Аліна Нагорная: «Я бачыла, наколькі камфортна ў Беларусі расійскім вайскоўцам, таму што з імі ўсе размаўляюць па-руску»

Грамадская дзеячка, праваабаронца, публіцыстка, аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная — пра нацыю і нацыянальную ідэю.

— Мова — гэта і ёсць мая нацыянальная ідэя, — адзначыла Аліна Нагорная на Еўрарадыё. — Беларусы шмат гадоў кажуць: маўляў, спачатку адбудуем эканоміку, а пасля мову.

І вось мы бачым, што ў нас ні эканомікі, ні мовы. Асабіста я лічу, што трэба пачынаць менавіта з мовы.  

Я была нязгодная і з тымі, хто казаў у 2020 годзе, што вось цяпер мы сталі нацыяй. Мы зрабілі вельмі вялікі істотны крок для гэтага. Але калі паглядзець вызначэнне слова «нацыя», то там гаворыцца пра супольнасць людзей, аб’яднаных адной культурай, якія жывуць на адной тэрыторыі і г.д., і заўсёды ёсць такое азначэнне — яны карыстаюцца адной мовай.

Вось да гэтага мы не дайшлі, менавіты да мовы. Таму я лічу, што мы на правільным шляху, але не сфармаваліся да канца.

Грамадская дзеячка выказвае думку пра тое, што перашкаджае беларусам увесь час стаць нацыяй. Акрамя ўплыву Расіі, гэта таксама і нежаданне саміх людзей рабіць нейкія высілкі.

— Шмат разоў мы набліжаліся да гэтага, але не атрымлівалася, заўжды нехта гэтаму замінаў.

І мы ведаем назву краіны, якая ўвесь час замінала беларусам стаць нацыяй і працягвае замінаць цяпер. І не толькі беларусам, але і іншым краінам таксама.

Калі ўзгадаць БНР, гэта была вельмі цудоўная спроба стварэння Беларускай народнай рэспублікі, але, на жаль, мы жывем цяпер не ў ёй. Так можна казаць і пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Гэта была выдатная мэта, і ўсё ж паўстанне не перамагло.

Але ўсе гэтыя падзеі, якія не перамаглі да канца, становяцца вельмі класнымі прыступкамі для будучых пакаленняў, у тым ліку для нашага пакалення, каб усё ж такі стаць нацыяй і жыць у сваёй незалежнай дзяржаве.

Расійскі ўдзел на беларусаў заўжды быў вельмі моцны. Справа ў тым, што людзі хочуць проста жыць, і каб іх жыццё было камфортным. А дзяржава стварыла такія ўмовы, што беларускай мовай карыстацца не вельмі камфорта. Насамрэч зусім не камфортна.

І чалавек становіцца перад выбарам: ці я пераадольваю нейкія дадатковыя складанасці і карыстаюся беларускай мовай, альбо  жыву нармальна і карыстаюся рускай мовай. Зразумела, першае не зусім зручна.

Але калі казаць пра чалавека як асобу, то мы мала ведаем тых, хто чагосьці дасягнуў, напрыклад, стаў крутым прафесіяналам і не рабіў пры гэтым ніякіх высілкаў. Так трэба разумець і пра нацыю. Мы не можам стаць нацыяй проста па пстрычцы, мы павінны рабіць высілкі, працаваць над сабой.

Трэба ісці да сваёй мовы, развівацца самім як прафесіяналам дзеля сваёй краіны. Каб пабудаваць сапраўды нешта добрае і незалежнае, — падкрэсліла Нагорная.  

Для таго, каб пераканаць беларусаў, яна праводзіць паралелі паміж мінулым і цяперашнім днём.

— Напрыклад, палітычная эліта Рэчы Паспалітай думала: навошта нам рабіць высілкі, калі тут ужо пайшоў уплыў польскай мовы, давайце і мы як эліта будзем карыстацца польскай мовай, навошта нам беларуская.

Але пасля таго, як расійская імперыя акупавала нашы землі, расіянам стала лягчэй усюды навязаць рускую мову.

Альбо вось нядаўнія падзеі. У 90-я многа хто думаў: зараз мы прагаласуем неяк, якая розніца, а пасля будзем жыць нармальна. А насамрэч трэба было рабіць высілкі ўжо тады, таму што разлічвацца за тыя 90-я будзем і мы, і нашы дзеці.

Я жыла ў Беларусі, калі пачалался вайна, і я бачыла гэтых расійскіх вайскоўцаў у чэргах у банкаматы, у крамах. І я бачыла, наколькі ім камфортна ў маёй краіне, таму што з імі ўсе размаўляюць па-руску.

Я упэўнена на 100%, што калі б з расійскімі вайскоўцамі ўсе размаўлялі па-беларуску, ім было б зусім некамфортна. Вось гэта як прыклад таго, што можа зрабіць мова.

Усе бачылі фота, калі расіяне зайшлі ў нейкую ўкраінскую вёску і адразу пачалі ставіць свае рускамоўныя шыльды. Я ведаю людзей, якія, убачыўшы тыя фота, адразу перайшлі на беларускую мову, бо зразумелі, што мова часам гэта не толькі сродак камунікацыі.

Нічога незалежнага няма ў рускай мове для беларусаў і не можа быць.

Нацыяналізм — гэта пра любоў да сваёй краіны, а нацызм — гэта калі ты ставіш сваю краіну ледзь не над усім светам і спрабуеш знішчаць іншыя народы. Беларусы зараз як ніколі знаходзяцца ў такой сітуацыі, калі нам трэба рэальна падумаць пра сваю краіну, пра яе будучыню, дбаць пра сваё.

Таму што мы даўно не былі настолькі залежныя ад Расіі, як зараз. І калі мы пакінем рускую мову, то будзем скатвацца ў залежнасць нават пры дэмакратычных пераменах.

Трэба дбаць пра сваё, як дбаюць іншыя краіны, дзе абсалютная большасць насельніцтва адной нацыі, напрыклад, у Польшчы палякі, літоўцы ў Літве — яны ўсе маюць адну дзяржаўную мову.

Яны не закрываюцца ад свету, працягваюць усе міжнародныя сувязі, але, ў першую чаргу, думаюць пра сваё, таму што гэта ў тым ліку і пытанне бяспекі, — заключае Нагорная.