Здадзены да «Дажынак» парк — нерэнтабэльны й небясьпечны

Дзяржкантроль прызнаў, што падрыхтоўка Воршы да леташніх “Дажынак” праходзіла са значнымі фінансавымі ды іншымі парушэньнямі.

Дзіцячы парк на беразе Дняпра быў адным з самых шырока разрэклямаваных і ўхваленых гарадзкой адміністрацыяй аб’ектаў. І менавіта тут была ўзьведзена самая вялікая ў горадзе прыбіральня, супраць будаўніцтва якой пратэставалі многія аршанцы, бо з-за яе давялося пераносіць помнік Уладзімеру Караткевічу.

Як высьветлілася, парк аказаўся нерэнтабэльным: пастаўленыя ў ім атракцыёны ў поўную сілу працавалі толькі падчас леташніх “Дажынак”. У звычайныя дні абсталяваньне было загружана толькі на 40%, ды яшчэ ўсяго 50-60% працоўнага часу.Але атракцыёны набываліся ня толькі без уліку запатрабаванасьці — бясьпека дзяцей ня ўлічвалася таксама.

У прыватнасьці, не адпавядае нормам тэхнікі бясьпекі катальная горка, а штучнае пакрыцьцё спартовай пляцоўкі сапсавалася пасьля першага ж дажджу, бо не было прызначана для выкарыстаньня на адкрытым паветры. Пліты дэфармаваліся, і пляцоўка, пасьпяхова здадзеная будаўнікамі ў жніўні мінулага году, не функцыянуе.

Агульны кошт атракцыёнаў у Аршанскім дзіцячым парку аказаўся завышаны на амаль на 115 мільёнаў рублёў. Апрача гэтага, па завышаных коштах набываліся малыя архітэктурныя формы — канструкцыі для кветак і абсталяваньне для дзіцячых пляцовак. Тэрміны рэканструкцыі аб’екта, рыхтаванага да “Дажынак”, зацягнуліся замест 7 месяцаў на 11.

Кіраўніцтва Віцебскага абласнога аддзяленьня Дзяржкантролю цьвердзіць, што вінаватыя ў аршанскіх парушэньнях асобы будуць пакараныя.

Але парушэньні былі засьведчаны і на іншых аб’ектах, і ў прыватнасьці тых, якія дэманстраваліся ў якасьці справаздачы Аляксандру Лукашэнку падчас ягоных візытаў на Віцебшчыну. Да прыкладу, для культурна-спартовага цэнтру Лужасьнянскай гімназіі, якую Лукашэнка наведваў улетку, былі набытыя замежныя трэнажоры, якія каштавалі ад трох да сямі разоў даражэй за падобныя айчынныя вырабы.

Усяго падчас выкананьня будаўнічых прац у 2008 годзе пад кіраўніцтвам ўправы капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму было зафіксавана неэфэктыўнае выкарыстаньне 3,8 мільярда бюджэтных сродкаў, завышэньне кошту будаўнічых работ на 1 мільярд рублёў і нанясеньне шкоды дзяржаўнай маёмасьці на суму 299 мільёнаў рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)