Скандалы

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

«Зьбіваў, калоў іголкай і цягаў за вушы». Судзяць намесьніка дырэктара кадэцкай вучэльні ў Слуцку

У Слуцкім раённым судзе пачаўся працэс над былым намесьнікам дырэктара Менскай абласной кадэцкай вучэльні Анатолем Булгаком.

Анатоль Булгак на судзе. Фото: Радыё Свабода

Былога кіраўніка абвінавачваюць паводле 3 часткі арт. 428 — у перавышэньні ўлады з ужываньнем гвалту і зьнявагі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, Анатоль Булгак зьневажаў і зьбіваў навучэнцаў кадэцкай вучэльні, часам для зьдзекаў выкарыстоўваў іголкі.

У справе ня меней за 9 эпізодаў зьдзеку і гвалту над кадэтамі. Эпізоды прыпадаюць на 2014-2018 гады. Паводле матэрыялаў справы, Анатоль Булгак, былы намесьнік дырэктара, рэгулярна зьбіваў кадэтаў у сваім службовым кабінэце, але бывала, што зьбіваў у калідоры і фае вучэльні. Адзін эпізод зьбіцьця і брыдкаслоўя на адрас кадэта адносіцца да правядзеньня «Тыдня леса», калі вучняў далучалі да высаджваньня дрэваў.

Некалькі цытатаў з абвінавачаньня Булгака, якое зачытаў пракурор:

«Зьняважыў ды ўдарыў па галаве і ў жывот».

«Двойчы ўдарыў па патыліцы і ў жывот».

«Ударыў у твар».

«Двойчы ўдарыў па галаве і цягаў за вушы».

«Намаляваў надпіс на ілбе шарыкавай асадкай і ударыў у твар».

«Укалоў іголкай у ягадзіцу».

Віны не прызнае

Пра выстаўленае яму абвінавачаньне Анатоль Булгак заявіў суду:

«Не прызнаю віну цалкам». Анатоль Булгак пагадзіўся даваць паказаньні да допыту пацярпелых і сьведкаў. Тое, што ён ужываў гвалт да кадэтаў, абвінавачаны адмаўляў.

Абвінавачаны Анатоль Булгак прыйшоў у суд сам. Цяпер ён вайсковы пэнсіянэр, даў падпіску аб нявыезьдзе. Жыве ў Слуцку, дзе нарадзіўся ў 1952 годзе. Працаваў намесьнікам дырэктара кадэцкай вучэльні з 2010 году.

У яго абавязкі ўваходзіла ідэалягічнае выхаваньне, арганізацыя навучальнага працэсу і мэтадычнае забесьпячэньне. Акрамя гэтых абавязкаў, Булгак сам вёў у кадэцкай вучэльні вайсковую падрыхоўку і асновы вайсковай службы.

У працэсе бяруць удзел 5 курсантаў вучэльні, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі, і два дарослыя прадстаўнікі пацярпелых. У справе больш за 4 тамы. Працэс вядзе судзьдзя Аляксандр Галезьнік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(7)