Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: Карным органам ніхто не даў каманду «адбой»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч абмеркаваў з Филином апошнія ініцыятывы ўладаў і з’яўленне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў бяскрыўдных сувеніраў.

— Лукашэнка абурыўся тым, што ў некаторых установах адукацыі забаронена прыцягваць школьнікаў да сельскагаспадарчых працаў. Маўляў, трэба мабілізаваць на палеткі ўсіх.

Чым можна патлумачыць такую рэакцыю — гэта страх ці абурэнне ад таго, што недзе хтосьці ўсё яшчэ дазваляе сабе не ісці «ў нагу» з уладай?

— Вядома, гэта досыць дзіўнае выступленне наконт «мабілізацыі» школьнікаў, бо цяжка паверыць, што гэта звязана з чыста сельскагаспадарчымі момантамі. Што не хавае рук і тэхнікі, каб убраць з палёў ураджай. Бо на двары ўжо кастрычнік, і каб была з гэтым праблема, то напэўна ж пра гэта парупіліся б яшчэ ў верасні.

Усё ж у нас не такая занядбаная сельская гаспадарка, каб ручная праца ў ёй стаяла б перадусім.

Таму, відаць, сапраўды гэта нейкія ідэйныя замарочкі, калі хочацца ўсе пытанні паставіць пад свой кантроль, камандаваць, мабілізоўваць.

І тут Лукашэнка спрабуе вярнуць і ўключыць у комплекс ідэалагічнай работы ўсё тое, што было ў ягоным дзяцінстве і маладосці, што ён заспеў, па чым ён мае настальгію. Ён ужо казаў пра аднаўленне піянерскіх арганізацый, пра вяртанне ідэалагічнай працы на ранейшы ўзровень, пра большую ролю прапаганды па савецкіх лекалах.

Усё гэта ўжо было — і працоўнае навучанне, і хаджэнне строем на калгасныя палеткі. Ён бачыць у гэтым сэнс выхаваўчай працы і лічыць, што такім чынам ставіць усё пад кантроль.

— Суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі сувенірную прадукцыю, што перасылалася па пошце за мяжу. У тым ліку і выявы катоў з подпісам «Кусь за Беларусь!», і каляндар «Не маўчы па-беларуску».

Ці можна сказаць, што само паняцце «экстрэмізм» як мера стрымання канчаткова дэвальвавалася, што мы маем справу з кампанейшчынай?

— Зразумела, каб гэта моцна ўздзейнічала, каб усе баяліся, гэта павінна быць нейкая выключная мера. Павінна быць абмежаваная колькасць тых рэсурсаў, якія прызнаныя экстрэмісцкім зместам. Каб людзі маглі адсочваць і разумець, што вось гэта можна, а гэтае вось нельга.

А калі экстрэмісцкім называецца ўсё запар, што на вочы патрапіла, то людзі проста перастаюць за гэтым сачыць, махаюць рукой і разлічваюць на тое, што іх неяк пранясе. І ўвогуле стараюцца не думаць, што экстрэмісцкае, а што і не. Таму, безумоўна, такая масавасць згладжвае і дэвальвуе само паняцце.

Тыя ж СМІ ўлады спачатку вінавацілі ў размяшчэнні экстрэмісцкіх матэрыялаў, потым пачалі абвяшчаць экстрэмісцкімі фармаваннямі. А з часам некаторыя тэлеграм-каналы, як той жа N*xta, абвясцілі тэрарыстычным фармаваннем.  

Гэта паказчык таго, што ёсць устаноўка падвышаць градус. І калі гэта выходзіць на масавы ўзровень, то ўсе да гэтага прызвычайваюцца, пачынаюць успрымаць як руціну, таму ізноў даводзіцца прыдумляць нешта новае.

Адносна гэтых паштовак ды іншай абсалютна бяскрыўднай сувенірнай прадукцыі, якую прызналі экстрэмісцкай, тут гаворка пра даведзеныя планы карным органам, якім увесь час трэба штосьці выяўляць, дадаваць у спісы, не расслабляцца.

Ім ніхто не дае каманду «адбой». І паколькі яны ўжо ўсё, што паводле іхняй логікі хоць колькі цягнула на экстрэмізм, перабралі і аб’явілі, яны ўключаюць у спісы ўсё, што трапіць на вочы. Абы прадэманстраваць сваю дзейнасць, што яны не расслабляюцца і не губляюць пільнасць.

Так і тут — напэўна, нейкую пасылку на пошце ўзялі, адкрылі і ўсё, што ў ёй было, запісалі ў гэтыя спісы, асабліва не задумваючыся.

Іначай мне цяжка гэта неяк патлумачыць, настолькі бяскрыўднымі там былі рэчы, настолькі там не было ніякай палітыкі. Нельга гэта патлумачыць іначай, як тым, што гэта ўсё робіцца дзеля валу.   

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)