Общество

Таццяна Ваніслаўская

«На развітанне дачка напісала бацьку: «Тата, я цябе прашу, вярніся дадому жывым»

Жонка беларускага добраахвотніка Вадзіма Шатрова, які загінуў ва Украіне, распавяла «Салiдарнасцi» гісторыю кахання з мужам, а таксама пра тое, як адным днём жыццё іх сям’і спынілася.

Вадзім і Таццяна Шатровы, усе здымкі з асабістага архіву сям’і

— Пазнаёмілі нас, калі я прыехала ў Кіеў на заробкі пасля сканчэння школы. Захацелася самастойнага жыцця, дарослага, — успамінае Таццяна.

Яе сям’я жыла ў сяле ў Кіраваградскай вобласці:

— Паехала шукаць шчасця. І знайшла. Нас пазнаёміла знаёмая, у іх былі свае справы, я на іх сустрэчу была запрошаная выпадкова. З першага дня я ведала, што ён жанаты, што ў яго ёсць дзіця.

Калі мы пазнаёміліся, я сказала: жанаты мужчына для мяне табу. То бок мы можам быць сябрамі, камунікаваць, але нічога большага. Мы доўга з ім сябравалі. З Вадзімам было цікава, ён імкнуўся да кожнага знайсці свой падыход. Умеў крануць сэрца.

Я не адразу зразумела, што гэта мой чалавек. А калі ён паведаміў, што сыходзіць з сям’і, адзінае, пра што спытала: спадзяюся, не я ў гэтым вінаватая, бо не хачу, каб праз мяне распалася сям’я. Ён мне сказаў: ты тут ні пры чым, так склалася ў жыцці.

А калі мы пачалі сустракацца, я адчула, што гэта чалавек, на якога можна пакласціся, які заўсёды мог дапамагчы, з якім можна было паплакаць, пасмяяцца. Я даверылася яму, ён — мне.

Мы абмяркоўвалі розныя пытанні, розныя праблемы. Ён ніколі нічога дрэннага не казаў пра сваю былую сям’ю. Ведаеце, бывае, як разыходзяцца, багата чуеш: такая-сякая. Гэтага ў яго не было. Ён заўсёды казаў, што яна была добрая жонка і маці, але так склалася. Я не лезла ў душу, не распытвала.

Калі я яго пытала, чаму ён мяне абраў, ён казаў: гэта маё. Ён не быў нахабным, усё рабіў паступова, узяў мяне ў палон, я нават не зразумела — як. Зачараваў.

З моманту нашага знаёмства да вяселля прайшло пяць год. У 2011-м мы ажаніліся, а ў 2012-м нарадзіўся першы сын, у 2013-м — дачка.

Майму жаночаму шчасцю не было межаў. Вадзім — добры чалавек, ён заўсёды намагаўся з усімі знайсці агульную мову, што з дзіцём, што з дарослым чалавекам. Ён быў вясёлы, жыццярадасны, часта жартаваў. У любой кампаніі, дзе мы бывалі з нашымі кумамі ці сябрамі, ён заўсёды быў душой. Свята без яго было не свята.

Тацяна ўспамінае: першыя роды былі цяжкія, ёй зрабілі кесарава. Вадзім першым убачыў сына, узяў яго на рукі.

— Малы па ім поўзаў, скуб яго валасы на грудзях… Прывязанасць да таты ў яго была большая за мацярынскую. Тое ж самае адбылося з дачкой.

Паміж імі маленькая розніца. Мне не дазвалялі другі раз нараджаць. Сказалі, маленькі тэрмін прайшоў, але мы пайшлі на рызыку і нарадзілі дачушку.

Пасля вяселля мы жылі ў маім родным сяле. Вадзім працягваў ездзіць на заробкі ў Кіеў. Ён працаваў будаўніком, рамонты рабіў людзям. Пра яго добра адгукаліся, прафесійна ён усё выконваў.

Мы жылі побач з маімі бацькамі, бацькі дапамагалі мне з дзецьмі, Вадзім кожныя выхадныя прыязджаў дадому. У нас была сямейная традыцыя: на выходных (у суботу ці нядзелю, у залежнасці ад таго, як складаліся абставіны, раскладвалі вогнішча і смажылі шашлыкі або сала з хлебам. Дзецям гэта вельмі падабалася. Дагэтуль намагаемся традыцыю берагчы.

Для дзяцей страта таты цяжэйшая, чым для мяне, бо я як дарослая магу свае эмоцыі дзесьці прыхаваць, дзесьці праявіць, а для дзяцей гэта цяжка.

…Калі ў 2014 годзе пачаўся Данбас, Луганск, то яшчэ тады была размова пра тое, што нічым добрым гэта, мабыць, не скончыцца. І яшчэ тады Вадзім сказаў: калі давядзецца, я, вядома, пайду. Ну але зразумела, што ён беларус, і яго могуць не ўзяць.

А калі пачалася паўнамаштабная вайна, мы былі дома з дзецьмі, а Вадзім — у Кіеве. Зранку мне патэлефанавала мама: нашыя родныя з Кіева паведамілі, што пачалі бамбіць. Першай справай я пачала набіраць мужа.

Ён доўга не адказваў — раніца, ён пасля працы адсыпаецца. Я доўга тэлефанавала, пакуль ён не адказаў. Мае першыя словы былі «уцякай адтуль».

Вадзім адказаў: «Малая, ты не выспалася ці што?» Я для яго была «малая». Ён кажа: «Што ты мелеш, кладзіся спаць. Куды уцякаць?»

Пачаў распытваць, што адбылося, чаму я нервуюся. Кажу: вайна пачалася, вас там бамбяць. Муж кажа: ды не, мы нічога не чуем, тут ціха, ты не даспала ці табе нешта прыснілася. І адключыўся.

Праз пяць хвілін Вадзім мне патэлефанаваў і кажа: так, чутно выбухі. Будзем нешта вырашаць, буду збірацца дадому.

У яго быў квіток дадому, але на той цягнік ён не патрапіў, бо тады быў вялікі натоўп, людзі уцякалі. Яны без квіткоў на нейкі цягнік ускочылі, і 26-га лютага ён прыехаў дадому.

Гэтыя дні для нас былі вельмі цяжкія, таму што я не разумела, што рабіць, куды бегчы, што рабіць з дзецьмі. Дзеці сядзелі, плакалі, таму што самалёты і верталёты пачалі ляцець.

Нашу вобласць моцна не чапалі. Мы чулі выбухі, але дзесьці далёка, але сам факт таго, што нешта пачало ляцець, гудзець і бахкаць, дзецям стала страшна, а мне, канешне, таксама было страшна. Я чакала, калі муж прыедзе, каб вырашыць, што рабіць далей.

Ён прыехаў. Мы зрабілі ў падвале ўсё, што трэба: прынеслі коўдры, ваду, усё неабходнае — так, як усім тады казалі. Я пайшла на працу, а Вадзім з дзецьмі засталіся дома. Калі я вярнулася з працы, пачула ад мужа, што ён не будзе сядзець дома, што ён мусіць нешта рабіць. Кажу яму: пачакай, мы мусім усвядоміць, што ўвогуле адбываецца, я не магу з дзецьмі застацца адна, я вельмі баюся.

Ён кажа: не, я не буду сядзець і чакаць, пакуль прыйдуць рашысты, закрануць маіх дзяцей і жонку. Вадзім пайшоў у нашую тэрытарыяльную абарону, хацеў запісацца туды, але, вядома, паколькі ён беларус, з яго крыху падзівіліся і сказалі: ну ты пачакай, як будзе такая патрэба, то мы цябе возьмем.

Вадзім чакаць не стаў, ён паехаў у раённы ваенкамат, там яму адразу адмовілі, бо беларус. Сядзі дома, як будзе патрэба, выклічуць, але пакуль вы не маеце права абараняць краіну.

Па вечарах я пачала заўважаць, што ён часта сядзіць у тэлефоне, нешта піша, штосьці чытае. Я пыталася, што ты там робіш. Нічога — потым распавяду.

Потым ён мяне паставіў перад фактам, што знайшоў сваіх, то бок беларусаў, сказаў, што ёсць такі батальён, ён падаў туды заяўку, яе прынялі. Вядома, у мяне быў шок, таму што сёння ён мне сказаў, а заўтра збіраўся ехаць. Гэта было 12 сакавіка, калі не памыляюся.

Я яго угаворвала адмовіцца. Але ведаючы ягоны характар, стойкасць, ён бы не сядзеў дома. Таму ён сказаў: я іду на вайну, але пакуль дзецям нічога не кажы, скажы, што я паехаў на працу, а праз некалькі дзён скажаш праўду, бо дзеці не адпусцяць, для іх гэта будзе вялікім ударам.

Я плакала, маліла яго не ехаць. Казала, гэтая вайна не на дзень і не на два, давай пачакаем. Калі будзе сапраўды такая патрэба, то я згодная, бо мужчыны — наша абарона. Але я не магла ўсвядоміць, што зараз родны, дарагі мне чалавек пойдзе на вайну. Вайна ёсць вайна, мы разумеем, што не ўсе з яе вяртаюцца

Ён мне сказаў: ці ты прымаеш мой выбар, ці не пагаджаешся з ім, але яго зрабіў. Як я магла прыняць гэта? Але ў мяне не было іншага выбару, бо ён так вырашыў.

Мы дамовіліся, што заўсёды будзем на сувязі, ён будзе мне пісаць і тэлефанаваць кожную раніцу і вечар. І да вайны ў нас так было заведзена, калі ён у Кіеве працаваў. Мы стэлефаноўваліся, і дзеці з ім гутарылі.

Вадзім не распавядаў пра баявыя заданні, куды ідуць, што робяць — пра гэта нельга распаўсюджваць. Да чэрвеня ў іх было два баявых заданні, наколькі мне вядома.

Мы былі з ім амаль двое сутак без сувязі. Я вельмі хвалявалася, але ён мяне загадзя папярэдзіў, што мы едзем на працу, не хвалюйся, калі я не выйду на сувязь. Тыя баявыя прайшлі добра.

Потым муж мне патэлефанаваў, што ім даюць вольны час, і ён прыедзе дадому на тры дні. У чэрвені Вадзім прыехаў — якраз перад апошнім баявым. Ён вельмі хацеў з усімі пабачыцца — з сябрамі, кумамі. Гэтыя тры дні праляцелі хутка.

Гэта была ваша апошняя сустрэча перад тым, як ён загінуў?

— Так. Дзеці былі вельмі радыя, што тата дома. Мы яго прасілі, можа, не пойдзеш, пасядзі дома хоць крыху. Ну, тры дні — гэта практычна нічога. То бок, мы нават не паспелі яго пра нешта распытаць, не набыліся з ім.

Але ён сказаў, што я зараз пайду, пабуду яшчэ крыху, а потым вярнуся на дзень нараджэння. Прыеду — шашлыкі зробім, як звычайна, і ўсё будзе добра. А далей жыццё пакажа.

І 24 чэрвеня ён паехаў. На сэрцы быў цяжар, складана было адпускаць зноў. Я яго прасіла: галоўнае — ты беражы сябе і абавязкова вяртайся. Прамовіла гэта праз слёзы, не магла з сябе выціснуць гэтыя словы, але зрабіла гэта. Ён адказаў: «Не парся, малая, я вярнуся. Ты беражы сябе і дзяцей».

Апошняя сустрэча Вадзіма Шатрова з дзецьмі

Бачыла, як дачка на развітанне дала тату нейкі шматок аркуша, паклала яго ў кішэнь. Калі я яе спытала, што там, адказала — гэта нашае. І потым ужо ў сацсетках пабачыла, што Вадзім выклаў на сваёй старонцы гэты аркуш, на якім было напісана: «Тата, я цябе прашу, вярніся дадому жывым».

25 чэрвеня ён быў у Кіеве, пазваніў, сказаў, што ўсё добра, яны ізноў збіраюцца на баявыя, і папярэдзіў: як не будзе выходзіць на сувязь — не хвалюйся. 26-га ў іх быў бой, а на наступны дзень мне затэлефанавалі і запыталі, ці ведаю я пра полк Кастуся Каліноўскага. Паведамілі, што мой нумар тэлефона пакінуў Вадзім на ўсякі выпадак, калі нешта здарыцца. Я зразумела, што адбылося нешта страшнае.

Мы пагутарылі з прадстаўніцай палка, яна мне патлумачыла, што пакуль нічога невядома, хлопцы не вярнуліся з бою, іхні лёс невядомы. Магчыма яны ў палоне ці можа яны кудысьці ўцяклі пасля адтуль.

Мне сказалі: мы будзем трымаць вас у курсе, абавязкова патэлефануем ці напішам, як стане нешта вядома.

Дзецям я нічога не казала, хоць яны штовечар мяне запытвалі: «Мама, чаму тата не тэлефануе». Казала: не, тэлефануе, усё добра. «А чаму мы не бачым, як ты з ім размаўляеш? Чаму ты не даеш нам тэлефон, каб мы з ім пагаварылі, як заўсёды?» — «Тата вельмі стаміўся, хоча адпачыць, ён сказаў, што ўсё ў яго добра, вам перадаваў прывітанне».

Калі я напісала прадстаўніцы палка, спытала, ці ёсць навіны, адказалі, што нічога не ведаюць, вядома толькі, што загінуў іх камандзір «Брэст».

Пра «Брэста» я багата чула са слоў мужа, ён яго вельмі паважаў. Сказалі, што яшчэ трое зніклі бяз вестак. Пазней сказалі, што двое патрапілі ў палон.

Я вырашыла, што трэба нешта казаць дзецям, бо сітуацыя можа змяніцца не ў той бок. Муж казаў: палон не для мяне, я туды не пайду ні пры якіх абставінах, лепей смерць, я сам сябе заб’ю, але ў палон не пайду.

Узгадала ягоныя словы, але разумела, што сітуацыі бываюць розныя — гэта вайна. Мы селі з дзецьмі, і я ім сказала, што на дадзены момант ваш тата знік без вестак. Яны адказалі: ты хочаш нам сказаць, што нашага таты больш няма? Не, кажу, я не магу гэтага сказаць, але хачу, каб вы ведалі, што ваш тата — герой, ён быў на баявым заданні. Будзем спадзявацца, што ўсё ў яго добра, ён жывы-здаровы і выйдзе з намі на сувязь.

Я іх крыху супакоіла, і на наступны дзень мне пазванілі: трымайцеся, 99,9 адсоткаў, што нашы хлопцы загінулі — двое патрапілі ў палон і чацвёра загінулі.

Некалькі хвілін я не магла гаварыць, бо гэта быў вялікі шок для мяне. Я не магла паверыць у гэта, успамінала ягоныя апошнія словы на развітанне: не парся, я вярнуся.

Спытала, як магу забраць цела. Я тады не ўсведамляла, што цел нашых хлопцаў няма. Мне сказалі, што будзе пахаванне, але крыху пазней гэтае пытанне абмяркуем.

Мне сказалі, што ёсць фота і відэадоказы, якія пацвярджаюць іх гібель, але пакуль няма целаў, яны будуць лічыцца зніклымі без вестак. Пазней мне даслалі фота, вядома, такое нельга паказваць ні дзецям, ні дарослым, бо вельмі цяжка гэта бачыць. Я разумела, што бачу свайго, роднага чалавека, але доўга не магла з гэтым змірыцца, таму, калі мяне пыталі, я казала: не, гэта не Вадзім, ён вернецца.

Ужо потым, калі прайшоў час, я ўзяла сябе ў рукі і казала, што я яго там бачыла, але гэта цяжка ўсвядоміць. Цяжэй за ўсё было патлумачыць гэта дзецям. Сын увогуле не можа змірыцца з тым, што тата больш не вернецца. Ён кожны дзень кажа: «Зрабі для мяне так, вярні тату дадому».

Сыну цяпер 12, а дачцы ў красавіку споўніцца 11. Для дзяцей гэта найцяжэй. Самае цяжкае — тое, што мы не паставілі кропку ва ўсім гэтым. Таму што ў нас няма цела, мы не пахавалі Вадзіма.

Мы не можам дагэтуль усвядоміць, што гэта праўда. Я разумею, што ён ужо не вернецца, але пакуль не адбылося пахаванне, жыццё не можа працягвацца далей. Яно проста спынілася і стаіць на месцы.

Хто зрабіў гэты здымак, які вам даслалі?

— Гэта было апублікавана на рашысцкіх тэлеграм-каналах. Мне даслаў іх пабрацім Вадзіма, з якім яны пазнаёміліся на баявых заданнях, сталі сябрамі. Ён падтрымлівае нас. Сустракаліся з ім, ён дзецям казаў, што тата іх — герой, рабіў вялікую справу, абараняў краіну, дзяцей.

Дачка трымаецца стойка, яна ў нас баявая, а для сына гэта вельмі моцны удар. Больш за год ён казаў: мама, не хвалюйся, ён вернецца, я дакладна ўпэўнены. А цяпер, наадварот, сітуацыя змянілася і ён просіць: мама, вярні тату.

— Вы дзецям паведамілі пра гібель таты ў той жа дзень, як самі даведаліся?

— Так, я iх паклікала, плакала, ледзь узяла сябе ў рукі. Дачка сказала: я ўжо ведаю, што ты нам будзеш казаць, пачала плакаць, зачынілася ў сваім пакоі.

Сын крычаў: «Я іх усіх ненавіджу! Чаму наш тата?»

Ён уцякаў. Я яго даганяла на вуліцы. Гэта было страшна.

… Думаю, мы справімся, усё роўна жыццё працягваецца, а нашы героі застаюцца ў нашых сэрцах.

— Жонка Васіля Парфянкова Олена казала, што загінулыя ў тым баю беларусы пахаваныя ў брацкай магіле?

— Гэта закрытая інфармацыя. Яе нам наўпрост ніхто не агучваў, мы даведаліся са сваіх крыніц, што ёсць некалькі брацкіх магіл, і ў адной з іх нашыя хлопцы. Але на сто адсоткаў я не магу быць упэўненая.

Пабрацімы Вадзіма таксама кажуць, што для нас галоўнае, каб такая брацкая магіла сапраўды была, бо пасля акупацыі, дасць Бог, вызваляць тую тэрыторыю, можна будзе знайсці хоць нешта, хоць нейкія парэшткі. А калі такой магілы няма, то невядома, дзе цяпер целы.

— Ці прыходзіць да вас Вадзім у снах?

— У ноч з 26 на 27 чэрвеня я доўга не магла заснуць. Хвалявалася, бо ведала, што ў іх баявое. Пад раніцу заснула. Расплюшчыла вочы і убачыла Вадзіма, як ён стаіць і кажа: ты не хвалюйся, спакойна адпачывай, усё будзе добра.

Я спахапілася і зразумела, што нешта не так. Бо проста так не прыходзяць супакойваць. І калі 27-га мне пазванілі, сказалі, што хлопцы не выйшлі з бою, Вадзім зноў прыходзіў у сне, супакойваў. Казаў: не хвалюйся, беражы сябе, беражы дзяцей. Я адчувала ягоную прысутнасць — гэта нават нельга назваць сном. Таму што адчувала… (Плача).

Я адчувала абдымкі. Ён быў жывы перада мной.

Пасля былі сны, а не відзежы: абяцаў вярнуцца, і што ўсё будзе добра.

— У вашага мужа не было ўкраінскага грамадзянства?

— Не. Але апошнім часам мы часта гаварылі пра гэта, ён хацеў сабе зрабіць украінскае грамадзянства. Бо, кажа, усё адно і дзеці, і сям’я тут. Вярнуцца ў Беларусь усё роўна не было магчымасці.

Вадзім вельмі перажываў за тое, што адбывалася на радзіме. Казаў, што лукашысцкі рэжым да дабра не давядзе, але адзін-два чалавекі нічога ня могуць зрабіць. Трэба, каб людзі ўсе падняліся. То бок так, як гэта робіцца ў нас, ва Украіне. Калі нешта не задавальняла, збіралі мітынг і выходзілі. Але ў Беларусі і законы, і ўсё астатняе працуе па-іншаму.

Мы камунікуем з пабрацімамі Вадзіма, імкнуся іх падтрымаць хаця б словам. Калі мы з імі пазнаёміліся, маё першае пытанне да іх было: «Навошта вы сюды прыехалі? Гэта не ваша вайна. Вы маладыя хлопцы, у вас свае сем’і, дзеці…»

А яны ўсміхаліся і ўспомнілі, як калі пазнаёміліся з «Папікам» (пазыўны Вадзіма Шатрова — С.), ён сварыўся на іх: «Чаго вы сюды прыперліся, маладыя, прыгожыя? У мяне тут сям’я, дзеці, жонка, я абараняю свой дом».

Яны кажуць: «Нам сорамна за сваю краіну, што яна стала суагрэсарам, і з нашага боку ляцяць ракеты на бязвінных дзяцей. Таму мы тут і праз вызваленне Украіны магчымае вызваленне нашай Беларусі».

Спачатку для мяне былі незразумелыя гэтыя словы, але зараз я разумею, і мы камунікуем і падтрымліваем адно аднаго, таму што мы адна сям’я.