Журналісты «Белсата» зноў пакараныя вялікімі штрафамі

Фрылансераў-журналістаў Ганну Аземша, Вольгу Чайчыц, Аляксандра Баразенку і Андрэя Козела абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі на замежнае СМІ.

Журналістаў пакаралі вялікімі штрафамі. Такім чынам з пачатку года ў Беларусі штрафам за працу без акрэдытацыі каралі 50 (!) разоў.

Аляксандр Баразенка, Ганна Аземша, Андрэй Козел і Вольга Чайчыц

Усе чатыры справы супраць журналістаў суд аб'яднаў у адну, таму журналістаў судзяць разам.

На пачатку працэсу суддзя Вікторыя Шабуня аб'явіла перапынак, каб даць магчымасць фігурантам азнаёміцца са справай.

У суд прыйшоў і сведка — супрацоўнік міліцыі. Спачатку ён заняў месца ў маленькай залі, але суддзя папрасіла яго чакаць выкліку ў калідоры.

Пасля перапынку суддзя апытала журналістаў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела. Абое падкрэслілі, што працуюць журналістамі, бо збіраць інфармацыю ім дазваляе Канстытуцыя Беларусі. Журналісты заявілі, што не вырабляюць прадукцыю СМІ, а збіраюць інфармацыю.

Пасля гэтага у судзе выступіў намеснік начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Кротаў. Ён заявіў, што 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы бачыў, як журналісты асвятлялі акцыю апазіцыі, а пасля іх здымкі былі размешчаны на сайце «Белсата».

Вольга Чайчыц пакараная штрафам у 45 базавых велічынь (1 035 рублёў).

Андрэй Козел пакараны штрафам 45 базавых велічынь (1 035 рублёў).

Дзмітрый Кротаў, фота «Белсат»

Наступнымі судзяць Аляксандра Баразенку і Ганну Аземша. Журналісты заявілі, што не прызнаюць сябе вінаватымі і не будуць даваць паказанні суду, бо маюць права не сведчыць супраць сябе.

Пасля гэтага у судзе зноў выступіў супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Кротаў. Ён даў супраць журналістаў аналагічныя паказанні: прысутнічалі на акцыі, незаконна выраблялі прадукцыю СМІ, якую размясцілі на сайце «Белсата».

Аляксандр Баразенка пакараны штрафам у 25 базавых велічынь (575 рублёў).

Ганна Аземша пакараная штрафам 25 базавых велічынь (575 рублёў).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)