Навумчык: «У дыктатарскім рэжыме замацаваныя ў канстытуцыі нормы ня маюць ніякага значэньня»

Пісьменнік — пра новы праект Канстытуцыі.

— Якія б прыкметы «транзіту ўлады» у праекце так званай «канстытуцыі» не знаходзілі аналітыкі, Лукашэнка ня будзе перадаваць уладу ніякім «пераемнікам», роўна як і ня будзе дзяліцца паўнамоцтвамі зь ніякім «Саветам бясьпекі», — піша Сяргей Навумчык. — Мне сьмешна чытаць, што вось, маўляў, па новым праекце прэзыдэнт будзе меней уплываць на судовую сыстэму (між іншым, кіраўнік выканаўчай улады ўвогуле не павінен на яе ўплываць, нават у мізэрнай ступені — калі захоўваюцца нормы падзелу заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў).

Бо ў дзяржаве, дзе падзел уладаў ужо амаль тры дзесяцігодзьдзі адсутнічае, абсалютна ня важна, што будзе запісана ў канстытуцыі. У Канстытуцыі СССР не было пасады «генэральны сакратар». Але ўсе ведалі, што Сталін ці Брэжнеў могуць зьняць старшыню Вярхоўнага суду ці генпракурора, а любы судзьдзя вынесе прысуд, спушчаны яму з райкома ці абкома.

У дыктатарскім рэжыме замацаваныя ў канстытуцыі нормы ня маюць ніякага значэньня (як ня маюць значэньня і «гарантаваныя» «правы грамадзянаў»). Сёньня суды штодня парушаюць Канстытуцыю, той яе разьдзел, які гарантуе грамадзянам права на мітынгі, пікеты і шэсьці.

Ёсьць, аднак, адна заканамернасьць. У сытуацыі, калі ў дзеяньне ўступаюць народныя масы, нормы канстытуцыі таксама ня дзейнічаюць. Ужо наколькі складанай была працэдура выхаду савецкай рэспублікі з СССР, заканадаўча замацаваная пры Гарбачове (патрэбныя былі згода ўсіх іншых рэспублік, рэфэрэндумы, зацьверджаньне з’ездам народных дэпутатаў СССР) — але ў 1991 годзе, калі народы запатрабавалі свабоды, пра З’езд дэпутатаў (роўна як і пра Канстытуцыю) мала хто прыгадаў.

Тое ж можа быць і з лукашэнкаўскім праектам (якому, не сумняюся, напішуць на рэфэрэндуме 85% ці нават болей). Скончыцца ў народа цярпеньне — і паўнамоцтваў членаў Савета бясьпекі хопіць толькі на тое, каб пасьпець даехаць да аэрапорта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(48)