Без категории
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Апазыцыйным палітыкам адмаўляюць у рэгістрацыі

20 кандыдатаў з агульнага сьпісу АДС спынілі ўдзел у парлямэнцкай кампаніі падчас рэгістрацыі кандыдатаў. З найбольш вядомых – намесьнікі старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, барысаўскі лідэр Сяргей Салаш, былы палітвязень Іван Крук, старшыня зьліквідаванай партыі жанчын “Надзея” Алена Яськова.

Ніводная апазыцыйная партыя на дадзеным этапе не абышлася бяз страт. Найбольш адчувальныя страты ў ПКБ і БНФ. Акруговыя выбарчыя камісіі не зарэгістравалі па пяць чалавек ад арганізацый.

Найбольш зьвяртае на сябе ўвагу адмова ў рэгістрацыі двух намесьнікаў старшыні партыі БНФ – Вінцука Вячоркі і Віктара Івашкевіча. Абодвум палітыкам адмоўлена па прычыне несапраўднасьці больш чым 20% сабраных подпісаў.

Віктар Івашкевіч, які меўся ісьці на выбары па Кастрычніцкай акрузе Менску кажа: “Я думаю, што з маіх ранейшых выступаў улады зразумелі, што я буду выкрываць той выбарчы фарс, які разьлічаны для заходніх гледачоў”.

У Барысаве адмоўлена ў рэгістрацыі мясцоваму лідэру Сяргею Салашу, які дагэтуль правёў у горадзе некалькі пасьпяховых выбарчых кампаній. “Мне адмовілі ў рэгістрацыі і адначасова абвінавачваюць у паклёпе на чыноўніц. Значыць, першы этап выбарчай кампаніі я правёў на выдатна. Гэта мая думка, думка маёй каманды і маіх сяброў. Гэта ёсьць, я упэўнены, і прыхаванай думкай і тых, хто мяне перасьледуе і не рэгіструе кожныя выбары. Я непрадказальны кандыдат. Барысаўская ўлада пад гэтым фактам расьпісалася. Цяпер пачынаецца другі этап пад назвай байкот”, – кажа С.Салаш.

Увогуле, сярод маладых кандыдатаў, што балятуюцца па сьпісе АДС, страты істотныя. У Менску не зарэгістравалі былога лідэра “Правага альянсу” Юрася Карэтнікава, а ў Мастах – сябру БХД, дэпутата мясцовага гарсавету Зьмітра Кухлея.

Кіраўнік выбарчага штабу Кухлея Алесь Зарамбюк адзначае, што Мастоўская акруга засталася безальтэрнатыўнай. “У Мастах ідзе першы намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Васіль Сьцяпура. Чалавек спалохаўся канкурэнцыі з нашага боку, таму і Зьмітру і адмовілі ў рэгістрацыі. Цяпер будзем падаваць скаргу ў ЦВК”, – кажа А.Зарамбюк.

А ў Асіповічах з выбарчай гонкі сышоў Альбэрт Яўменаў. Юрыст партыі БНФ Уладзімер Лабковіч кажа: “Улада прадэманстравалі, што баяцца ўдзелу ў выбарах апазыцыйных выбараў. Цяпер на наступным Сойме будзе разглядацца пытаньне аб далейшай мэтазгоднасьці нашага ўдзелу ў кампаніі. Ня выключана, што партыя БНФ прыме рашэньне аб зьняцьці сваіх кандыдатаў”, – зазначае Ў.Лабковіч.

Сярод незарэгістраваных кандыдатаў ад ПКБ: Аляксандар Галькевіч (Баранавіцкая-Усходняя №6), Павал Станеўскі (Шчучынская №60), Васіль Лапацін (Беразінская №61), Міхаіл Сілівонец (Жыткавіцкая №39), Аляксанар Апанасюк (Столінская №16). Чатыром першым адмовілі ў рэгістрацыі з прычыны несапраўднасьці подпісаў.

“У Аляксандра Апанасюка такая сытуацыя, што яму ўспомнілі нейкі матацыкл, які ў яго быў у 70-ыя гады. Таго матацыкла, вядома, даўно няма, як і нічога няма... Але вось знайшлі фармальную прычыну”, – дзеліцца намесьнік старшыні ПКБ Валеры Ўхналёў.

“Да таго, што адбываецца на дадзеным этапе ў мяне ёсьць толькі адна характарыстыка – улада расчышчае дарогу для слабых кандыдатаў”, – працягвае палітык. Камуністы спадзяюцца, што рашэньні па нерагістрацыі некаторых кандыдатаў будуць скасаваныя.

Чатыры чалавекі ад АГП таксама сышлі з барацьбы за дэпутацкі мандат. Гэта былы палітвязень Іван Крук (Івейская №53), Мікалай Ўласевіч (Смаргонская, №59), Артур Цурбакоў (Гомельская-Навабеліцкая №36), Адам Варанец (Гомельская-Вясковая №37).

“Да ўсіх падзей, зьвязаных з выбарамі, стаўлюся досыць спакойна. Нават не хадзіў на паседжаньне выбарчай камісіі, дзе мяне рэгістравалі. Перакананы, што большая палова нашых вылучэнцаў можа ў справядлівых умовах змагацца за дэпутацкае крэсла”, – кажа лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Палітык заяўляе пра немагчымасьць правядзеньня байкоту. “Сабраўшы па Менску і іншых кутках краіны, больш за 500 подпісаў, магу сьмела казаць, што ідэяй байкоту жывуць толькі сярод 2-3% выбарцаў”, – гаворыць А.Лябедзька.

Ад БСДП не зарэгістравалі трох кандыдатаў: Алега Мікуліна (Віцебская-Вясковая №21), Максіма Камароўскага (Рагачоўская №45), Ірыну Вештарт (Смаргонская №59).

“У Мікуліна нібыта знайшлі праблемы з подпісамі. Камароўскі ж здаў на праверку 1002 подпісы. Сказалі, што гэтага замала для рэгістрацыі. У той жа час зарэгістравалі ў Пухавічах Салдаценку, у якога было 1004 подпісы. Ірына Вештарт – чалавек вельмі вядомы ў Смаргоні, яна некалькі разоў была дэпутатам гарсавету. Думаю, што яе шанцы расцэньваліся б, як вельмі высокія”, – кажа старшыня БСДП Анатоль Ляўковіч. Самога Ляўковіча зарэгістравалі ў Берасьці.

Ад зьліквідаваных партыі працы і партыі жанчын "Надзея" адмоўлена ў рэгістрацыі Ўладзімеру Лазоўскаму (Васьняцоўская №93) і Алене Яськовай (Грушаўская №98).

Па вылучэнцах ад “Эўрапейскай кааліцыі”, паводле словаў яе лідэра Міколы Статкевіча, канчатковых лічбаў пакуль няма. "Добра, калі з 51 зарэгіструюць 20 чалавек", – кажа сп.Статкевіч. Не зарэгістраваны ён сам, старшыня аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд, лідэр прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў, рэдактар "Борисовских новостей" Анатоль Букас, а таксама Леанід Астаповіч, Алена Фаміна, Натальля Бялова, Сяргей Коваль, Мікалай Кійка, Мікіта Красноў, Сяргею Калтовічу і Сяргею Казлоўскаму. Асабліва вялікія страты па Менску і Заходніх рэгіёнах краіны.

Ад БСДГ Станіслава Шушкевіча зарэгістраваны сем чалавек.

Такім чынам, на сёньняшні момант па краіне больш дзесятка абсалютна безальтэрнатыўных выбарчых участкаў. Безальтэрнатыўнае галасаваньне балюча б’е па іміджу выбараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)