Вандроўка
Марына Загорская

Рэжым на сметніку

Дзе знойдзе прытулак дзеючая улада, калі 19 сакавіка адбудзецца тое, чаго яна так баіцца? У Магілёве створаныя ўсе ўмовы дзеля таго, каб чыноўнікі, якія цягам апошніх дваннаццаці гадоў масава перасяляліся ў Мінск, вярнуліся на радзіму. На галоўнай плошчы горада напрыканцы 1990-х завяршылася будаўніцтва Дома Саветаў — копіі сталічнага Дома ўрада.

Прынята лічыць, што ўсе рэкорды сярод беларускіх даўгабудаў пабіў Палац Рэспублікі ў Мінску — амаль 20 гадоў гэта вам не жартачкі! Але сапраўдны айчынны пераможца ў гэтай намінацыі сціпла месціцца ў Магілёве. Ад пачатку да канца будаўніцтва тутэйшага Дома Саветаў прайшло... 62 гады.

Зрэшты, у энцыклапедыях і даведніках пазначаныя зусім іншыя гады будаўніцтва Дома Саветаў — 1937-1939 год. Насамрэч за гэты час быў узведзены толькі галоўны корпус будынка, які меў шанц пераплюнуць у кар’ерным росце старэйшага брата, што месціцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Каб не аб’яднанне БССР і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, Магілёў, хутчэй за ўсё, стаў бы сталіцай рэспублікі, а ў Доме Саветаў мясціўся б урад. Адпаведнае рашэнне зацвердзіла ў 1937 годзе Палітбюро ЦК КП(б) Беларусі.

Галоўная прычына пераносу — знаходжанне Мінска ўсяго ў 40 кіламетрах ад тагачаснай дзяржаўнай мяжы з буржуазнай Польшчай ды пануючыя ў ім моцныя нацдэмаўскія настроі. Магілёў выбралі сярод буйных гарадоў ледзь не з цыркулем у руках, падзяліўшы напалам адлегласць паміж польскай мяжой і Масквой.

Архітэктару Іосіфу Лангбарду адразу ж даручылі распрацаваць праект, падобны на той, што перамог на Усесаюзным конкурсе ў 1929 годзе. Узвядзеннем галоўнага адміністрацыйнага будынка ў Магілёве ўлады меліся распачаць вялікую сацыялістычную рэканструкцыю горада. Пасля прыняцця рашэння аб пераносе сталіцы, якое шырока не агучвалася, за адну ноч у Магілёве зруйнавалі дзевяць храмаў, каб мець прастору дзеля фарміравання грамадскага цэнтра новай сталіцы і ўзвядзення жылых дамоў для прадстаўнікоў урада.

— Лангбард рабіў своеасаблівым кожны свой аб’ект. У архітэктуры ён прытрымліваўся лаканізму, стрыманасці і адпаведнасці асноўных форм, — расказвае начальнік архіэктурнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама Валянціна Назарук. — Дом урада ў Мінску — прыклад жорсткага і прамалінейнага канструктывізму. На мой погляд, наш Дом Саветаў, крылы якога выходзяць дугой, — больш гарманічны і пластычны будынак. Лангбард тактоўна абыйшоўся з мясцовым рэльефам, улічыўшы маштабы горада.

Манументальны прытулак для чыноўнікаў узводзілі ўдарнымі тэмпамі. Але ўсё адно не паспелі. У 1939 польская мяжа адсунулася ад Мінска на сотні кіламетраў. Патрэба ў стварэнні ў Магілёве сталічнай інфраструктуры страціла надзённасць. Дом Саветаў, які так ніколі і не ператварыўся ў Дом урада, не сталі дабудоўваць. Нават не атынкавалі ягоны фасад, які выходзіў на вуліцу Язерскую. Больш-менш прывабны выгляд будынак набыў толькі ў 1958 годзе, калі плошчу перад ім добраўпарадкавалі і зрабілі галоўнай, паставіўшы на ёй помнік Леніну.

— Яшчэ доўгі час побач з самым вялікім у горадзе будынкам стаялі трухлявыя драўляныя хаціны ды хлявы, — узгадвае мясцовая жыхарка Антаніна Друць. — Тут быў вялікі гарадскі сметнік.

Дарэчы, горы смецця ляжалі на тым самым месцы, дзе акадэмік Лангбард прадугледжваў будаўніцтва корпуса з залай пасяджэнняў. У 1980-х абкам кампартыі прыняў рашэнне аб “неабходнасці функцыянальнай прыбудовы да галоўнага корпуса” — кіраўнікоў распладзілася столькі, што ўсім не хапала месца. Архітэктары па ўласнай ініцыятыве знайшлі ў архівах эскізны накід, зроблены рукой Лангбарда.

— Усяго толькі малюнак. Па ім цяжка было здагадацца, якім бачыў будынак Лангбард, — гаворыць архітэктар Эндрыкас Юшка, які і сёння саромецца называць сябе сааўтарам знакамітага архітэктара. — Гэта такая велічыня, што ў мяне нават думак пра тое ў галаве быць не магло! Імкнуўся застацца непрыкметным, каб не сказіць майстрам сталы вобраз Дома Саветаў.

“Лепш не ведаць, як упрыгожыць будынкі, чымсьці зрабіць у іх штосьці лішняе”, — павучаў калісьці Іосіф Лангбард сваіх вучняў.

Цяпер “Беларусбанк” і налогавая інспекцыя ў Магілёве сядзяць у такім жа шэрым атынкаваным будынку, што і чыноўнікі аблвыканкама — нічога лішняга: ні шкла, ні металічных канструкцый. Нізавошта не здагадацца, што ўзнік новы корпус на плошчы не ў 1939, а ўсяго шэсць гадоў таму. Затое адразу кідаецца ў вочы падабенства галоўнага будынка абласнога цэнтра з Домам ўрада ў Мінску. Вось толькі аб’ем у два з паловай разы меншы. Правінцыйны маштаб.


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)