Скандалы

Жонка Бычкоўскага: «Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні»

НН пiша падрабязнасці справы двух работнікаў «Белтэлекама», якія атрымалі па 11 гадоў.

8 лютага 25-гадовы Арцём Пархамовіч і 36-гадовы Аляксей Бычкоўскі былі асуджаныя на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму суддзёй Святланай Бандарэнка. Мужчын вінавацілі ў перадачы звестак аж дзвюх соцень работнікаў праваахоўных органаў у нейкі тэлеграм-канал.

Бычкоўскага і Пархамовіча судзілі аж па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх і распальванне варожасці, і пагроза гвалтам сілавікам, і неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй. Суд быў закрытым, але «Наша Н*ва» сабрала ўсё, што вядома пра гэтую гісторыю.

Бычкоўскі і Пархамовіч

Затрымалі абодвух мужчын яшчэ ўвосень 2020 года. 22 кастрычніка прыйшлі з ператрусам да Арцёма Пархамовіча, які працаваў у «Белтэлекаме» спецыялістам па продажах. 3 лістапада 2020 года затрымалі Аляксея Бычкоўскага — проста на працы.

— Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні, — расказвае НН Таццяна, жонка Аляксея Бычкоўскага. — Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасля затрымання, муж быў у жудасным стане, па іх словах.

Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…

Дзе яго білі, я не ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста ля будынка «Белтэлекама» на Матусевіча. Пасля толькі яго даставілі ў Следчы камітэт. А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: «Я думаў, што проста не даеду.

Ну і пасля ж было пакаяльнае відэа, дзе бачна, як ён выглядае.

А вось так мужчыны выглядалі пасля затрымання

Мне пазваніў адвакат, каб я прынесла мужу рэчы ў Следчы камітэт. Я прыехала на машыне з дзецьмі. Адзін з сілавікоў сеў да мяне ў машыну — і мы паехалі ў нашую кватэру на ператрус. Там забралі амаль усю тэхніку, тэхнічныя прылады мужа, напрыклад, прыборы з працы, флэшкі.

Пасля затрымання Аляксея змясцілі на Акрэсціна, затым — Валадарка. На Валадарцы было больш-менш нармальна, але ўсё ж іншае стаўленне да палітычных. Былыя сукамернікі мужа расказвалі, што ў душ ці на допыты «звычайных» зняволеных водзяць без кайданкоў, а «палітычных» абавязкова ў кайданках, а першы час яшчэ і з сабакам».

Жонка Бычкоўскага кажа, што пра нейкую перадачу інфармацыі ў тэлеграм-каналы яе мужам яна не ведала.

— Спачатку я нават не мела ніякай інфармацыі, за што мужа затрымалі. І калі ўжо даведалася — не верыла, не разумела, як гэта магло быць, — расказвае яна. — Наколькі я ведаю цяпер, сам факт усё ж быў. Але і на Аляксея, і на Арцёма павесілі прыкладна па 100 чалавек, нібыта кожны зліў іх дадзеныя.

Але, па маёй інфармацыі, колькасць на самай справе ў разы меншая. Муж і Арцём Пархамовіч хоць і працавалі ў адным будынку, але ў розных падраздзяленнях, нават не былі знаёмыя.

А праходзяць па адной справе толькі таму, што скідвалі інфармацыю ў адзін тэлеграм-канал. Там жа ў гэтай справе фігуруе Сафія Сапега, праўда, не ведаю, у якім статусе.

Тое, што ў справе згадваецца пра нейкую аплату ў крыптавалюце — гэта пра Пархамовіча, не пра майго мужа.

Бычкоўскі і Пархамовіч год правялі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Спатканняў з роднымі ім не давалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(14)