Рэжым на сметніку
Дзе знойдзе прытулак дзеючая улада, калі 19 сакавіка адбудзецца тое, чаго яна так баіцца? У Магілёве створаныя ўсе ўмовы дзеля таго, каб чыноўнікі, якія цягам апошніх дваннаццаці гадоў масава перасяляліся ў Мінск, вярнуліся на радзіму. На галоўнай плошчы горада напрыканцы 1990-х завяршылася будаўніцтва Дома Саветаў — копіі сталічнага Дома ўрада.
Прынята лічыць, што ўсе рэкорды сярод беларускіх даўгабудаў
пабіў Палац Рэспублікі ў Мінску — амаль 20 гадоў гэта вам не жартачкі! Але
сапраўдны айчынны пераможца ў гэтай намінацыі сціпла месціцца ў Магілёве. Ад
пачатку да канца будаўніцтва тутэйшага Дома Саветаў прайшло... 62 гады.
Зрэшты, у энцыклапедыях і даведніках пазначаныя зусім іншыя
гады будаўніцтва Дома Саветаў — 1937-1939 год. Насамрэч за гэты час быў
узведзены толькі галоўны корпус будынка, які меў шанц пераплюнуць у кар’ерным
росце старэйшага брата, што месціцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Каб не
аб’яднанне БССР і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, Магілёў, хутчэй за ўсё, стаў
бы сталіцай рэспублікі, а ў Доме Саветаў мясціўся б урад. Адпаведнае рашэнне
зацвердзіла ў 1937 годзе Палітбюро ЦК КП(б) Беларусі.
Галоўная прычына пераносу — знаходжанне Мінска ўсяго ў 40
кіламетрах ад тагачаснай дзяржаўнай мяжы з буржуазнай Польшчай ды пануючыя ў ім
моцныя нацдэмаўскія настроі. Магілёў выбралі сярод буйных гарадоў ледзь не з
цыркулем у руках, падзяліўшы напалам адлегласць паміж польскай мяжой і Масквой.
Архітэктару Іосіфу Лангбарду адразу ж даручылі распрацаваць
праект, падобны на той, што перамог на Усесаюзным конкурсе ў 1929 годзе.
Узвядзеннем галоўнага адміністрацыйнага будынка ў Магілёве ўлады меліся
распачаць вялікую сацыялістычную рэканструкцыю горада. Пасля прыняцця рашэння
аб пераносе сталіцы, якое шырока не агучвалася, за адну ноч у Магілёве
зруйнавалі дзевяць храмаў, каб мець прастору дзеля фарміравання грамадскага
цэнтра новай сталіцы і ўзвядзення жылых дамоў для прадстаўнікоў урада.
— Лангбард рабіў своеасаблівым кожны свой аб’ект. У
архітэктуры ён прытрымліваўся лаканізму, стрыманасці і адпаведнасці асноўных
форм, — расказвае начальнік архіэктурнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама
Валянціна Назарук. — Дом урада ў Мінску — прыклад жорсткага і прамалінейнага
канструктывізму. На мой погляд, наш Дом Саветаў, крылы якога выходзяць дугой, —
больш гарманічны і пластычны будынак. Лангбард тактоўна абыйшоўся з мясцовым
рэльефам, улічыўшы маштабы горада.
Манументальны прытулак для чыноўнікаў узводзілі ўдарнымі
тэмпамі. Але ўсё адно не паспелі. У 1939 польская мяжа адсунулася ад Мінска на
сотні кіламетраў. Патрэба ў стварэнні ў Магілёве сталічнай інфраструктуры
страціла надзённасць. Дом Саветаў, які так ніколі і не ператварыўся ў Дом
урада, не сталі дабудоўваць. Нават не атынкавалі ягоны фасад, які выходзіў на
вуліцу Язерскую. Больш-менш прывабны выгляд будынак набыў толькі ў 1958 годзе,
калі плошчу перад ім добраўпарадкавалі і зрабілі галоўнай, паставіўшы на ёй
помнік Леніну.
— Яшчэ доўгі час побач з самым вялікім у горадзе будынкам
стаялі трухлявыя драўляныя хаціны ды хлявы, — узгадвае мясцовая жыхарка
Антаніна Друць. — Тут быў вялікі гарадскі сметнік.
Дарэчы, горы смецця ляжалі на тым самым месцы, дзе акадэмік
Лангбард прадугледжваў будаўніцтва корпуса з залай пасяджэнняў. У 1980-х абкам
кампартыі прыняў рашэнне аб “неабходнасці функцыянальнай прыбудовы да галоўнага
корпуса” — кіраўнікоў распладзілася столькі, што ўсім не хапала месца.
Архітэктары па ўласнай ініцыятыве знайшлі ў архівах эскізны накід, зроблены
рукой Лангбарда.
— Усяго толькі малюнак. Па ім цяжка было здагадацца, якім
бачыў будынак Лангбард, — гаворыць архітэктар Эндрыкас Юшка, які і сёння
саромецца называць сябе сааўтарам знакамітага архітэктара. — Гэта такая
велічыня, што ў мяне нават думак пра тое ў галаве быць не магло! Імкнуўся
застацца непрыкметным, каб не сказіць майстрам сталы вобраз Дома Саветаў.
“Лепш не ведаць, як упрыгожыць будынкі, чымсьці зрабіць у іх
штосьці лішняе”, — павучаў калісьці Іосіф Лангбард сваіх вучняў.
Цяпер “Беларусбанк” і налогавая інспекцыя ў Магілёве сядзяць
у такім жа шэрым атынкаваным будынку, што і чыноўнікі аблвыканкама — нічога
лішняга: ні шкла, ні металічных канструкцый. Нізавошта не здагадацца, што ўзнік
новы корпус на плошчы не ў 1939, а ўсяго шэсць гадоў таму. Затое адразу кідаецца
ў вочы падабенства галоўнага будынка абласнога цэнтра з Домам ўрада ў Мінску.
Вось толькі аб’ем у два з паловай разы меншы. Правінцыйны маштаб.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное