Без категории
Марына Загорская,
www.globus.tut.by (фота)

Кялейная замова

Напярэдадні маразоў кіраўніцтва Віцебскага камбіната шаўковых тканін гатовае выгнаць на вуліцу насельнікаў Свята-Траецкага Маркавага мужчынскага прыстанку. У келлях за прахадной прадпрыемства манахі моляцца на Аляксандра Лукашэнку, каб той падпісаў указ аб перадачы ім фарбавальнага цэха, што дагэтуль знаходзіўся ў часовым карыстанні манастыра.

Сінод Беларускай праваслаўнай царквы разлічвае абмеркаваць набалелае пытанне з кіраўніком дзяржавы ў сярэдзіне снежня. Адпаведныя прапановы па “пагашэнні” канфлікта праз умяшальніцтвам вышэйшых сіл былі падрыхтаваныя фондам «Віцебскаблмаёмасць» і перададзеныя Мітрапаіту Філарэту год таму. Пакуль справа не зрушылася ні на крок.

— Радзіма без веры, што чалавек без душы, – з запалам даводзіць намеснік манастыра Сава Адамёнак і, вытрымаўшы паўзу, удакладняе: — Мёртвая!

Але кіраўніцтву камбіната, на балансе якога знахозіцца будынак, дзе месцяцца нядзельная школка, прытулак для бяздомных і трапезная для маламаёмых гараджан, няма справы да высокіх матэрыяў. Адкрытае акцыянернае таварыства падлічыла, колькі грошай губляе на падатках на нерухомасць і зямлю, а таксама на амартызацыйныя адлічэнні, і прад’явіла намесніку ультыматум: манастыр альбо выкупляе будынак, альбо вызваляе памяшканне. Кошт пытання 700 мільёнаў рублёў. Айцец Сава заўважае:

— Ёсць яшчэ трэці варыянт: штомесяц выплочваць падаткі ў памеры 2,5 тысяч еўра з уласнай кішэні. Для манастыра, які жыве ахвяраванямі, гэта непад’ёмная сума. Калі нас выселяць, без даху над галавой апынуцца больш за 30 бяздомных, што знайшлі прытулак у гэтым корпусе.

З 2002 года, калі акцыянеры перадалі закінуты пяціпавярховы будынак у часовае карыстанне, манахі кампенсавалі штомесяц камунальныя выдаткі і спадзяваліся, што калі-небудзь атрымаюць яго ва ўласную маёмасць.

— Дах, вокны, сістэмы ацяплення, каналізацыі, ліўнёўкі мы аднаўлялі за кошт ахвяраванняў прыхаджан, — расказвае намеснік, узгадваючы даўнія часы, калі манастыр лічыўся першакласным і меў дзяржаўнае ўтрыманне — у 1842 годзе, да прыкладу, 3185 рублёў срэбрам. Апроч таго, 20 насельнікаў валодалі шматлікімі зямельнымі надзеламі ў Гарадоцкім ды Віцебскім паветах, вазёрамі, лясамі. У 1910 годзе, як пазначана ў апісанні страхавой ацэнкі, Маркаў манастыр, абнесены мураванай агароджай, мясціўся на трох узгорках і складаўся са старажытнага пяцігаловага Свята-Траецкага сабора, двух мураваных аднагаловых Пакроўскай і Мітрафанаўскай цэркваў, трох’яруснай званіцы-брамы, дома ігумена, брацкага корпуса, стайні, свірана, хлявоў ды лазні. Па-за межамі манастыра на могілках існавалі яшчэ дзве царквы: Мікалаеўская і Параскевы Пятніцы. На гравюры XIX стагоддзя комплекс выглядае досыць маляўніча.

З прыняццем уніяцтва манастыр заставаўся праваслаўным. Ён вытрымаў нашэсце Напалеона, і амаль цалкам быў зруйнаваны бальшавікамі. Будынак, за які сёння спрачаюцца камбінат і манастыр, быў узведзены ў 1970-х на падмурку разбуранай званіцы. Ацалелі толькі Пакроўская царква, якая ў савецкія часы была адзіным на Віцебск і наваколле дзеючым храмам, ды брацкі корпус, які перайшоў у спадчыну ўсё таму ж шаўковаму камбінату.

Хрушчоўская адліга ў палітыцы стала часам цяжкіх ганенняў на вернікаў. У Віцебску праводзілі эксперымент па пераўтварэнні яго ў цалкам атэістычны горад. У 1957 годзе ўзарвалі Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор, а ў 1961-м – Свята-Дабравешчанскую царкву. За гэты год было зачынена 10 храмаў.

— Каб адзіная дзеючая царква не вытыркала па-над атэістычнай ідыліяй, яе купал зраўнавалі з дахамі корпусаў камбіната. Вытворчыя будынкі шчыльна заціснулі яе ў мураваным “апендыксе”, але народ усё адно знаходзіў шлях да храма, — узгадвае айцец Сава. – Манастыр аднавіўся толькі ў 2000-м годзе.

Самы буйны раён Віцебска – Першамайскі – мясцовыя жыхары ва ўсе часы па звычцы называлі Маркаўшчына. Насамрэч, Першамаю ж ледзь пераваліла за сто гадоў, а Марк Земянін пабудаваў у гэтым месцы капліцу і пасяліў тут манахаў больш за шэсць стагоддзяў таму. Аршанскі цівун Леў Агінскі ды браслаўскі земскі суддзя Себасцьян Мірскі рупіліся над ягоным аднаўленнем і дабрабытам насельнікаў. Але самы што ні на ёсць царскі падарунак зрабіў манахам патрыярх Нікан, калі ўручыў ігумену Каліксту Рытарайскаму падчас пасвячэння яго ў епіскапы полацкія абраз Казанской Божай Маці. Па іншых крыніцах, каштоўны абраз узору візантыйскага і старажытнамаскоўскага пісьма ахвяраваў сам цар Аляксей Міхайлавіч. Маці Божая Казанская была вядомая цудамі і вылячэннямі.

— Яна лічыцца заступніцай нашага манастыра. Вось чаму ў 1940-я гады, калі храм стаў прыходскім, яго пераасвяцілі ў гонар Казанскага абраза Божай Маці, — тлумачыць блытаніну з назвамі царквы айцец Сава.

Абраз знік “за бальшавікамі”. Застаўся толькі старажытны спісак з яго – копія, калі па-свецку. Але гэта не замінае прыхаджанам, манахам і “труднікам”, якія знайшлі прытулак у Маркавым манастыры, спадзявацца на цуд – па-свецку, указ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)