Віка Мароз: “Я хачу застацца ў маіх мамы і таты”

Так кажа дзяўчынка на відэакасэце, якую перадалі ў пракуратуру Генуі адвакаты сям’і Джуста—Барначын. Гэты відэаматэрыял -- адказ на заяву беларускага амбасадара ў Рыме Аляксея Скрыпко, які на апошняй прэсавай канфэрэнцыі выказаў занепакоенасьць здароўем дзяўчынкі. На відэакасэце Віка Мароз кажа: “Мне тут добра. Я не хачу вяртацца ў інтэрнат. Я хачу застацца ў маіх мамы і таты”.

Дзяўчынка зьнятая ў тым жа пакоі, на тле той жа мэблі, у той жа схованцы, дзе яе трымалі апошнія дваццаць дзён. Паводле адвакатаў сям’і, гэты відэазапіс можа сьведчыць пра стан здароўя дзяўчынкі.

Што да саміх Алесандра Джуста і Марыі Барначын, якія працягваюць утойваць выхаванку Вялейскага інтэрнату, то яны, паводле італьянскіх СМІ, гатовыя адказваць за свой учынак. Аднак жа італьянцы заклікаюць афіцыйныя інстанцыі не забывацца пра інтарэсы самога дзіцяці. Сям’я не выключае і наступнага кампрамісу: часова перадаць дзяўчо ў адну з сацыяльных установаў Італіі. Гарантам гэтай перадачы, галоўным пасярэднікам паміж сям’ёй і ўрадамі Беларусі ды Італіі магла б стаць царква, а менавіта арцыбіскуп Генуі Анжэла Баняска.

Як паведаміў у размове са “Свабодай” каталіцкі сьвятар айцец Клаўдзі, дырэктар Беларускай службы Радыё Ватыкан, пакуль афіцыйныя бакі Італіі й Беларусі ня выказалі пажаданьня, каб царква пасярэднічала ў гэтым пытаньні.

(а. Клаўдзі: ) “Не было сустрэчы паміж арцыбіскупам Генуі й беларускім амбасадарам. Гэта ўсё выглядае вельмі складана. Што да арцыбіскупа Генуі Анжэла Баняска, то ён кажа: “Наша місія ў тым, каб маліцца і ўзьдзейнічаць на пачуцьці людзей дзеля абароны жыцьця дзяцей”.

Тым часам жарсьці вакол Вікі Мароз у італьянскім грамадзтве толькі распальваюцца. Апошняй кропляй стала вяртаньне чартэрнага самалёта зь Менску ў курортнае мястэчка Брэшу, што непадалёк ад Кагалета. Учора замест таго, каб даставіць на адпачынак 150 беларускіх дзяцей, машына прыляцела пустая.

У гэтым зьвязку ля дому сям’і Джуста—Барначын у Кагалета сабралася каля пяцідзесяці сяброў “Асацыяцыі італьянскіх бацькоў чарнобыльскіх дзяцей”. На плякатах, якія трымалі гэтыя людзі, было напісана “Неадкладна вярніце Марыю”.

Падобныя акцыі асацыяцыя будзе ладзіць і ў іншых курортных мястэчках Адрыятыкі. Італьянскія сем’я лічаць, што ўтойваньне дзяўчынкі нанясе ўдар па тых 30 тысячах італьянскіх сем’ях, якія прымаючы ў сябе беларускіх дзяцей, ні разу не парушылі законаў Беларусі ды Італіі.

Прадстаўніца асацыяцыі гаворыць:

(Спадарыня: ) “Гэта вялікая праблема, гэта здрадніцтва, гэта ўдар па ўсіх нас. Марыя павінна вярнуцца назад у Беларусь. Усе нашы сем’і за ўрэгуляваньне праблемы ў рамках закону. У адной толькі Мантуі, суседнім з Кагалета мястэчку, 400 сем’яў, якія дапамагаюць выхаванцам беларускіх інтэрнатаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)