Дэвід Меркел: ЗША скасуе яшчэ частку санкцый перад выбарамі

У эксклюзіўным інтэрв’ю для Еўрарадыё намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША распавёў, калі ў Мінск вернецца амерыканскі амбасадар і расказаў пра намер Штатаў скасаваць некаторыя санкцыі перад парламенцкімі выбарамі.

— Спадар Меркел, Злучаныя Штаты ў апошнія некалькі месяцаў вельмі часта звяртаюцца да беларускіх уладаў, выкарыстоўваючы СМІ і робячы пэўныя дыпламатычныя крокі. Гэтыя звароты — неабходнасць, без якой самі па сабе санкцыі не былі б дастаткова пераканальнымі?

— Я думаю, гэта паказвае, наколькі важнай для Злучаных Штатаў з’яўляецца будучыня Беларусі, яе будучыя выбары. Мы хацелі б убачыць прагрэс у Беларусі. Мы віталі вызваленне уладамі ўсіх палітычных вязняў. Гэта істотны крок у лепшы бок. Беларусь — частка Еўропы, гэта важная краіна, і мы спадзяемся, што будуць зроблены іншыя пазітыўныя рэчы, якія дазволяць сур’ёзна палепшыць амерыканска-беларускія адносіны.

— Уявім сабе сітуацыю, у якой ніводны апазіцыйны кандыдат не пройдзе ў беларускі парламент. Ці будуць ЗША рабіць нейкія дзеянні, ці запланавалі вы нешта ў адказ на гэтую мажлівасць? Або дастаткова будзе, каб уся перадвыбарная кампанія прайшла больш дэмакратычна, а вынік саміх выбараў хвалюе вас меней?

— Ведаеце, выбары яшчэ не адбыліся. Мы рады таму, што ўсе кандыдаты атрымалі свой эфірны час на тэлебачанні і радыё, што апазіцыя атрымала шанец з’явіцца ў газетах. Мы рады таму, што так шмат кандыдатаў удзельнічаюць у кампаніі. Мы лічым, што важна будзе забяспечыць міжнародным назіральнікам доступ да галасавання, да падліку галасоў, да апублікавання пратаколаў і спадзяемся, што Цэнтральная выбарчая камісія гэта зробіць. Але я не хацеў бы каментаваць вынік выбараў, якога трэба чакаць яшчэ пару тыдняў.

— Давайце тады паразмаўляем пра рэчы, якія ўжо адбыліся і якія паказалі, што Злучаныя Штаты заўважылі пэўныя крокі з беларускага боку. Я маю на ўвазе адмену санкцый для двух беларускіх прадпрыемстваў, "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". Санкцыі адмененыя на паўгода, — значыць, у сакавіку 2009 года амерыканскі ўрад збіраецца ізноў ацаніць, які прагрэс на шляху дэмакратызацыі зрабілі беларускія ўлады?

— Так, мы хацелі адказаць на вызваленне беларускімі ўладамі ўсіх палітычных вязняў, і таму прынялі згаданыя вамі меры. Зараз мы разглядаем дадатковыя крокі ў кірунку адмены санкцый, якія будуць зробленыя яшчэ да парламенцкіх выбараў. А пасля, калі будзе прагрэс, мы паглядзім, што можна будзе зрабіць дадаткова.

— Ці збіраецеся вы здымаць перад выбарамі санкцыі з “Белнафтахіма” ці гаворка ідзе пра нешта менш значнае?

— Калі шчыра, мы яшчэ не прынялі канчатковага рашэння. Гэтае пытанне знаходзіцца на стадыі абмеркавання.

— Некаторыя беларускія палітыкі скардзяцца, што вызваленне палітычных вязняў не было поўным, што не наступіла поўная рэабілітацыя, да прыкладу, Аляксандра Казуліна — а гэта значыць, што з “крымінальным запісам” ён не зможа балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Ці збіраюцца Злучаныя Штаты размаўляць з беларускімі ўладамі пра далейшы лёс былых палітвязняў ці, можа, вам дастаткова самога факта, што гэтыя асобы знаходзяцца на волі?

— Я не хацеў бы прыніжаць значнасць рашэння, прынятага беларускім урадам, рашэння, аб якім ЗША і Еўразвяз прасілі даволі доўгі час. Тое, што ў Беларусі болей няма палітычных зняволеных — гэта значнае паляпшэнне сітуацыі. Але будучыня спадара Казуліна, ягоныя амбіцыі — гэта тое, што павінна прымацца пад увагу, і мы збіраемся сачыць за гэтым.

— Шмат якія беларусы могуць быць заклапочаныя адсутнасцю магчымасцяў нармальнага атрымання амерыканскіх візаў і іншых цяжкасцяў, выкліканых зварочваннем дзейнасці амерыканскай амбасады на тэрыторыі Беларусі. Калі ўявіць, што Міхаіл Хвастоў вернецца беларускім амбасадарам у Вашынгтон, ці збіраецеся вы даслаць новага амерыканскага амбасадара ў Мінск? І ці можаце нам падказаць, хто гэта будзе?

— Мы хацелі б, каб нашы адносіны з Беларуссю дасягнулі этапу, на якім мы зноў будзем мець поўнасцю функцыянальнае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Мы не збіраемся дасылаць амбасадара ў амбасаду з пяццю дыпламатамі. Беларускія ўлады зрабілі заўважны прагрэс, але мы спадзяемся, што ён будзе яшчэ большым і гэта прывядзе да паляпшэння нашых адносінаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)