Салдат распавёў пра абставіны здарэння, калі прапаршчык кінуў у яго рыдлёўкай. Сказаў: «Адыдзі, дэбіл»

Здарэнне было на палігоне ў Лосвідзе, калі прапаршчык 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады кінуў у салдата рыдлёўку.

У выніку ў салдата дыягнаставалі разрыў селязёнкі, прапаршчыка асудзілі на 5 гадоў, але ён аспрэчвае тэрмін.

Мы знайшлі таго салдата — Ігару 21 год, ён паходзіць з Віцебска. Хлопец расказаў пра абставіны здарэння — як высветлілася, селязёнку яму выдалілі.

Ігар, фота з сацсетак

— Мяне прызвалі 15 лістапада 2016 года, служба агулам праходзіла нармальна, канфліктаў з тым прапаршчыкам у мяне не было. Былі непаразуменні толькі з двума дэмбелямі — яны былі кончаныя, бывала, білі. Астатнія нармальныя былі.

У той дзень мы ўкладвалі нейкія пліты на палігоне. Я нешта не так зрабіў, прапаршчык сказаў мне: «Дэбіл, адыдзі». Ну я і адышоў, спыніў работу. І тут ён кінуў рыдлёўку ў мяне. Я не бачыў гэтага моманту, толькі адчуў — прыляцела ў левы бок, ззаду, — расказаў Ігар. — Адразу пачало балець. Пацягнула на ваніты, стаяць не мог. Мяне адвялі да медсястры там, на палігоне. Але яна нічога не магла сказаць, бо ніякай жа апаратуры на месцы не было.

Адвезлі ў часць. Тыя, хто быў там, сказалі, што сімптомы падазроныя, і павязлі мяне ў бальніцу ў горад. Там дыягнаставалі разрыў селязёнкі і адразу адправілі мяне на аперацыю. Орган выдалілі.

Ігар кажа, што не расказваў да аперацыі пра абставіны атрымання траўмы, бо баяўся:

— Пасля аперацыі паведамілі бацькам, яны прыехалі. Канечне, шок быў — да такога не падрыхтуешся. Бацька адразу пайшоў у пракуратуру, завялі справу, часць пачалі правяраць, мяне камісавалі. Але ніхто не прыходзіў, не прасіў мяне змяніць паказанні.

Потым была вочная стаўка з тым прапарчыкам, суд. Але ён настойвае, што гэта атрымалася выпадкова: маўляў, проста адкінуў рыдлёўку падчас работы, не бачыў мяне.

У момант, калі я адыходзіў, ён стаяў з іншым прапаршчыкам, размаўляў і глядзеў мне ў спіну. Ён не працаваў, нічога не рабіў. Ну і некалькі сведкаў ёсць. Але дзіўная сітуацыя — яны на судзе кажуць, што канкрэтна нічога не бачылі, хаця, канечне, бачылі. Але гэтыя хлопцы яшчэ не адслужылі, у іх 15 мая дэмбель.

Цяпер ён не працуе, чакае, пакуль скончацца суды. Кажа, што пакуль не адчувае страты селязёнкі, інваліднасць яму не давалі.

Прапаршчыка апісвае як «высокага, пад 190, худога, узростам пад 35 год» — яго абвінавачваюць па ч.3 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса — перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы. Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 5 да 12 год.

Раённы суд Віцебска прысудзіў яго да 5 год пазбаўлення волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)