Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: «У дачыненні да Украіны хочуць ужыць старыя наратывы пра тое, што мы гнілі ў адных акопах»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у каментары Филину расказаў, чаму адказ беларускага Міністэрства абароны ўкраінскім вайскоўцам толькі лішні раз раззлуе апошніх. Абмеркавалі і тэму ціску на гісторыкаў.

Аляксандр Пашкевіч

— Мінабароны апублікавала адказ на відэазварот УСУ да беларускіх вайскоўцаў. Адзін з герояў роліка кажа, што ўкраінцам добра было б прыгадаць, як нашыя продкі «разам дайшлі да Берліна, патушылі печы канцлагераў і дабілі фашыстаў у іх логаве, пакуль усмешлівая і талерантная Еўропа здавалася».

Наіўнае пытанне — але што не так з гэтым пасылам з гістарычнага гледзішча?

— Гаворка пра канцэпцыю, якая была прынятая ў савецкі час. Яна сцвярджала, што Савецкі Саюз перамог гітлераўскую Германію ледзь не самастойна, што заходнікі яму не толькі не дапамагалі, а ледзь не пад нагамі блыталіся. Што Гітлер захапіў заходнія краіны адным махам і зламаў сабе зубы толькі на савецкім народзе.

Насамрэч, гэта было не зусім так. І хаця тактыка бліцкрыгу была паспяховай для Гітлера падчас вайны ў Еўропе, аднак Англію яму так і не ўдалося скарыць масавымі бамбаваннямі. І, канечне, вядома, якую дапамогу СССР аказалі заходнія краіны ў часе савецка-нямецкай вайны. Так што тут усё далёка не так адназначна.

У дадзеным выпадку ў дачыненні да Украіны хочуць ужыць старыя наратывы пра тое, што мы гнілі ў адных акопах, разам атрымалі вялікую перамогу.

У сённяшніх умовах гэта глядзіцца зусім недарэчна, бо мы ведаем, з кім сёння ваюе Расія. Ведаем, як гэтае так званае «пабедабесіе» закладалася ў падмурак новай расійскай палітыкі.

Зразумела, што гэтымі згадкамі можна хіба што яшчэ больш раззлаваць украінцаў і дабіцца зусім адваротнага эфекту. Але вядома, што іншай ідэалогіі ў нас няма, таму ўлады і імкнуцца гэтыя замшэлыя савецкія пастулаты выкарыстоўваць не толькі ва ўнутранай, але і знешняй палітыцы.

— Пакуль ваенныя апелююць да гістарычнай памяці суседзяў, улады ліквідавалі дабрачынны фонд «Вяртанне», які, сярод іншага, спрыяў выданню ваенных твораў Васіля Быкава. Акрамя таго, спіс экстрэмісцкай літатаруры папоўніла сумесная праца Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi».

Ці вядомыя ў гісторыі прыклады таго, каб улады краіны так зацята змагаліся з уласнай культурай і гісторыяй?

— Нічога новага тут няма. Мы памятаем, як у тым самым Савецкім Саюзе з гісторыі выкрэсліваліся цэлыя старонкі. Напрыканцы існавання савецкага ладу, калі ўсталявалася галоснасць і можна было гаварыць пра тое, пра што раней гаварыць было забаронена, падымаліся цэлыя пласты. Тое, пра што раней ніхто не пісаў, кнігі, якія дагэтуль былі схаваныя ў спецсхронах.

Таму гэтая тэма не новая. Гэта акурат узяцце на ўзбраенне старых савецкіх практык: рэпрэсаваць аўтараў, іх кнігі ў лепшым выпадку схаваць, у горшым — знішчыць. Мы памятаем, як дзейнічалі ў савецкія часы, калі хтосьці з аўтараў з’язджаў з краіны — іх творы загадвалі прыбраць з бібліятэк, зняць з фондаў.

І тут гэтым шляхам ідуць у спадзеве на тое, што такім чынам можна будзе пазбавіцца ад канкурэнтаў і прасунуць уласную ідэалогію. Трэба сказаць, што пакуль гэтая праца не сістэмная. Пакуль што пад удар трапілі некалькі кніг. Магчыма, у дадзеным выпадку хочуць як наймацней ударыць па выдавецтве Янушкевіча. Бо менавіта іх кнігі апошнім часам былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі»: «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, манаграфія «Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусі» і ўчорашняя навіна — дзіцячая кніга Іосіфа Бродскага.

Тут усё ўкладаецца ў адну лінію: абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі» выданні, якія накіроўваліся на экспертызу пасля ліквідацыі кнігарні «Кнігаўка». І тая ж кніга Арлова і Татарнікава, хоць і выдадзеная ў іншым выдавецтве, таксама была забраная пры разгроме «Кнігаўкі». Таму ўсё гэта яшчэ дастаткова лакальна. Але пэўная тэндэнцыя ўжо прасочваецца. І, відаць, яна будзе працягнутая.

— У працяг тэмы. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі заявіў, што ў працы гісторыкаў і экскурсаводаў навядуць парадак. Ігар Сяргеенка паабяцаў, што праблема «калянавуковых кніг», якія нібыта скажаюць гісторыю Беларусі, будзе вырашана. Маўляў, павінен быць адзіны навуковы погляд на нашу гісторыю.

Чым можа скончыцца гэтая кампанейшчына?

— Напэўна, гэтая кампанейшчына ўвасобіцца ў тым, што зараз будуць рэпрэсаваць непажаданых гісторыкаў, «няправільныя» кнігі будуць абвяшчацца «экстрэмісцкімі», іх будуць забараняць і прыбіраць з бібліятэк.

Вядома, што раней ужо была праведзеная такая кампанія супраць экскурсаводаў. Тыя з іх, што расказвалі падчас экскурсій тое, што не ўкладаецца ў сённяшнюю ідэалогію і разуменне ўладаў, затрымлівался. Кажуць, што з дзясятак экскурсаводаў і дагэтуль пад вартай сядзяць. Некаторыя заплацілі немалыя штрафы.

Так што сцежка тут ужо прабітая.

Думаю, нешта падобнае можа чакаць і гісторыкаў. Іншая справа, што ў гэтай сферы цяжка нешта зачысціць да рэшты. Таму што, так ці іначай, на тым, пра што пісалі незалежныя гісторыкі, у многім грунтуецца і дзяржаўная ідэалогія. Нельга сказаць, што адны пісалі адно, а другія зусім іншае, многае тут цесна пераплецена і суадносіцца адно з адным.

Таму тут магчымыя моцныя казусы ў гэтым плане. Але мяркуючы па тым, што гэта нікога не бянтэжыць, экспертызы па гэтых справах звычайна закрытыя, пра прынятыя рашэнні ніхто нікому нічога не тлумачыць, то будуць проста па нейкаму спісу забараняць усё тое, што камусьці дапякло.

Будуць кур’ёзы. Бо, напрыклад, тая ж «Айчына» была дзіка папулярная на дзяржаўным кірмашы ў Мінску ў лютым 2017-га. Гэта быў сапраўдны фурор, за ёй выстройваліся чэргі. І ніхто тады гэтаму не замінаў. Я думаю, што і дзяржаўныя ўстановы рабілі цэнтралізаваныя закупкі гэтага выдання, каб дарыць нейкім дэлегацыям.

Як гэта было з кнігай «Краіна Беларусь», якую прапагандысты разглядалі ў «Кнігаўцы», вышуквалі нейкія ілюстрацыі і казалі, якая яна прафашысцкая. Гэту ж кнігу ў больш ліберальныя часы закупала адміністрацыя Лукашэнкі на падарункі.

Ясна, што ўсё гэта за вушы прыцягнута, ніякай тут логікі асабліва не адшукаеш. Але паколькі ў краіне зададзены зарад на працяг рэпрэсій, і рэпрэсіі ёсць у ідэалагічнай сферы, то яны будуць працягвацца. І мы пабачым, на жаль, не адну такую сітуацыю. Проста таму, што для статыстыкі выканаўцы павінны штосьці рабіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(12)