка, чымсьці фізічная асоба, — тлумачыць выбар чыноўнікаў намеснік старшыні райвыканкама Мікола Войцік.

Акцыянернае таварыства “Усход-Камянец” атрымала былы воўчынскі фальварак, якім на працягу трох стагоддзяў валодалі знакамітыя роды: Сапегі і Флемінгі, Чартарыйскія і Панятоўскія, Весялоўскія і Пузыны — на “бязвыплатнай аснове”. Ці маглі пра такую нечуваную шчодрасць марыць у 1933 годзе палякі-асаднікі, набываючы зямлю і сядзібу ў апошняга ўладальніка з князёў — Юзафа Эдварда Пузыны, пісьменніка, паэта і гісторыка, чый радавод пачынаецца ад Рурыкавічаў?

Нягледзячы на тое, што камунальнай службе здзелка не прынесла аніякага прыбытку, камянецкія ўлады не сумняваюцца ў росквіце турыстычнай справы ў Грамячы. Калгаснікі ж дарма, што Фрыбурскага універсітэта ў Швейцарыі, як Пузына, не заканчвалі і доктарскай ступені не маюць, але сцвярджаюць, што яны таксама не лыкам шытыя. Гаспадарка на адным з першых месцаў у краіне па шчыльнасці пагалоўя жывёлы на гектар — гэта раз. Тут кармоў назапашваюць столькі, што сіласныя ямы закладваюць ажно на тры гады — гэта два. “А яшчэ старшыня хутка адновіць панскія фарэлевыя ручаі і палац”, — хваляцца тутэйшыя.

— Плануецца, што гэта будзе музейна-гатэлевы комплекс з пяці нумароў. Нам тут прапаноўвалі, каб танней было, дах паднавіць ды сяннікі на падлогу пакласці і прымаць “зялёных” турыстаў. Не, мы мэблю зробім на замову ў стылі XIX стагоддзя, номер люкс, — дзеліцца планамі інжынер па тэхніцы бяспецы Васіль Качаноўскі, які ўпаўнаважаны кантраляваць ход работ на гістарычным аб’екце. — Трэба спяшацца, бо ў Беларусі больш нідзе такога няма, каб у вёсцы гатэль у палацы мясціўся.

— І колькі нумар кашатаваць будзе?

— Люкс? Тысяч сто пяцьдзесят!

— А часу колькі на ажыццяўленне задумы спатрэбіцца? Сродкі адкуль возьмеце?

— Ні то, ні другое яшчэ невядома, — не тоіцца Васіль Васільевіч. — Пакуль высвятляем, ці застаўся ў спецыялістаў праект рэстаўрацыі, якую пачыналі некалі рабіць, ды “замарозілі”. Фінансы шукаем.

— Дзе, калі не сакрэт?

— Абяцала дзяржава дапамагчы. Будзем спадкаемцаў Пузынаў па свеце шукаць. Можа, спонсары ваш артыкул прачытаюць, адгукнуцца?

Не хочацца інжынера расчароўваць, але нават калі апошняе ягонае пажаданне і спраўдзіцца, ды ўлічваючы тое, што ў Воўчыне, за ракой, таксама захаваліся рэшткі шыкоўнага гістарычнага аб’екта — касцёла, дзе быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, турыстычны бум ўсё адно наўрад ці пагражае Грамячы ў бліжэйшы час. Бо няма часу калгаснікам назапашваць інфармацыю не толькі пра род Пузынаў, але і пра апошняга ўладальніка, які вывучаў паходжанне княжых родаў ВКЛ і іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Трэба жывёлу гадаваць і сілосныя ямы закладваць. А водар ад тых ямаў такі, што турыстам сабе даражэй збочваць да іх. Нават у княжы нумар люкс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)