У адносінах да Лукашэнкі рацыянальныя крытэрыі не працуюць: ім часта кіруе банальная, але неўтаймаваная і бязьмежная прага помсты..
Навумчык: «Калі б Лукашэнка выпусьціў толькі чатырох чалавек — Бабарыку, Ціханоўскага, Калесьнікаву, Бяляцкага, стаўленьне да яго на Захадзе зьмянілася б»
Публіцыст — пра заявы Лукашэнкі наконт палітвязьняў і кантактаў афіцыйнага Менску з Захадам.
— Кажучы на тэму вызваленьня палітвязьняў (і на любую іншую тэму) у сувязі з Лукашэнкам, мы павінны заўсёды рабіць папраўку на фактар непрадказальнасьці, зьвязаны з, скажам гэтак, індывідуальна-псіхічнымі асаблівасьцямі ягонай асобы, — піша Сяргей Навумчык.
Калі мы кажам пра Кім Чын Ына, пра нейкіх афрыканскіх дыктатараў, урэшце, пра ХАМАС — мы разважаем у катэгорыях палітычнай ці эканамічнай мэтазгоднасьці, хай бы нават і цынічнай, але рацыянальнай.
Я абсалютна ўпэўнены, што калі б ён выпусьціў толькі чатырох чалавек — Бабарыку, Ціханоўскага, Калесьнікаву, Бяляцкага (менавіта яны найчасьцей фігуруюць у заходніх СМІ), — стаўленьне да яго на Захадзе зьмянілася б.
Яго б, канешне, не прызналі як прэзыдэнта — але стаўленьне было б іншым. Кажу гэта, ведаючы, што зь сябе ўяўляюць заходнія палітыкі. Ну ці калі зрабіў бы жэст гуманітарнага характару — вызваліў бы хворага на анкалёгію Кастусёва, ці інваліда 2-й групы Гундара, у якога ампутаваная нага, ці Фядуту, здароўе якога таксама далёкае ад добрага.
Гэта дало Лукашэнку пэўныя прэфэрэнцыі. Але ж не: прага помсты вышэйшая нават за рацыянальны разьлік, палітычныя і эканамічныя выгоды.
Датычна словаў Лукашэнкі пра кантакты з Захадам — я быў бы вельмі зьдзіўлены, калі б такіх кантактаў не было.
Кантакты паміж лідэрамі дэмакратычных краінаў і дыктатарамі былі заўсёды, нават у канцы 40-х гадоў, калі адносіны СССР і ЗША былі на ніжняй кропцы, і ў 1962, калі сьвет стаяў на мяжы ядзернай катастрофы, а на памяці майго пакаленьня, у самы змрочны «андропаўскі» 1983 год — таксама былі кантакты паміж Масквой і Вашынгтонам.
Гэтак і цяпер ёсьць кантакты паміж Менскам і Вашынгтонам,Брусэлем і Масквой. Хай не на высокім дыпляматычным узроўні, але ёсьць.
Цяжка сказаць, пра якія ўмовы для вызваленьня палітвязьняў казаў Лукашэнка. Ізноў жа, існуе яшчэ адзін фактар — фактар залежнасьці Лукашэнкі ад Масквы.
Лукашэнка залежны ад Расеі болей, чым той жа ХАМАС залежны ад Ірану. Але можна меркаваць, што ў пытаньні палітвязьняў Крэмль дае Лукашэнку большую аўтаномію, чым, напрыклад, у сфэры вайсковай.
Канешне, асноўнае патрабаваньне Лукашэнкі да Захаду — скасаваньне санкцыяў, найперш эканамічных. На першы погляд, гэта было б выгодна і Маскве, бо зьменшыць неабходнасьць фінансаваць пэўныя галіны беларускай эканомікі (пры тым што, падкрэсьліваю,
Расея не ўтрымлівае Беларусь і не ўтрымлівала ніколі: выкарыстаньне Беларусі як ваеннага пляцдарму на заходнім накірунку цягам дзесяцігодзьдзяў — дае Маскве непараўнальна больш нават у фінансавым вымярэньні, чым нафтавыя, газавыя ці нейкія іншыя прэфэрэнцыі Менску).
Але, пазбыўшыся ад санкцый, Лукашэнка можа адчуць сябе больш самастойным ад Масквы — а гэта Маскве невыгодна.
Яшчэ год таму я катэгарычна і адназначна сказаў бы, што ні на якія саступкі ці пагадненьні з Лукашэнкам Захад ня пойдзе, бо тады здавалася, што перамога Украіны над Пуціным (галоўным патронам Лукашэнкі) была блізкая. Але для такой перамогі Захад мусіў прадставіць Украіне тую зброю, якую яна ў той час прасіла і якую не атрымала — найперш авіяцыю і ракеты.
Гэтага, аднак не адбылося, і здарылася тое, што павінна было здарыцца: расейскія войскі «акапаліся» і замацаваліся на захопленых тэрыторыях.
Супрацьстаяньне перайшло ў стадыю пазыцыйнай вайны, дзе шмат што вызначае ня тэхніка, а людзкія рэсурсы. А такія рэсурсы пра колькасьці насельніцтва і бязьмежнай цярплівасьці расейскага народа, у Пуціна бясконцыя.
Зноў жа, жадаючы дапамагчы Кіеву выбіць расейцаў з акупаваных тэрыторый, Захад, як выглядае, ня ставіць на мэце паразы Расеі і паразы Пуціна — у тым сэнсе, што ня хоча распаду Расеі.
Гэтак як у канцы 80-х Захад не жадаў распаду СССР, баючыся за лёс ядзернай зброі. На Захадзе пабачылі Прыгожына і вырашылі, што лепш ужо Пуцін ці які ягоны пераемнік кшталту Патрушава.
На вялікі жаль, вайна можа зацягнуцца на гады.
І ў такой сытуацыі, калі вяртацца да тэмы беларускіх палітвязьняў, Захад можа сыходзіць не з варыянтаў палітычных пераменаў у Беларусі (якія могуць адбыцца ня хутка), а з гуманітарных меркаваньняў, а менавіта — зь лёсу палітычных вязьняў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное