Някляеў: «А значыць, і чалавек здольны зрабіць той выбар, які Бог зрабіў»

Паэт Уладзімір Някляеў – на Пасху. Аўтар суправадзіў свае словы фота сям'і Дашкевіча – палітвязню ўлады працягнулі тэрмін знаходжання ў няволі.

Хрыстос уваскрос!

У свет Любоў прынёс!

Толькі не ўсе ў свеце яе прынялі.

І чапляецца свет за нянавісць.

Яна – вайна ва Украіне. Яна – турма ў Беларусі.

Ненавідзець лягчэй, чым любіць.

Але ўваскрос Хрыстос! І выбраў не тое, што лягчэй. Ён нават да тых, хто Яго прадаў, несправядліва асудзіў і забіў, пайшоў з Любоўю.

Неверагодны духоўны подзвіг! На такое здольны хіба толькі Бог. Але ж Ён – і Бог, і чалавек. А значыць, і чалавек здольны зрабіць той выбар, які Бог зрабіў.

Перад гэткім выбарам і стаіць сёння Беларусь… І ў залежнасці ад таго, любоў будзе выбраная ці нянавісць, мы або ўваскрэснем – або не.