Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Беларусаў напалохала тое, што з ложка ў казарму звычайна выцягваюць тады, калі гэта ўжо не рэпетыцыя, а сам спектакль

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином вайсковыя зборы, на якія людзей бралі проста з працы, а таксама магчымыя тэмы перамоў Лукашэнкі з Шайгу.

Юрый Дракахруст

 

— Шайгу прыляцеў у Мінск. Наколькі нечаканым стаў гэты візіт і што могуць азначаць просьбы Лукашэнкі да Масквы абараняць Беларусь, у выпадку чаго, як уласную тэрыторыю? Што за нарматыўна-прававы дакумент яны збіраюцца распрацаваць?

— На маю думку, у гэтым візіце няма нечаканасці ці нейкай паспешлівасці. На мінулым тыдні Лукашэнка ў Маскве пасля працяглай размовы з Пуціным адзін на адзін, а затым і ў складзе Вышэйшага савета так званай Саюзнай дзяржавы, падвёў вынікі.

Ён сказаў тады журналістам: «У бліжэйшы час вы даведаецеся, пра што мы дамовіліся».

Не выключана, што яны пра штосьці дамовіліся, а Шайгу прыехаў ужо абмяркоўваць практычныя дэталі рэалізацыі гэтых дамоўленасцяў.

Словы такія былі сказаныя. І я думаю, што размова ідзе менавіта пра гэта — рэалізацыю прынятых у Маскве рашэнняў. Якога кшталту гэтыя рашэнні? Тут можна толькі гадаць.

Зразумела, што вышэйшыя палітычныя рашэнні прымаюцца не на ўзроўні Шайгу. Ён абмяркоўвае пытанні менавіта рэалізацыі. Умоўна кажучы, гэта можа быць цэлы блок пытанняў, як рэалізаваць захаванне ядзернай зброі ў Беларусі.

Перавозку, захоўванне, шляхі падвозу і адвозу, пытанні варыянтаў аховы і г.д. Вось гэта, я думаю, узровень пытанняў, якімі займаецца Шайгу. Магчыма, іх ён і прыехаў абмяркоўваць. Спачатку з Лукашэнкам, а больш дробныя пытанні — з міністрам абароны Хрэніным ды іншымі чыноўнікамі Мінабароны. 

Гэта адзін з варыянтаў. І, магчыма, Лукашэнка казаў менавіта пра гэта. У расійскай ваеннай дактрыне прапісаныя два сцэнары, пры якіх Расія можа ўжыць ядзерную зброю.

Першы — калі на Расію або яе саюзнікаў здзейснены напад з прымяненнем ядзернай зброі. Другі сцэнар прадугледжвае напад з прымяненнем канвенцыйнай зброі, які нясе пагрозу існаванню расійскай дзяржавы.

Заўважце, другі пункт не прадугледжвае абарону саюзнікаў у выпадку нападу на іх з дапамогай канвенцыйнай зброі. Магчыма, гэтая заява Лукашэнкі расшыфроўваецца такім чынам, каб гэты другі пункт расійскай ядзернай дактрыны быў распаўсюджаны і на Беларусь.

Каб у выпадку нападу на Беларусь з прымяненнем канвенцыйнай зброі, які паставіць пад пагрозу яе існаванне, Расія магла выкарыстаць ужо і ядзерную зброю. Напрыклад, тую, якая будзе размешчана на беларускай тэрыторыі. Я тут крышачку фантазірую, але, тым не менш, пэўная логіка тут была б.

Магчымы і такі больш гіпатэтычны варыянт, які пакуль ні да чаго не прывязаны: напрыклад, размовы пра стацыянарнае размяшчэнне расійскіх войск у Беларусі. Так, расійскіх вайскоўцаў тут трэніруюць, выдзелілі ім пяць палігонаў. Але статус іх дагэтуль нявызначаны.

Магчыма, гэта будзе база. Са словаў Лукашэнкі можна зрабіць выснову (хоць і неабавязкова), што тут сапраўды з’явіцца вайсковая база. Якая будзе ахоўваць Беларусь у выпадку нападу, як уласную тэрыторыю.  

А што тычыцца больш рэалістычных рэчаў, бо я думаю, што НАТА і ў страшным сне не ўяўляе сабе напад на Беларусь, то хутчэй гаворка пра напад Расіі з беларускай тэрыторыі на каго-небудзь. Бо мы памятаем, хто на каго напаў у лютым 2022-га.

Магчыма, размова ідзе пра паўтарэнне. А можа і пра напад на заходнія краіны. Версія расійскага гісторыка Фельшцінскага мне падаецца, мякка кажучы, смелай. Але я б не паставіў на яе нуль імавернасці. Пасля ўсяго, што адбылося і адбываецца, казаць, што Расія ніколі не нападзе на заходнюю краіну, на НАТА… Можа і напасці. У тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

І, магчыма, гэтая тэма таксама абмяркоўвалася з Шайгу. Скажам так, калі ў Маскве прынялі такое рашэнне, і калі Пуцін абмеркаваў яго з Лукашэнкам, альбо проста паставіў яго перад фактам, то расійскі міністр абароны павінен прыехаць у Мінск і ўдакладніць дэталі.

А падаецца гэта вось пад такім соўсам: Расія будзе абараняць нас ад магчымага нападу. А перакладаецца гэта так, што Масква прымусіць нас ваяваць так, як яна сама будзе ваяваць. З НАТА, ці з Украінай — як прыйдзецца.

Атрымліваецца такі спектр варыянтаў. Але структура ў любым выпадку такая: у Маскве на мінулым тыдні падчас двух раўндаў сустрэч нейкія рашэнні стратэгічнага характару былі прынятыя, а сёння Шайгу прыехаў абмяркоўваць дэталі іх рэалізацыі.

— Адной з вострых тэм мінулага тыдня стаў масавыя забор ваеннаабавязаных на зборы. Краіна ўжо каторы месяц жыве ў стане бесперапынных вучэнняў і збораў. Але гэтым разам людзей забіралі з элементамі брутальнасці: кагосьці наўпрост з працоўнага месца, а кагосьці нават з ложка. Ім не давалі ўзяць з сабой самае неабходнае.

У выніку некаторыя такія гісторыі трапілі ў прэсу, а Мінабароны праз некалькі дзён апублікавала тлумачэнне — усім выдалі экіпіроўку, ніхто не застанецца галодным і г.д. Пра што можа сведчыць гэтая сітуацыя?

— Вы маеце рацыю, падобных трывог, квазімабілізацый ці падрыхтовак да мабілізацыі сапраўды было шмат. Вучэнні ідуць каскадам. Каскадам ідуць рознага кшталту зборы — і афіцэраў запасу, і простых вайскоўцаў запасу. Была і зверка дакументаў.

Так, раней такога не было, каб людзей хапалі проста на працы і ледзь не з ложка. Гэта, зразумела, сігнал трывогі больш высокага ўзроўню.

Ці азначае гэта пралог уступлення ў вайну? Хацелася б думаць, што не. Наогул кажучы, можа, і не. Бо рознага кшталту падрыхтовак, і праўда, было шмат. Падрыхтоўка — гэта не ўдзел.

А што тычыцца рэакцыі прадстаўнікоў Мінабароны, то яна вельмі беларуская. Беларуская рэакцыя — што б ты не рабіў, а мусіш рабіць гэта пільна, прыгожа і арганізавана. Гэта ўжо такая нацыянальная асабліваць, калі любыя дзеянні, нават жахлівыя, павінны быць добра арганізаваныя, прадуманыя.

У гэтым сэнсе беларусы на бардак рэагуюць куды больш хваравіта, чым і ўкраінцы, і расейцы. Думаю, улады і ваенныя глядзяць, як у Расіі на гэты самы бардак рэагуюць людзі. Той жа досвед мабілізацыі: тое не так, гэта не гэтак, зброю не далі, альбо далі іржавую. І гэтае ўсё выплюхваецца ў публічную прастору. Беларускія ўлады, бачачы, як на бардак рэагуюць звыклыя да яго расейцы, разумеюць, што беларусаў гэта раз’юшыць. І таму яны хоць не ўсё і робяць, але прынамсі кажуць: «Не, не, усё будзе арганізавана, усё будзе прыгожа. Усё будзе, як трэба».

Іншая справа, што беларусы, напэўна, не хочуць каб гэта хоць як рабілася — прыгожа ці непрыгожа. Ваяваць ім не хочацца. Але, калі давядзецца, то ім хочацца, каб бардака не было. Таму ўлады і пасылаюць такі сігнал: бардака не будзе.

— Многіх абурыла тое, што людзям не далі як след сабрацца.  Ці нагадвае вам такая рэакцыя расійскую гісторыю з мабілізаванымі, дзе людзей больш хвалявала не тое, куды іх забіраюць, а з чым іх адпраўляюць на вайну?

— Зразумела, што людзей гэта бянтэжыць. Не ведаю, ці абурае. Магчыма, кагосьці і абурае. Але, я думаю, людзей тут больш бянтэжыць не сам факт, што цябе выцягнулі з ложка. А тое, што з ложка звычайна выцягваюць тады, калі гэта ўжо не рэпетыцыя, а сам спектакль.

Людзі ўспрымаюць гэта як пралог да прэм’еры, калі карыстацца тэатральнымі тэрмінамі. І гэта палохае і бянтэжыць куды больш, чым сам факт такой нязручнасці, калі цябе забралі з працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(10)