Лукашук: «Трэба рабіць Беларусь там, дзе жывеш. Беларусь – гэта не геаграфія, гэта будучыня»

Публіцыст і пісьменьнік Аляксандр Лукашук распавёў «Салідарнасці», ці слушна праводзіць паралелі паміж цяперашнімі часамі і трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя, якія варыянты разьвіцьця падзей выглядаюць найбольш верагоднымі, і што рабіць, каб гісторыя не паўтарылася.

– Цяперашнія часы часта параўноўваюць са сталінскімі. Што думаеце на гэты конт вы, як дасьледчык тагачасных рэпрэсій? Падобна тое, што адбываецца на «новы 37-мы»? Або нейкі іншы год? Або наогул такога кшталту параўнаньні недарэчныя?

– Параўнаньні – няпросты інструмэнт, а гістарычныя тым больш. Так, беларускі рэжым натуральна параўноваць са сталінскім, і ня толькі таму, што пад Менскам паставілі помнік Сталіну, а вакол Курапатаў будуюць рэстараны. Але ня менш карэктна параўноўваць яго з рэжымам фашыстоўскім, рэжымамі Гітлера-Мусаліні-Франка.

Рэпрэсіі ў Беларусі маюць аднолькавую прычыну са сталінскімі – гэта ўмацаваньне аднаасобнай улады, але ня маюць ідэалягічнай мэты. Ня толькі ідэалягічнай – няма нават сацыяльных і эканамічных мэтаў.

«Індустрыялізацыя» адбываецца ня шляхам рэформаў і разьвіцьця ўласнага патэнцыялу, а коштам займаў, выдураных інвэстыцый, махінацый з нафтай, газам, кантрабандай зброі і санкцыйных матэрыялаў.

Што тычыцца характару і ўзроўня – гэта, канечне, ня сталінскія маштабы.  Сто паэтаў і журналістаў пасадзілі ці выштурхнулі за мяжу, але не растралялі за адну ноч. Але ахвяры не параўноўваюцца, хто большы хто меншы. Ім важна дапамагаць, іх нельга забываць, вінаватых трэба называць. 

– Што, на ваш погляд, за гэтыя дзесяцігодзьдзі зьмянілася ў паводзінах тых, хто займаецца рэпрэсіямі, і тых, хто трапляе пад іх?

– Катамі і за Сталіным, і за Гітлерам, і за Лукашэнкам працуюць людзі, якія ахвотна выконваюць загады, вераць у сваю беспакаранасьць і правату, атрымліваюць асалоду ад гвалту, і не адчуваюць асабістай адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці.

Цьвіль фашызму заўсёды ёсьць у любым грамадзтве. У Расеі яе цяпер культывуюць, як і ў Беларусі.

Калі я вывучаў асабістыя справы супрацоўнікаў НКВД-«курапатчыкаў», быў спачатку ўражаны, што яны раней былі самымі звычайнымі людзьмі: токары, піянэрважатыя, паштальёны, камсамольцы-актывісты. Ня зь Месяца зваліліся, не з тайгі іх прывезьлі – пераважна мясцовыя, свае. І ў ГУБАЗІКу, і ў АМАПе, і ў КДБ, і ў судах,і ва ўсякіх іншых органах служаць свае мясцовыя каты.

Хадзілі ў тутэйшыя школы, садзяць кветкі на дачах, езьдзяць на Радуніцу дадому, фарбуюць яйкі – і гвалцяць ахвяр дубінкамі, зьбіваюць на горкі яблык, распранаюць, зьдзекуюцца ў турмах. Гэтая поскудзь магла служыць Гітлеру і Сталіну, служаць Лукашэнку, будуць служыць хоць Пуціну, хоць чорту лысаму.

Адна рэч, якая мяне бянтэжыла ў паводзінах ахвяраў сталінскіх часоў – што яны не ўцякалі, вярталіся з-за мяжы, чакалі, што пранясе. Сёньняшнія ахвяры маюць большую свабоду, і таму дзесяткі тысячаў ня даліся ў рукі катаў, зьехалі. Гэта выдатна.

Некалі Томас Ман, які зьехаў з гітлераўскай Нямеччыны, у адказ на пытаньне як ён, нямецкі пісьменьнік, маецца без нямецкай літаратуры, адказаў, што нямецкая літаратура там, дзе знаходзіцца ён.

Беларусь усюды, дзе знаходзяцца людзі, які працягваюць рабіць Беларусь.

– Да якой ступені гісторыя вызначае нашу сучаснасьць і будучыню? Кіпцюры мінулага хапаюць людзей сёньня праз тое, што грамадзтва збольшага даволі абыякава паставілася ў 90-е да рэпрэсій, якія адбываліся амаль паўстагодзьдзя таму, не асэнсавала ў дастатковай ступені і не асудзіла іх?

Калі так, то ці ёсьць сэнс зладзіць у нейкім выглядзе працэс над сталінізмам у цяперашніх умовах?

– Савецкая мінулае не мінула ня толькі ў Беларусі. Тут рэгулярна зьяўляюцца выспы будучыні, але побач сьмярдзючы акіян імпэрскага часу, паганскай маралі, бандыцкай этыкі, які пад час прыліву накрывае сабой суседнія краіны.

З акіянам ня судзяцца – ад яго адгаражваюцца, як гэта зрабілі краіны Балтыі, робіць Украіна. І ня толькі на фронце, а і ў самой сабе, выкідваючы помнікі, пераймяноўваючы гарады і вуліцы, выбіраючы іншую будучыню. Гэта і ёсьць суд і прысуд гістарычнаму злу.

– Калі, па-вашаму, пачаліся сёньняшнія беларускія беды і калі яны скончацца? Калі чакаць Беларусь заўтрашняга дня?

– Пасьля 2020 году прэзыдэнцкая ўлада ў Беларусі дасягнула свайго найвышэйшага ўзроўню — фашызму без ідэалёгіі і партыі, і перасягнула яго — гэта ўжо фізіялёгія, нават батаніка. Цьвіль фашызму, як любая цьвіль, існуе ўсюды і заўсёды, але актывізуецца і распускае сьмяротныя плеці толькі пры пэўных умовах.

Фэнамэнальная заява маладога прэзыдэнта ў 1995 годзе пра гітлераўскую Нямеччыну як узор для прэзыдэнцкай улады ў Беларусі была ўспрынятая як дзікая недарэчнасьць, вартае сьмеху глупства, выпадковая бздура выпадковага палітыка.

Павеяла замагільлем, але прамаўчалі вэтэранскія арганізацыі і кампартыя, набрала ў рот вады дзяржаўная прэса, не падалі ў адстаўку міністры і амбасадары, ня быў абвешчаны страйк, не скасавалі афіцыйны візыт у Францыю.

А пачалося ўсё з прэсы. Не прайшло і паўгоду ад клятвы выконваць Канстытуцыю, як на загад прэзыдэнта ў сьнежні 1994-га газэты выйшлі зь белымі плямамі замест антыкарупцыйнага выступу дэпутата Сяргея Антончыка.

Праз тры месяцы прэзыдэнцкім указам быў незаконна звольнены галоўны рэдактар парлямэнцкай газэты, які праводзіў незалежную палітыку. У наступным месяцы, красавіку 1995-га, у Вярхоўны Савет было ўведзенае войска, дэпутаты апазыцыі зьбітыя, і парлямэнтарызм у Беларусі скончыўся. У траўні нелегітымны рэфэрэндум вярнуў савецкія сымбалі, адсунуў беларускую мову і прысунуў Расею; у лістападзе Гітлер быў абвешчаны ўзорам.

Ніводзін гісторык не пагодзіцца з такой клясыфікацыяй: хіба ўсё пачалося не з увядзеньнем у 1994-м прэзыдэнцтва ў Канстытуцыю? З аднаўленьня ў правах камуністычнай партыі ў 1993-м? Ці раней, з адмены рэфэрэндуму аб новых выбарах у 1992-м? Ці яшчэ раней, падчас вайны, якая падзяліла Беларусь на паліцэйскую і партызанскую? Ці падчас тэрору 1930-х? У 1921-м, калі краіну разарвалі на Захад і Усход? Ці з разгрому паўстаньня 1863-га? Падзелаў Рэчы Паспалітай? А, можа, з Каіна?

Можа, і так. Але мы адказныя за тое, што адбываецца на працягу нашага сьвядомага жыцьця.  Бо пачатак усяго заўсёды тут і сёньня. У тым ліку – і заўтрашняя Беларусь.

– Калі праецыраваць гістарычны досьвед на сёньняшнюю сытуацыю, як унутрыбеларускую, так і геапалітычную, якія варыянты разьвіцьця падзей выглядаюць для вас найбольш імавернымі?

– Першы: два дыктатары неўзабаве сканаюць. Гэта створыць новую нестабільнасьць, якая можа каштаваць Беларусі нават цяперашняй абкарнанай незалежнасьці. Але новы імпэрскі парадак праіснуе нядоўга, бо ў яго зьявяцца сур'ёзныя выклікі на Ўсходзе. Вакно магчымасьці для сувэрэннай і дэмакратычнай Беларусі ўсё роўна адчыніцца.

Другі: у вайне супраць Украіны будзе ўжытая ядзерная зброя, і Беларусь будзе так уцягнутая ў наступныя падзеі, што ніяк ня зможа самастойна вырашаць свой лёс. І хоць шанцы на перамены да лепшага радыкальна зьменшацца, але ніколі ня зьнікнуць цалкам.

– Што зараз варта рабіць, каб набліжаць лепшую будучыню для Беларусі?

– Трэба рабіць Беларусь там, дзе жывеш. Беларусь – гэта не геаграфія, гэта будучыня.

Новая кніга Аляксандра Лукашука выходзіць у траўні 2024-га. Прэзэнтацыі адбудуцца ў Вільні 17.05, у Празе 20.05 і Варшаве 23-24.05. Кнігу можна замовіць у выдавецтве «Вясна»

– Што павінна адбыцца ў новай Беларусі, каб мінімізаваць магчымасьць рэваншу тых, хто гатовы тым ці іншым чынам зьнішчаць сваіх апанентаў?

– Дэмакратыя заўсёды патрабуе абароны. Досьвед транзыту ад фашыстоўскіх рэжымаў да дэмакратычных вельмі розны: у Нямеччыне – адзін, у Японіі – другі, у Гішпаніі – трэці. Але ўсе механізмы добра вядомыя, пратаколы дзеяньня права і дзяржаўных органаў распрацаваныя, і з дапамогай эўрапейскіх суседзяў гэта магчыма і ў Беларусі.

Важна не чакаць, а рабіць: мне ўяўляецца вельмі карысным захаваньне масіву новай гістарычнай памяці тысячаў эмігрантаў (г.зв. вусная гісторыя), якая мусіць зафіксаваць імёны і ролю катаў і іх памагатых. Пасьпяховую працу ў гэтым накірунку робяць кіберпартызаны, журналісты, пісьменьнікі.

Увогуле, ёсьць такая прымаўка, што найлепшая помста – наш посьпех.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(17)