Карбалевіч: «Тэма адносін Літвы зь Беларусьсю і стаўленьня да беларусаў на доўгі час застанецца важным пытаньнем літоўскага грамадзка-палітычнага жыцьця»

Галоўнымі тэмамі літоўскіх перадвыбарных дыскусій былі ўнутрыпалітычныя праблемы. Тым ня менш беларуская тэма прыкметна прысутнічала як у палітычным жыцьці Літвы ўвогуле, так і ў выбарчай кампаніі. Можна меркаваць, яе палітычная вага будзе толькі нарастаць, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

У Літве 12 траўня адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндум аб легалізацыі двайнога грамадзянства. Галасаваньне праходзіла ў новых геапалітычных умовах. Рэзкая ваенна-палітычная эскаляцыя ў рэгіёне ставіць праблему бясьпекі, захаваньня сувэрэнітэту краіны на першы плян. Фонам, на якім праходзілі выбары, было абвастрэньне адносін зь Беларусьсю, размахваньне Пуціным і Лукашэнкам ядзернай дубінай, зьяўленьне на літоўскай тэрыторыі натаўскіх (нямецкіх) вайсковых падразьдзяленьняў, агульная пагроза вялікай вайны.

Літоўская стабільнасьць выявілася ў тым, што на другіх запар прэзыдэнцкіх выбарах (2019, 2024) у наступны тур выходзяць тыя ж палітыкі: Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце. Розьніца ў тым, што пяць гадоў таму абое прэтэндэнтаў не займалі адказных дзяржаўных пасадаў і ў першым туры набралі амаль аднолькавую колькасьць галасоў — 31%.

Цяпер гэтыя палітыкі займаюць самыя адказныя пасады ў дзяржаве — прэзыдэнта і прэм’ер-міністра, і разрыў у галасах паміж імі вялізны (Наўседа — 44%, Шыманіце — 20%). Цяжар пасады кіраўніка ўраду, адказнага за эканоміку, у якой шмат праблем пад уплывам геапалітычных забурэньняў, пацягнуў рэйтынг прэм’еркі ўніз. З улікам атрыманых у першым туры галасоў амаль няма сумневу, хто пераможа.

Галоўнымі тэмамі перадвыбарных дыскусій былі ўнутрыпалітычныя пытаньні. Тым ня менш беларуская тэма прыкметна прысутнічала як у палітычным жыцьці Літвы ўвогуле, так і ў выбарчай кампаніі. Можна меркаваць, яе палітычная вага будзе толькі нарастаць. Варта вылучыць тры аспэкты беларускага пытаньня ў Літве.

Па-першае, праблема бясьпекі, пагрозы, якія, як лічаць у Літве, зыходзяць ад Беларусі. Афіцыйны Менск — пасьлядоўны саюзьнік Расеі ў вайне супраць Украіны. З боку расейскіх і беларускіх уладаў гучаць пагрозы ў адрас краін Балтыі. Афіцыйныя асобы пагражаюць прарывам «Сувальскага калідора». Аляксандар Лукашэнка шмат разоў абражаў літоўскіх палітыкаў брыдкімі словамі («мярзотнікі», «вар’яты» і інш.).

Дадатковую пагрозу нясе зьяўленьне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі. Шмат шуму нарабіла перабазаваньне на беларускую зямлю вагнэраўцаў. Не спыняюцца атакі з дапамогай мігрантаў з краін глябальнага Поўдня. Адказам Літвы стала закрыцьцё шэрагу памежных пераходаў зь Беларусьсю.

Другі момант. Да пачатку апошніх геапалітычных забурэньняў роля Беларусі ў эканамічным жыцьці Літвы была даволі значная. Літоўскія інвэстыцыі ў беларускую эканоміку былі самымі вялікімі з эўрапейскіх краін. Клайпедзкі порт быў важным пунктам транзыту беларускага экспарту. «Беларуськалій» набыў там адмысловы тэрмінал. І ўсе гэтыя сувязі сталі ахвярай геапалітычнай канфрантацыі ў рэгіёне. Палітыка перамагла эканоміку.

Трэці чыньнік. Літва раптам адчула пагрозу сваёй ідэнтычнасьці. Пасьля распаду СССР літоўская эліта такой пагрозы не адчувала. Адрозна ад іншых краін Балтыі, у Літве пасьля краху Савецкага Саюзу літоўскае грамадзянства атрымалі ўсе жыхары, якія на той момант мелі там прапіску, незалежна ад этнічнай прыналежнасьці. Здавалася б, тэма закрытая.

Вайна Расеі супраць Украіны пад лёзунгам непрызнаньня вынікаў распаду СССР зноў выцягнула на парадак дня пытаньне сувэрэнітэту, дзяржаўнасьці, ідэнтычнасьці для ўсіх краін былога Савецкага Саюзу, хоць і ў рознай ступені вастрыні.

Вось, напрыклад, высьветлілася, што ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў Эдуардас Вайткус, найбольш прарасейскі з кандыдатаў, перамог у памежным зь Беларусьсю Шальчынінкайскім (Салечніцкім) раёне і ў расейскамоўным Вісагінасе, дзе ў значнай колькасьці прысутнічае беларускі этнічны элемэнт.

Літоўскія ўлады заклікаюць сваіх грамадзянаў ня езьдзіць у Беларусь, карыстаючыся бязьвізам, бо іх там могуць вэрбаваць беларускія спэцслужбы. Аналіз, праведзены дзяржаўнымі органамі, паказвае, што вялікая доля людзей, якія наведваюць Беларусь, маюць нелітоўскія прозьвішчы. Хутчэй за ўсё, гэта этнічныя беларусы.

Цяпер у Літве пражывае больш за 60 тысяч беларусаў. І іх колькасьць расьце. Плюс украінскія ўцекачы, а таксама эмігранты з Расеі сталі ствараць у Літве расейскамоўнае асяродзьдзе (асабліва ў Вільні).

Усё гэта выклікае насьцярожанасьць літоўскага грамадзтва і ўладаў. Менавіта ў такой напружанай абстаноўцы ўзьнікла тэма літвінізму. Дыскусіі гісторыкаў, чыста гістарычнае пытаньне, перацягнутае ў палітычную плашчыню, ператварылася ў палітычную праблему.

Прэзыдэнт Гітанас Наўседа адчувае гэтыя выклікі, настроі грамадзтва і займае адносна жорсткую пазыцыю ў пытаньні супрацьдзеяньня ўплыву Расеі, легалізацыі нацыянальных меншасьцяў. Што і забясьпечыла яму посьпех у першым туры. Пазыцыя Інгрыды Шыманіце больш памяркоўная. Як чалавек, які адказвае за эканоміку, яна імкнецца інтэграваць рэлякантаў зь Беларусі (найперш бізнэсоўцаў, IT-адмыслоўцаў) у літоўскае эканамічнае жыцьцё.

Варта адзначыць, што ў літоўскай эліце існуе кансэнсус у пытаньні падтрымкі беларускай дэмакратыі. Невыпадкова Сьвятлана Ціханоўская, ейны Офіс атрымліваюць дзяржаўную дапамогу з боку літоўскай дзяржавы.

Можна не сумнявацца, што тэма адносін Літвы зь Беларусьсю і стаўленьня да беларусаў на доўгі час застанецца важным пытаньнем літоўскага грамадзка-палітычнага жыцьця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(7)