Скандалы
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

«Міес хацеў, каб яго ўсе баяліся»

Ігар Макарэвіч — жыхар вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, адзін з трох падазроных у забойстве жыхара гэтай жа вёскі па мянушцы Міес, які некалькі разоў падпальваў забудовы і хаты сялян. На замову Аляксандра Лукашэнкі Ігара Макарэвіча разам з саўдзельнікамі днямі выпусьцілі са сьледчага ізалятару — да суду яны будуць знаходзіцца па хатах, на допыты за імі прыяжджае міліцыя.

Прымаць гасьцей і нават сваякоў “хатнім арыштантам” забаронена, як і размаўляць па тэлефоне пра акалічнасьці справы. Ігар Макарэвіч пагадзіўся даць інтэрвію “Свабодзе” пры ўмове, што ня будзе пытаньняў пра справы сьледзтва.

Вас завуць Ігар Макарэвіч? А як звалі забітага?

— Мікалай Мікалаевіч Макарэвіч, цёзка мне па прозьвішчу.

А чаму яго у газэтах называюць нейкім Міесам?

Гэта вулічная мянушка.

Зараз зразумела. А якім быў гэты Міес, якога вы забілі? Што ён рабіў у вёсцы? Пра гэта ж можна распавесьці?

Чым займаўся? Рэцыдывіст. Бадзяўся па вёсцы, патрабаваў гарэлку. Падпальваў сараі, стагі з сенам, хлявы. У МЧС падлічылі, што за той час, калі ён быў дома, здарылася каля 20 пажараў. А сядзеў ён 6 разоў.

Судзілі яго за тое, што падпальваў?

Ды па рознаму, нават было быццам і за зброю. Шмат незразумелага. А першы раз, калі ён быў загадчыкам фэрмы — што краў кароў.

Дык у яго калісьці была пасада...

Так, але сквапнасьць. Грошы згубілі. Пачаў з гэтага і пайшло далей.

А з якой ён сям’і быў?

Ды можна сказаць нармальная сям’я. Сястра яго тут у Пухавічах жыве, яна добрая жанчына. Але, як кажуць, у сям’і не без урода. Астатнія сёстры быццам таксама добрыя, у Жыткавічах, Відошыне жывуць. Але я іх ня ведаю добра, бо на шмат старэйшыя за мяне. Бацька іх — быў ветэран вайны. Таксама мужчына нармальны, ўжо памёр. А вось ён...

Гэта ўсё гарэлка?

Вы ведаеце, ня толькі...Ён як некалькі разоў пасядзеў, дык зрабіўся такім, што хоча, каб ўсе баяліся яго. Каб усе пад ім хадзілі. Што не па яму, дык ён усім помсьціць.

Можа ён капіяваў тыя парадкі, якіх наглядзеўся ў калёніі?

Так, дакладна. Але ён не быў на псыхіку хворы. Адзінае, што стаў слабейшы. Як раней, ён быў такі моцны мужычок, біўся тут, каму слабейшаму надае, але турма сваё зрабіла. Апошнім часам зьнясіліў, хадзіў толькі па начах ды падпальваў. Нават на допыце казаў, што так, паліў, каб баяліся. Хацеў тут ўладу трымаць.

Канешне, гэта ўсё ад зоны. Для цывільнага чалавека, які жыве на волі, гэта ненармальна.

Хачу вас спытаць вось яшчэ пра што. Калі вас арыштавалі, вы ж пэўна і не спадзяваліся, што гэтак хутка вызваляць. Як вы думаеце, чаму гэтак адбылося?

Канешне не спадзяваўся. Але ўся вёска паднялася. Пачалі паўсюль расказваць, што ён тут рабіў, пісаць у вышэйстаячыя органы. Гэтак дайшло да прэзыдэнта і мы аказаліся дома. Пакуль. Так, я вельмі яму ўдзячны, што разабраўся, падышоў з чалавечага боку да таго, што тут было, што адбывалася, калі гэты ўсіх на вушы ставіў.

На вашу думку, гэта закон неспрацоўвае, калі такім вось людзям усё дазваляецца?

Ды ў нашай сытуацыі і закон можна зразумець. Бо было так, што не пісалі заяў, баяліся. Бо ўсе памяталі, як было пасьля яго першай адсідкі, калі пасадзілі за тое, што цялят сьпісваў і грошы сабе браў. Там на фэрме быў учотчык Юхневіч Мікалай Карпавіч, які пра яго на судзе сьведчыў. Дык ён пасьля калёніі адразу пайшоў да яго і спаліў хлеў ды дзьве каровы.

Таму людзі памяталі і баяліся. Бо вернецца, хай праз 5 гадоў, і ўсё роўна падпаліць. Вось ў нас жанчына ёсьць, гадоў за 80, тройчы хадзіў да яе і запар забіраў пэнсіі. Расказвала, што спала з тапаром пад падушкай.

— А чаму вашы мясцовыя міліцыянты нічога зь ім не рабілі?

Тлумачаць, што ніхто на яго заяў не пісаў. Калі апошні пажар ён зрабіў, дык прызнаўся, што гэта ён. Міліцыянты патрымалі яго дзень і адпусьцілі. Хаця па законе маглі трымаць тры дні. Кажуць, няма доказаў. А якія яшчэ доказы трэба, калі ён сам прызнаецца?

Гэта было 29-га сьнежня, а палове на восем вечара. Падпаліў сарай ды сам пастукаў у вакно. Кажа: “Вы гарыце”. Людзі ж голас пазналі. І што?

Таму нам нічога не засталося і мы на гэта пайшлі... Вось толькі перастараліся.

А за што ён гэта рабіў, казаў?

Хто яго ведае. Нехта не так на яго паглядзіць ці не тое скажа —— ўсё, ўжо ягоны вораг.

Ваш саўдзельнік Сяргей Аліферовіч мяркуе, што яму помсьціў таму, што не даў на гарэлку. Такое магло быць?

Так, такое бывала. Шмат разоў. Тады чакай, што нешта ўтворыць.

А вам не пагражаў?

Мне? Вы ведаеце што, я вырашыў не чакаць. Бо ужо і да мяне падыходзіла. Бачыў, як скосу глядзіць, незадавальненьне выказвае.

Таму я вырашыў, што чакаць нельга. І яшчэ б каго спаліў. Тут жа вялікага розуму не трэба — кінуў запалку ды хай гарыць. А калі б не мы яго вырашылі, дык іншыя, бо хто б стаў глядзець, як ўсе Пухавічы гараць.

А як завуць трэцяга вашага саўдзельніка?

Пятручэня Аляксандр.

Гляджу газэту, пішуць, што адзін з вас сядзеў. Хто гэта?

Не, гэта не так. Ніхто не сядзеў.

Кім робіце?

Я — цесьляр-бетоншчык. Ліхтаровіч таксама будаўнік, жыве і праце ў Рэчыцы. А Аліферовіч ў мясцовай школе, качагарам.

Што кажуць, калі будзе суд?

Магчыма пры канцы месяца, ці крыху далей.

Вы, пэўна, ужо ў царкву ўсё ж схадзілі, сьвечку паставілі?

Не, не магу. З хаты нельга выходзіць.

А ёсьць жаданьне?

Так. Усё ж які б ён не быў дрэнны, а чалавек.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)