Общество

Марына Міхайлава

«Калі на неба глядзіш праз краты, не бачыш кратаў, а бачыш неба…»

У Вільні адбылася прэзентацыя зборніка твораў беларускіх палітвязняў.

Вершы, дзённікавыя запісы, казкі, апавяданні, малюнкі, успаміны — на рускай, беларускай, нават нямецкай. Іх аўтары — 52 беларусы і беларускі, якіх трапілі пад палітычны пераслед рэжыму. Некаторыя з іх ужо на волі, але большасць і сёння за кратамі, бо атрымалі бесчалавечныя прысуды па 10 і больш гадоў пазбаўлення волі.

Гэтыя творы, напісаныя ў 2020-2023 і атрыманыя з асабістых архіваў сваякоў ці публікацый у адкрытых інтэрнет-крыніцах, праваабаронца «Вясны» Алена Лапцёнак беражна сабрала, разам са звесткамі пра кожнага з аўтараў: хто і калі быў затрыманы, якое пакаранне атрымаў ад беларускіх уладаў.

Выйшаў «Турэмны зборнік», у якім кожны радок — як нітачка ад сэрца да сэрца паміж тымі, хто на свабодзе, і тымі, хто за кратамі. Хоць краты, паводле аднаго з аўтараў, медыяменеджара Андрэя Аляксандрава — «проста хэштэг». А галоўнае — людзі. Іх галасамі сталі беларускія актывісты і праваабаронцы на прэзентацыі ў Вільні. А на вокладцы як даніна памяці і пашаны — турэмны малюнак мастака Алеся Пушкіна, які загінуў за кратамі ў ліпені 2023-га.

— У 2014 годзе цяперашні палітвязень Аляксандр Фядута сабраў і выдаў пры дапамозе ЕГУ зборнік на 990 старонак — творы палітвязняў, пачынаючы з перыяда незалежнасці Беларусі, — згадала на імпрэзе Алена Лапцёнак. — Тая кніга стала пэўным правобразам цяперашняга зборніка, мне падаецца, дазволіць лепш зразумець, пра што мараць, пра што думаюць і пішуць на дадзеным этапе часу людзі ў няволі.

Зборнік выйшаў адносна невялікім накладам — 900 асобнікаў. Частка з іх трапіць у бібліятэкі Варшавы. Аўтарскія асобнікі атрымаюць былыя вязні і іх сваякі. Таксама кнігу можна будзе атрымаць на прэзентацыях у Варшаве і Беластоку, але ў планах і распаўсюд праз кнігарні і інтэрнет-пляцоўкі.

На віленскай імпрэзе прагучалі вершы Андрэя Аляксандрава, Кацярыны Андрэевай, Паўла Белавуса, Марфы Рабковай, Алега Груздзіловіча, Рыгора Кастусёва, Максіма Вінярскага, песні Алега Хіневіча. Але ў кнізе, безумоўна, твораў значна больш — амаль 500 старонак. Не толькі пра боль і тугу, выпрабаванні Валадаркі і страх за блізкіх, але і пра любоў і пра каханне, пра барацьбу, пра Беларусь. І пра тое, што нічога не было дарэмна.