«Кожнаму, хто верыць, што можна дамовіцца з Лукашэнкам, варта згадаць Чарнобыльскую трагедыю»

Беларусы выйшлі на традыцыйную акцыю, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы і патрабаваць вывядзення расейскай ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі.

У памяць аб ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС Офіс Святланы Ціханоўскай ініцыяваў ускладанне кветак да помніку «Маці Чарнобыля» ў Вільні.

Разам з беларускай лідаркай памяць пра трагедыю ўшанавалі амбасадарка па асобых даручэннях Літвы па Беларусі, амбасадары Нарвегіі, Канады, Іспаніі, Ірландыі і Эстоніі, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, ЗША, Ізраіля і Украіны.

— З моманту аварыі ў Чарнобылі прайшло амаль 40 гадоў. Але мы беражом памяць пра яе і не забываем урокі гэтай трагедыі. Я вельмі ўдзячная беларусам і нашым міжнародным партнёрам і сябрам, якія далучыліся да ўскладання кветак сёння. Гэтае мерапрыемства – не толькі пра ўшанаванне памяці, але таксама і пра падтрымку беларусаў у нашым імкненні да свабоднай, дэмакратычнай і бяспечнай будучыні, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Акцыя ў памяць аб ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшла таксама ў Варшаве. У ёй узялі ўдзел чальцы Кабінета Валер Кавалеўскі, Павел Латушка, Аліна Коўшык і іншыя.

Фото БЕЛСАТ

— На чым грунтуюцца ўсе дыктатуры? На ўтойванні праўды. На падмене праўды хлуснёй. Дыктатура ніколі не дае выбару. І дыктатура ніколі не пытае меркавання народу, — адзначыў Павел Латушка.

Кожнаму, хто верыць, што з дыктатарамі можна дамовіцца, што можна дамовіцца з Лукашэнкам, я раю згадаць Чарнобыльскую трагедыю. Ніхто не казаў праўды тым, каго кідалі на ліквідацыю аварыі.

Ён адзначыў, што зараз нашчадкі той савецкай дыктатуры, не пытаючыся меркавання народу, пабудавалі ў нашай краіне БелАЭС.

— Не пакідаючы нам выбару, яны цягнуць у нашую краіну расійскую ядзерную зброю. І малююць на Беларусі вялізарную мішэнь. Усё гэта з намі і нібыта ад нашага ж імя робіць той, каго мы не выбіралі. І ягоныя памагатыя, якіх мы не выбіралі. Супраць якіх мы ўзняліся ў 2020. Шлях, на які мы ўсталі тады, вельмі складаны. Але мы не павінны спыняцца, — адзначыў Павел Латушка.