Без категории
Мара Нальшанская, Кася Золатава, Еўрарадыё

АДС: Еўрапейскі спіс створаны праз падман.“Еўрапейцы”: Мы прыстойныя людзі

Старшыня прэзідыуму АДС Сяргей Калякін, падводзячы вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты, вінаваціць Еўрапейскую кааліцыю ў стварэнні іх спіса падманным шляхам і прыпісванні сабе вылучэнцаў ад АДС. У сваю чаргу прадстаўнік Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч настойвае на тым, што сваю працу яны праводзяць сумленна, і абвінавачвае былых удзельнікаў “Пяцёркі плюс” у адыходзе ад падтрымкі еўрапейскіх каштоўнасцяў.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай падвядзенню вынікаў рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты, старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, які цяпер старшынствуе ў прэзідыуме АДС, вельмі рэзка выказаўся наконт другога дэмакратычнага спіса кандыдатаў – спіса Еўрапейскай кааліцыі. Калякін сцвярджае, што вылучэнцаў ад АДС у яго ўключалі ледзь не падманам.

Сяргей Калякін: "Людзі, якія туды запісаныя, даведаліся пра гэта праз СМІ. Яны былі ўключаныя проста таму, што ім тэлефанавалі і пыталіся: “Ты падзяляеш еўрапейскі выбар?” Прадстаўнік, напрыклад, БНФ, адказвае: “Так, падзяляю”. І яго аўтаматычна запісваюць у спіс еўрапейскай кааліцыі, хаця размова пра тое, ці ты падзяляеш еўрапейскія каштоўнасці і еўрапейскі выбар і ў якім спісе ты знаходзішся – гэта розныя, на мой погляд, рэчы".

Лідэр камуністаў і старшыня прэзідыума АДС падкрэсліў, што нічога добрага працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі і павелічэнню ўплыву тых, хто выступае за перамены, другі, трэці, пяты спіс не прыносіць.

Падтрымаў пазіцыю Калякіна і сустаршыня АДС Анатоль Ляўковіч, які сцвярджае, што ў спіс Еўрапейскай кааліцыі ўвайшлі тыя, хто не змог трапіць у спіс АДС.

Анатоль Ляўковіч: "Калі казаць пра адзіны спіс АДС, то ён ствараўся больш за год. Была канкурэнцыя, дакладныя працэдуры. А казаць пра нейкі іншы спіс не зусім правільна, таму што ніякіх іншых спісаў і не стваралася. А тое, што зараз гуляе ў прэсе – гэта нейкі вінегрэт, спроба піярыцца на тых людзях, якія не ўвайшлі ў спіс АДС".

Ляўковіч абвінаваціў стваральнікаў Еўрапейскага спісу яшчэ і ў тым, што яны прыпісваюць сабе незалежных дэмакратычных кандыдатаў.

Сяргей Калякін таксама рэзка пракаментаваў той факт, што старшыня Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч сярод іншых 6 канкурэнтаў лідэра камуністаў балатуецца па адной з ім Коласаўскай акрузе. Калякін выказаў меркаванне, што Статкевіч ці агент, ці дурань, бо шанцаў стаць дэпутатам не мае:

Сяргей Калякін: "Заўжды балатаваўся ва Ўруччы, там і жыве. Ніколі не збіраўся ў гэтай акрузе працаваць і раптам пайшоў па ёй балатавацца. Для сябе ён наўрад ці што набудзе, тым больш, што ў яго праблема – не знята судзімасць, ён не можа быць удзельнікам парламенцкіх выбараў. І чаму ўлады зарэгістравалі яго – таксама вялікае пытанне. І на выхадзе ў мяне адзін адказ: ён ці агент, ці дурань. А і з першым, і з другім дамаўляцца проста бессэнсоўна".

У сваю чаргу прадстаўнік Еўрапейская кааліцыі, сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч абвінавачвае апазіцыйных камуністаў у тым, што яны забыліся на агульнае пагадненне 2004 года пра падтрымку еўрапейскіх каштоўнасцяў. На думку палітыка, яны не будуць агітаваць за еўрапейскую платформу. чым парушаюць агульныя дамоўленасці:

Статкевіч: "Яны не падтрымліваюць еўрапейскую платформу і не будуць агітаваць за яе. Таму я мушу гэты прарыў закрываць".

Паводле меркавання Мікалая Статкевіча, агітаваць за еўрапейскія каштоўнасці, магчыма, будуць кандыдаты ад Партыі БНФ. На камуністаў у яго няма ніякіх спадзяванняў. Што ж да прэтэнзій пра падманнае запісванне ў Еўрапейскі спіс, палітык абвінаваціў у падмане аўтараў падобных заяў:

Статкевіч: "Падманваюць тыя, хто робіць такія заявы. Мне мая рэпутацыя вельмі дарагая. Мы не падглядваючыя, мы – дзеючыя, і паводзім сябе прыстойна".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)