Вандроўка
Марына Загорская, фота Уладзiмiра Багданава

Трохкутнік Аўсянага

Прыхільнікі супрэматызму ды кубізму маліліся б сёння на гэты цуд — невядомы архітэктар амаль на два стагоддзі пераплюнуў знакамітага Малевіча з ягоным чорным квадратам. Але партызанам было не да сантыментаў — вайна дасягнула апагея, а план па знішчэнні варожых аб’ектаў так і не быў выкананы. Добра яшчэ, што камандзір заўсёды трымаў напагатове сухія запалкі...

“Наведваючы новую малочна-таварную ферму, пераможцы спаборніцтва пабачылі работы па аднаўленні унікальнай па сваім архітэктурным стылі Свята-Траецкай царквы”, — так, праз коску пасля паведамлення пра сельскагаспадарчыя дасягненні, даведалася я з раённай газеты пра адзіны на ўвесь белы свет трохкутны храм. Пасля гераічнага подзвігу ваенных часоў ад яго засталіся толькі рэшткі. Але сёння намаганнямі 83-гадовага святара Георгія Сапуна гатовая ўжо аснова пад дах.

— Не трэба шукаць вінаватых. Палалі гарады і вёскі. Гінулі людзі, — уздыхае святар і ўціхамірана прапаноўвае: — Будзем лічыць царкву ахвярай вайны. Дасць Бог — на Троіцу яна адновіцца.

Георгій Сапун хрысціць, спавядае, вянчае і саборуе вернікаў з Вялікай Сваротвы больш за паўстагоддзя:

— Па вялікіх святах людзі збіраліся каля спаленай царквы, нават тады, калі веру прыціскалі. Я прыязджаў да іх, і кожны раз дзівіўся: “Адкуль такая форма?!”. Мо іншая канфесія? Звычайна ж праваслаўныя храмы будавалі ў Беларусі ў выглядзе крыжа, кола, карабля.

І, сапраўды, адкуль?

— Да апошняга часу трохкутнік увогуле ў архітэктуры не выкарыстоўваўся, — падлівае алею ў агонь архітэктар Леанід Левін.

— Не шукайце навуковых тлумачэнняў, гэта можа быць проста дзівацтва асобнага ўладара маёнтка, — дае добрую параду даследчык беларускіх сядзіб Анатоль Федарук.

— Магчыма, была патрэба ўціснуць пабудову ў нейкую абмежаваную прастору. Ці грошай не хапала на чатыры сцяны, — робіць дапушчэнне святар Георгій.

Ягоны калега — айцец Вячаслаў, які служыць у праваслаўным храме ў Міры, — здаецца, ведае адказ:

— Усё проста: царква ж Свята-Троіцкая! Бог-айцец, Бог-сын, Бог-Дух святы — вось і трохкутнік.

— Дык і ваш жа, як, дарэчы, і дзесяткі другіх у Беларусі, храм таксама Свята-Троіцкі, чаму не такі? — гэты аргумент заспявае айца Вячаслава знянацку.

— Тады... сімвал Усёвідушчага вока... — ужо менш упэўнена даводзіць ён.

Гэты трохкутнік — быццам Бермудскі. Каго хочаш заблытае.

Адзін даследчык храмавай архітэктуры напісаў, што ў Вялікай Сваротве дзейнічала таямнічая рука масонаў. Другі абверг гэтую версію цьмянымі тлумачэннямі пра тое, што “ў правінцыйных раёнах Беларусі нават у перыяд росквіту класіцызму, цяслярства моцна ўплывала на каменнае дойлідства”.

Насамрэч, як даведаўся айцец Георгій з пажухлай паперы на польскай мове — адзінага храмавага інвентару з мінулых часоў, — трохкутнік быў найперш драўляным. У 1747 годзе яго пабудаваў «скарбавы» пiсар Вялiкага княства Лiтоўскага Мiкалай Аўсяны. Увайсці ў храм можна было з усіх трох бакоў. Алтар мясціўся ў цэнтры памяшкання, якое ўпрыгожвалі разьбяны іканастас, аб’ёмныя скульптуры, роспісы на даху. Затое цаглянай была падлога — гэта якраз не выключэнне, а правіла, якім кіраваліся тады падчас пабудовы цэркваў.

Новы ўладальнік маёнтка Вялiкая Сваротва — Якуб Незабытоўскi — у 1823 годзе закончыў узвядзенне на гэтым жа месцы храма з бутавага каменю, якi цалкам паўтарыў архiтэктурныя асаблiвасцi папярэдніка.

“Форма трохкутніка адлюстроўвае імкненне дойлідаў падчас распаўсюджання уніяцтва ствараць цэрквы, не падобныя на касцёлы”, — магчыма, гэтая заўвага з дапаможніка па манументальнай драўлянай архітэктуры і ёсць самая слушная. Як высветлілася, у трохкутніка Аўсянага быў калісьці двайнік — уніяцкая царква ў вёсцы Бесяды Лагойскага раёна.

— От жа мама мая і распавядала, што калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, праязджаў цераз Сваротву рускі святар, убачыў трохкутны храм і прамовіў: “Гэта уніяцкая царква”, — узгадвае Анатоль Клышка. Вядомы кожнаму першакласніку стваральнік беларускага “Буквара” родам з суседняй вёскі Данейкі.

— Маіх бацькоў хрысцілі ў гэтай царкве. А брат нават у хоры спяваў. Сястра ўзгадвае, што хоры былі на другім паверсе і ўваход у царкву быў ужо толькі адзін, — распавядае Анатоль Клышка. — А я магу сказаць: той, хто месца для царквы выбіраў, меў вышталкцоны густ — на ўзвышшы, побач з рэчкай...

Анатоль Клышка памятае, што хадзіла па вёсцы байка пра тое, як дзядоў і прадзедаў перахрышчвалі ў праваслаўе.

— Людзей хапалі на дарозе ці ў полі і валаклі ў царкву. Але й народ не дурань. Кожны насіў з сабой часнок у кішэні. Заспеюць яго, а ён часначыну ўхопіць! Прывядуць у царкву, а ў яго пах з рота. Хрысціцца ж трэба нашча! Тым і ратаваліся. Мудрагеліста было прыдумана. Наўрад ці абышлося без падказкі з боку уніяцкіх святароў, — смяецца Анатоль Канстанцінавіч. І сур’ёзна дадае: — У мінулым стагоддзі мае аднавяскоўцы цвёрда прытрымліваліся праваслаўнай веры. Не было ў нас уніятаў.

Хоць і распавядаюць у Вялікай Сваротве, што партызаны па-людску паступілі і папярэдзілі, каб загадзя знеслі вернікі з царквы рэчы і кнігі, але ніякай дакументацыі не захавалася. Акрамя маленькага даваеннага здымка, на якім адлюстраваны знешні выгляд царквы: бутавыя сцены, гонтавы дах, над якім узвышаецца купал з адной вялікай вежай у цэнтры і трыма маленькімі па кутах. Адзін з прыхаджан перадаў яго калісьці айцу Георгію. Цяпер гэта адзіны “праектны дакумент” для епархіяльных будаўнікоў, якія аднаўляюць храм за грошы мецэната з Ніжневартаўска, імя якога айцец Георгій не разгалошвае.

Так што загадак трохкутнік Аўсянага задае ніяк не менш, чымсьці квадрат Малевіча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)