Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Я не выключаю, што нейкія беларускія чыноўнікі ўжо шушукаюцца наконт Лукашэнкі»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст пракаментаваў Філіну прычыны і вынікі візіту расійскай дэлегацыі ў Мінск.

— Ёсць меркаванне, што адзіная незвычайнасць гэтай сустрэчы ў тым, што менавіта Пуцін прыляцеў у Мінск. Вы пісалі, што гэта можна расцэньваць, як суцяшальны прыз для Лукашэнкі. Што гаворыць пра ягонае сённяшняе становішча той факт, што візіт яго галоўнага і, пэўна, апошняга саюзніка робіцца такой важнай падзеяй?

— Мы не ведаем, як яны вядуць свае размовы, пра што яны гавораць. Магчыма, раней Лукашэнка так не ставіў пытанне. Магчыма, зараз ён прадэманстраваў сваё раздражненне цяперашняй сітуацыяй. Раздражненне перад сваёй наменклатурай.

Лукашэнка гэтага не прагаворвае, але не выключана, што ён чуе і адчувае меркаванне чынавенства, людзей у пагонах: «А хто ў нас «бацька»? А можа «бацька» ў нас ужо іншы?» Яму гэта, канечне, не падабаецца.

Лукашэнка чуе, што гавораць на Захадзе. Не выключаю, што пэўным спускавым кручком стаў зліў інстытута Роберта Лансінга: рускія заб’юць Лукашэнку, паставяць Зася, далучаць хуценька Беларусь і ўварвуцца разам з беларускім войскам, якое стане, канечне, расійскім, ва Украіну.

Гэта трызненне і фантастыка, але не выключана, што Лукашэнку гэта раз’юшыла, і ён паставіў пытанне: «Пакажыце ўжо, што я ваш саюзнік, а не Пушылін». І там адказалі на гэта згодай.

Гэта адзін момант. А другі момант, гэта мая інтэрпрэтацыя, у гэтым была і горкая пігулка.

Бо яны абодва фактычна абыходзілі ў сваіх выказваннях галоўную падзею — вайну. Так, колькі словаў і Пуцін сказаў, і Лукашэнка. Але вельмі млява і надзвычай няпэўна.

Магчыма, за кадрам расійскі прэзідэнт і казаў свайму саюзніку, што прынамсі расейцам давядзецца нападаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі, што яны так вырашылі.

Натуральна, не заўтра, але магчыма, што ў хуткім часе. Як Валер Залужны ў інтэрвью The Economist сказаў — у канцы студзеня–сакавіку. Атрымаўся такі момант абмену і заспакаення: так, я нарэшце прыязджаю у Беларусь, раз на тры гады, але нам давядзецца гэта рабіць.

Зразумела, што будуць большыя санкцыі адносна Беларусі. Зразумела, што будзе, магчыма, складаная ўнутраная сітуацыя — нават, калі толькі расійскія войскі пойдуць ваяваць праз Беларусь.

Вось, што называецца, пернікі. І вось пуга не пуга, але непрыемнасць. Гэта мая версія, я не прэтэндую на абсалютную дакладнасць.

Думаю, на ўсіх зрабіла ўражанне тое, што не прэзідэнцкія пытанні абмяркоўваліся. Ну добра, космас, таваразварот, па газу дамовіліся. А як дамовіліся? Таму ёсць адчуванне, што за ўсім гэтым можа нешта стаяць.

— Напярэдадні прыезда Пуціна Лукашэнка папярэджваў, што па выніках гэтай сустрэчы магчымыя размовы пра страту суверэнітэту. Калі меркаваць па афіцыйных заявах, па папярэдніх выніках, ці пачнуць тут і праўда расейцы пешшу хадзіць?

— Па-першае, яны і так ужо тут ходзяць. Па-другое, гэта добрая міна пры кепскай гульні. У Лукашэнкі, як бы мы да яго не ставіліся, ёсць воля да ўлады. І для яго статус падпарадкаванага, статус не «бацькі», а каб «бацькам» стаў іншы, гэта страшны шок. Яму гэта страшна непрыемна.

Я не выключаю, што нейкія чыноўнікі беларускія ўжо шушукаюцца. Яны ж не дурні, асабліва адносна ўласнага статусу. Яны ўсё гэта бачаць. І не выключана, што ўжо ходзіць пагалоска: «А хто гэта ў нас цяпер старшой — Лукашэнка, ці ўжо не Лукашэнка?» Яму гэта не падабаецца. І таму ён пайшоў у такую контратаку нават перад гэтай сустрэчай.

Маўляў, не, не, мы нічога тут не здамо. Калі гэта перакласці на мову ягонай душы, што называецца, то гэта азначае: «Я застаюся вашым «бацькам». Я не аддам уладу, прынамсі, над Беларуссю».

Умоўна кажучы, тое, што расейцы гойсаюць па Беларусі, запускаюць свае ракеты, добра, няхай. Але адкручваць, ці заціскаць цэны — гэта я буду вырашаць, а не Пуцін. Каго прызначаць старшынёй Кобрынскага райвыканкама, буду вырашаць я, а не Пуцін.

І тое што ён прыязджае ў Беларусь, толькі пацвярджае гэта. Не Лукашэнка да яго на паклон, а ён да нас — не на паклон, напэўна, але прыехаў.

— Ці падзяляеце вы аптымізм экспертаў Інстытута вывучэння вайны, якія кажуць, што Пуціну не ўдалося прымусіць свайго саюзніка ўступіць у вайну?

— Для мяне гэта ні з чаго не вынікае. Я гляджу аналітыку, здаецца, таго ж самага цэнтра. Які кажа, што сілаў пакуль недастаткова, каб нападаць. Гэта азначае, што напад калі і будзе, то не заўтра і не паслязаўтра. І таму ўгаварыў Пуцін Лукашэнку, ці не ўгаварыў, гэта ні з чаго не вынікае.

Нават калі і ўгаварыў, Лукашэнка даў згоду, нічога не сведчыць пра тое, што на прэс-канферэнцыі ён пра гэта мусіў сказаць: «Так, я здаўся, праз месяц мы павінны ваяваць з украінцамі». Яны стваралі дымавую завесу — магчыма, над атрыманай згодай, а можа і над нязгодай Лукашэнкі. У любым выпадку, з таго, што прагучала ўчора, нельга рабіць адназначную выснову.

— Пасля гэтага візіту Беларусь ізноў апынулася ў цэнтры ўвагі. Як вынік — папярэджанне ЗША пра магчымыя санкцыі ў выпадку пашырэння ўдзелу беларускага боку ў вайне. Што гэта кажа пра магчымасці Захаду ўдзейнічаць на Лукашэнку?

— ЗША ўдзельнічаюць у механізме, які я апісваў вышэй. Лукашэнка, натуральна, не хоча, каб расейцы нават без беларускага войска ішлі ў наступ з Беларусі. Бо зразумела, што гэта пагоршыць сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку і ў эканоміцы. І не абавязкова Масква гэта ўсё кампенсуе.

Яму проста нагадваюць: так, цана такога рашэння, у той ступені, наколькі гэта ад яго залежыць, будзе высокай. Варта прыгадаць, што акурат амерыканскіх санкцый даўно не было — з сакавіка, ці красавіка. Еўразвяз, дарэчы, без асаблівых тлумачэнняў у два апошнія пакеты не ўключыў Беларусь.

Гэта з другога боку пасыл: калі ты ў вайну не ўплішчваешся, мы не будзем на цябе так ужо моцна ціснуць. Прынамсі, новыя санкцыі не ўвядзём. І амерыканцы дадаюць: а калі будзеш яшчэ глыбей уцягвацца (без удакладнення — наколькі глыбей), то, адпаведна, за намі не заіржавее.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(16)