Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада наведаў Астравец, каб канчаткова адкрыць БелАЭС, і не абышоўся без традыцыйнага выступлення перад мясцовымі жыхарамі. І распавёў ім (а пасярод рабочага дня паслухаць правіцеля на пляцоўку да мясцовай бальніцы сабраліся «працоўныя калектывы горада і раёна») пра тое, што стасункі з суседнімі Літвой і Польшчай без сумневаў будуць адноўленыя ў будучыні.
— Літва — мы адновім стасункі, і Польшча — яны нікуды не дзенуцца. Асноўны прынцып — суседзі не могуць жыць дрэнна. Я заўжды кажу: суседзі ад Бога, іх не выбіраюць. Бываюць разыходжанні, сваркі і гэтак далей — гэта ўсё мінецца. Прыйдуць часы, калі мы будзем жыць з імі так, як гэта было заўжды, і ў савецкія часы... — заявіў правіцель.
Удакладняць у Лукашэнкі-гісторыка, чаму ягонае «заўжды» пачынаецца і заканчваецца толькі савецкім часам, вядома ж, ніхто не стаў.
Між тым адметна, што падобная змена рыторыкі назіраецца ўжо некалькі тыдняў: то Лукашэнка палякаў пахваліў за тое, што прагаласавалі на выбарах за апазіцыю, то падкрэсліў у віншаванні народа Аўстрыі, маўляў, «мы з патроенай сілай адновім узаемадзеянне», то ў гутарцы з міністрам замежных спраў Венгрыі назваў сябе «заўзятым прыхільнікам захавання ЕС, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі».
Чым выкліканая чарговая спроба згуляць у «працягнутую Захаду руку сяброўства», Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам радыё «Свабода» Валерам Карбалевічам.
— Шчыра кажучы, асабліва працягнутай рукі я не бачу, — зазначае эксперт. — Таму што Лукашэнка працягвае дзве рукі: адну — для нармалізацыі адносін, а ў другой руцэ ў яго камень, які ён, так бы мовіць, перыядычна запускае ў той бок.
І калі апанент бачыць два супрацьлеглыя, узаемавыключныя сігналы адначасова, то незразумела: якому верыць? Бо гучаць нібыта і прапановы аб нармалізацыі, і паралельна — усялякія абвінавачванні: то ў падрыхтоўцы захопу Заходняй Беларусі, то ў закідванні праз мяжу мёртвых мігрантаў, і шмат чаго іншага.
А таму ўсе гэтыя прапановы не працуюць. Асабліва, калі за словамі не ідуць дзеянні.
Аналітык нагадвае: калі б Лукашэнка сапраўды жадаў нармалізацыі стасункаў, у яго было мноства магчымасцяў падмацаваць такое памкненне — спыніць атаку мігрантамі межаў суседніх краін, прапанаваць іншыя крокі па дээскалацыі ў памежных рэгіёнах, у рэшце рэшт, вызваліць Анджэя Пачобута, пра што неаднаразова казаў польскі бок.
— І гэта быў бы рэальны сігнал. А калі дзеянняў няма, адны толькі словы — зноў жа, гэта не працуе, — канстатуе Валер Карбалевіч.
Са словаў Лукашэнкі, заўважае эксперт, можна зразумець, што ён сам і не збіраецца нічога змяняць у сваіх паводзінах — але разлічвае на перамены ў палітыцы ў суседзяў, прынамсі, у выпадку выбараў і прыходу да ўлады новых палітыкаў (гэты намёк завуалявана прагучаў і ў пытанні, якое агучылі жыхары памежнага Астравецкага раёна — Ф.).
— Але такія спадзевы не вельмі рацыянальныя, бо па пытаннях адносінаў з Беларуссю фактычна існуе кансэнсус у кіроўных элітах і Польшчы, і Літвы, і Латвіі, — гаворыць палітолаг. — Таму ўсе гэтыя заявы пакуль што не даюць нейкага плёну.
— Ёсць меркаванне, што шмат у чым да «кроку насустрач» Лукашэнку падштурхоўвае Кітай — ці згодныя Вы з гэтым?
— Тое, што Лукашэнка пачаў гаварыць пра гэта, я думаю, звязана як з фактарам выбараў (у Польшчы яны прайшлі нядаўна, і Лукашэнка разлічваў і разлічвае, што новы ўрад будзе ставіцца да яго па-іншаму, таму робіць пэўныя славесныя рэверансы), так і, магчыма, з атрыманнем нейкіх непрыемных сігналаў з Усходу, найперш ад Кітая.
Бо тое, што ён не паехаў на форум «Адзін пояс, адзін шлях» — гэта вельмі важны паказнік, які дэманструе незадаволенне Пекіна, так скажам, «ступарам» на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай, які цяпер з’явіўся. Таму і інвестыцыі кітайскія пастаўленыя на паўзу. І не выключана, што гэта таксама падштурхоўвае Лукашэнку да такіх вербальных сігналаў.