Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Лукашэнку патрэбная вялікая палітыка, ён бачыць сябе фігурай сусветнага маштабу»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман — пра тое, чым запомніцца візіт расійскай дэлегацыі на чале з Пуціным у Мінск.

Аляксандр Фрыдман

— Наколькі нечаканым стаў гэты візіт? З чым можа быць звязаны ажыятаж вакол яго?

— Ён нечаканы толькі ў тым сэнсе, што Пуцін прыехаў у Мінск. Ды яшчэ з сабой прывёз Шайгу і Лаўрова. Магчыма, там і іншыя сур’ёзныя асобы былі. Вось гэта надзвычайны момант. Калі б жа яны сустрэліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу ці ў Сочы, то нічога надзвычайнага ў гэтым бы не было. Колькі ўжо разоў Лукашэнка туды ездзіў.

Так і ў гэтым выпадку ўзнікалі бы пытанні пра тое, што яны паміж сабой абмяркоўваюць, як уцягваецца ў вайну Беларусь. Усё гэта прысутнічала б, але не мела такой увагі. Тут жа самы цікавы момант у тым, чаму прыязджае Пуцін, які звычайна такія рэчы не робіць.

Што такое трэба абмяркоўваць, каб ён прысутнічаў? Пэўна ж, яму не проста захацелася паглядзець, як сёння выглядае Мінск. Ці як выглядае палац Лукашэнкі. Вось гэта і прыцянула ўвагу, і гэтае пытанне будзе наступнымі днямі, а можа і тыднямі, абмяркоўвацца ў кантэксце пагрозаў Украіне.

Тэма магчымага новага наступу з Беларусі, а гэтым разам, магчыма, і супольна з Беларуссю, стала прысутнічае ў дыскурсе. І прыезд Пуціна са сваім атачэннем да Лукашэнкі толькі падмацоўвае гэтую тэму.

Пасля гэтага візіту будзе задавацца галоўнае пытанне, асабліва на Захадзе: «Ну што, Лукашэнка ўжо вызначыўся? Ён ужо прыняў рашэнне пра больш актыўны ўдзел у расійскай вайне ці не?».

— А наколькі вялікая цікавасць да гэтага візіту на Захадзе?

— Гэтая цікавасць прысутнічае. Як па мне, то такога яшчэ не было — нават прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфан Хебештрайт выказаў заклапочанасць тым, што Беларусь праз гэты візіт можа быць яшчэ больш уцягнутая.

Так што гэты момант надзвычайнасці на Захадзе заўважылі. І цяпер чакаюць заяў, што будуць рабіцца па выніках. На падставах гэтых заяў і будуць рабіцца высновы. Хоць справа тут вельмі няўдзячная, бо і Лукашэнка, і Пуцін — гэта тыя людзі, якія абмяркоўваюць адно, а публічна заяўляюць зусім іншае. А робяць увогуле трэцяе. Так што на самай справе я не думаю, што мы даведаемся прадметна, пра што яны размаўлялі і да чаго прыйшлі. Гэта будзе зразумела праз нейкі час. Праз наступныя падзеі стане зразумела, пра што яны дамовіліся

Пакуль жа яны сапраўды мэтанакіравана спрабуюць стварыць уражанне, што адбываецца нешта лёсавызначальнае. І каб увага была звернутая менавіта на беларускі накірунак. Сёння ў бліжэйшы час у навінах гэта будзе адной з галоўных падзеяў. Магчыма, і самай галоўнай. Ізноў будуць абмяркоўваць, ці пойдуць войскі праз Беларусь.

Магчыма, Расія паводзіць сябе адкрыта і нахабна, нібыта дэманструе: вось мы рыхтуемся пайсці праз Беларусь і ў выніку так і зробім. А можа гэта звычайны прапагандысцкі пшык з мэтай адцягнуць увагу ад больш сур’ёзных падзеяў.

Магчыма, гэтыя падзеі будуць разгортвацца на іншым напрамку. Зусім не ў Беларусі, зусім не на Кіеў, а недзе на мелітопальскім накірунку.

— Прадстаўнічы дэсант з Расіі вы параўналі з лістападам 1996-га, калі дэлегацыя на чале з Віктарам Чарнамырдзіным прыляцела ў Мінск ратаваць Лукашэнку ад імпічменту. А што для яго сёння гэты візіт, у чым ягоная асаблівасць асабіста для яго?

— Для яго гэта выглядае досыць прыемна. Вось колькі ён ужо ездзіў у Расію апошнім часам — сем ці восем разоў. А да яго ніхто не прыязджае, акрамя розных службоўцаў ніжэйшых па рангу — той жа Шайгу ці Лаўроў, з якімі абавязкова трэба сустракацца.

А галоўны чалавек не прыязджае і ўсё тут. Лукашэнка ж выглядае ўжо як расійскі губернатар, якога выклікаюць у Маскву. І ён тут жа кажа, што паедзе.

Тут для яго досыць прыемны момант. Гэта ўсё можна пампезна абставіць. І на Лукашэнку звернуць увагу, што ён быў побач з Пуціным. Ён, напэўна, яшчэ нешта і скажа, што яны з Пуціным пра тое і тое размаўлялі. І гэта будзе такі пэўны сігнал для заходняй прэсы, што ў Лукашэнкі ёсць нейкі інсайд. Маўляў, прыязджайце, паразмаўляйце са мной.

Яму гэта падабаецца. Лукашэнка ў 2021-м, і часткова ў 2015-м, калі ў Мінск прыязджалі Меркель з Аландам, атрымаў сусветную ўвагу. Яму цесна ў Беларусі, Лукашэнку патрэбная вялікая палітыка, ён бычыць сябе фігурай сусветнага маштабу.

Самастойная або несамастойная? Раней яго ўспрымалі больш самастойнай фігурай, цяпер — менш. Але ёсць міжнародная цікавасць да яго. Яна патрэбная яму, ён хоча быць у міжнародных навінах, каб пра яго пісалі. Таму такія сустрэчы яму безумоўна падабаюцца, бо ён атрымлівае пры гэтым патрэбную яму ўвагу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(82)