Без категории
Уладзімір Багданаў, Марына Загорская

Забыты на лініі фронта

Надмагільная выява воіна са схіленай у жалобе галавой не з'яўляецца творчым здабыткам савецкіх скульптараў. «Салідарнасць» знайшла невядомы мемарыял, які парушыў міфы пра выбітнасць мастацкіх ідэяў сацрэалізму і «нялюдскасць» помнікаў першай сусветнай вайны.

Шукаць невядомага салдата на лініі фронта праз дзевяноста гадоў пасля ваенных дзеянняў не лягчэй, чымсьці іголку ў стозе сена. Нават калі хтосьці “штосьці пра гэта чуў”. Па інфармацыі Андрэя Каркоткі, які часта працуе з пошукавым спецбатальёнам, на “нейтральнай” тэрыторыі вясковых могілак паміж Вялікай Каўпеніцай і Малой хавалі германскіх салдат першай сусветнай вайны. Але правераных звестак пра гэты франтавы “аб’ект” няма. Нічога не чулі пра яго і ў Народным саюзе Германіі па догляду за ваеннымі пахаваннямі. Ды й самі могілкі звонку выглядаюць зусім па-сучаснаму: стандартны плот з бетону, прамавугольныя помнікі, агароджы. Падарожныя людзі раяць рухацца да цэнтра — “там у вайну хавалі”.

Рухацца цяжка. Надта ўжо шчыльна прыціскаюцца адна да адной агароджы сучасных пахаванняў. Ледзь бачныя сцяжынкі паміж імі абрываюцца тупікамі. Але раптам мы натрапілі на плоскі і квадратны надмагільны помнік са стылізаваным крыжом. Апошні прытулак пад ім, мяркуючы па надпісу, знайшоў у 1915 годзе нейкі Франц.

Малая Каўпеніца знаходзіцца пад бокам ў Баранавічаў, дзе з першых дзён вайны мясцілася стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі. А з верасня 1915-га, пасля шэрагу няўдач праціўніка, — германская стаўка.

Адступленне расійскіх войскаў было сапраўднай трагедыяй для мясцовага насельніцтва — па рашэнні камандавання грунтоўна руйнаваліся не толькі стратэгічныя аб'екты, але і ўся нерухомая маёмасць. “Салдаты спальвалі дашчэнту цэлыя вёскі, палі спелай збажыны, хлебныя сцірты. Жыхароў з прыфрантавой паласы прымусова высялялі. Расійскія войскі адпрацоўвалі на тэрыторыі Беларусі тактыку выпаленай зямлі”, — падсумоўваюць страты мірнага насельніцтва аўтары кнігі «Баранавічы», выдадзенай у 1950-х гадах у Ізраілі. Невядомы Франц загінуў у тыя дні, калі германскія войскі толькі захапілі Баранавічы. Метрах у дзесяці ад ягонай магілы выбіваецца сярод сучасных пахаванняў падмурак старога помніка. На ім па-нямецку пазначаныя назва часткі і некалькі прозвішчаў. А калі, стоячы на гэтым месцы, скіраваць позірк углыб могілак — там сярод зарасніку непарушна, нібы трымаючы абарону, застыў велічэзны, вышэйшы за тры метры, бетонны чалавек у вайсковай форме і ботах, але без галавы. Кісць адной рукі ён таксама згубіў у баі з часам ці з нядобрымі людзьмі, а другой прыціскае да цела нямецкую каску. Ягоныя грудзі моцна пабітыя кулямі. Відаць, цэлілі па ім знарок і нашмат пазней за той час, як скончылася вайна. Вакол разгорнутая паўкругам бетонная сцяна, на якой праглядаюцца выявы твараў. Таксама пабітых. Гэта не проста помнік. Гэта сапраўдны мемарыял, пра які не ўзгадвае ні адна крыніца!

— Я памятаю: гэтыя франтавыя могілкі існавалі яшчэ ў 1950-х, — гаворыць былы дырэктар Баранавіцкага карязнаўчага музея Станіслаў Шчарбакоў. Але яму таксама не давялося зазірнуць у вочы каменнаму салдату:

— Воін і тады ўжо стаяў без галавы. Толькі па руху металічнай арматуры можна было здагадацца, што ў арыгінале яна была схіленая ў жалобе. Вакол мясціліся некалькі дзесяткаў надмагільных пліт.

Засталіся адзінкі. Як савецкія гісторыкі «прыкрылі» пажарам Вялікай Кастрычніцай рэвалюцыі падзеі ганебнай для Расіі вайны, так магілы сучасных калгаснікаў «перамалолі» лапік за лапікам зямлю, дзе знайшлі апошні прытулак нямецкія салдаты.

Станіслаў Аляксандравіч мяркуе, што на могілках у Малой Каўпеніцы хавалі памерлых пацыентаў Баранавіцкага шпіталя і ахвяр буйной Скробава-Гарадзішчанскай аперацыі, што адбылася ў чэрвені-ліпені 1916 года. Сэнс яе зводзіўся да таго, каб чацьвёртая расійская армія, наносячы ўдары на левым фланзе Заходняга фронта, пасадзейнічала поспеху войскаў на Паўночна-Заходнім фронце падчас вядомага Брусілаўскага прарыву.

«Расійская армія мела колькасную перавагу (амаль 320 тысяч чалавек), а германская — добра ўмацаваныя пазіцыі, якія складаліся з 2-3 абарончых палос і штучных перашкод. Расійскія войскі адолелі толькі першую паласу ўмацаванняў праціўніка, захапілі больш за 2000 палонных і некалькі гармат”, — распавядаецца ў кнізе “Памяць” Баранавіцкага раёна.

У выніку аперацыі загінулі і былі параненыя 80 тысяч рускіх салдат і 13 тысяч германскіх.

— Узвесці мемарыял на лініі фронта, калі войскі пастаянна рухаліся, было нерэальна, — лічыць намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Народнага саюза Германіі па догляду за ваеннымі пахаваннямі Людміла Качановіч. — Гэта ўжо пасля, у 1918-м дзейнічалі нават асобныя вайсковыя падраздзяленні, у складзе якіх працавалі скульптары і земелеўпарадчыкі, якія займаліся знешнім выглядам могілак.

Вядомыя на беларускай зямлі нямецкія пахаванні часоў першай сусветнай вайны пазначаныя вельмі сціплымі помнікамі ў выглядзе мальтыйскіх крыжоў, германскіх ільвоў і арлоў, вайсковых касак, вянкоў, нават ладдзі Харона — толькі не выявамі людзей. Немцы нібыта знарок пазбягалі “ачалавечання” помнікаў.

Бетонны воін з Малой Каўпеніцы — выключны выпадак яшчэ і таму, што немцы звычайна выкарыстоўвалі іншыя матэрыялы — граніт альбо цэглу.

— Пасля заканчэння першай сусветнай вайны пад эгідай Народнага саюза добраўпарадкаваннем вайсковых могілак на тэрыторыі Заходняй Беларусі займаліся палякі, — дзеліцца сваёй версіяй узнікнення мемарыяла Людміла Качановіч. — Яны не падзялялі пахаванні на свае і чужыя. Польскі стандарт — сціплая квадратная надмагільная пліта таўшчынёй дзесяць сантыметраў і надпісы. Нярэдка па-польску: “жаўнер войска расійскага, нямецкага, аўстрыйскага”. І нават “жаўнер войска бальшавікоў”.

Таксама ў Баранавіцкім раёне, у вёсцы Старыя Войкавічы ўзвышаецца на пастаменце арол з трыма нахіленымі ў розныя бакі крыжамі. Па матэрыяле і мастацкім стылі яны сваякі з невядомым салдатам, што адзіны застаўся на лініі фронта. “Тры крыжы” — справа рук палякаў. Пацверджаннем іх уплыву на нямецкі мемарыял у Малой Каўпеніцы з’яўляецца барэльеф з выявай Іісуса ў цярновым вянку сярод “вільгельмавых” крыжоў у нішы з тыльнага боку помніка.

…На асобным пагорку каля могілак месціцца мемарыял савецкім воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты помнік быў узведзены ў 1950-е гады. Колькі гадоў таму яго аднавілі. «А раптам і немцы пажадалі б падрамантаваць свайго невядомага салдата?» — выказаў спадзяванне падчас нашай тэлефоннай размовы старшыня мясцовага сельсавета, бо ў Баранавіцкім ваенкамаце на чужых бетонных ветэранаў грошай не выдзяляюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)