Зьбіты міліцыяй актывіст Андрэй Моўчан – у шпіталі хуткай дапамогі (фота)

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан знайшоўся ў аддзяленьні траўматалёгіі бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі.

Палатны лекар Моўчана кажа: «Ну, зьбіты міліцыяй. Пакуль інфармацыі мы не даём, будзем яго даабсьледаваць, у яго, магчыма, пералом сківіцы».

Карэспандэнтка: «А пералом сківіцы дакладна ёсьць?»

«Пакуль ня ведаю, ідуць абсьледаваньні».

Карэспандэнтка: «А наагул, у якім ён стане?»

«У нармальным стане. Можаце прыйсьці з 17-й да 19-й, наведаць яго, паразмаўляць».

Карэспандэнтка: «Ён пры сьвядомасьці, у прытомнасьці?»

«Так, канечне, пры сьвядомасьці».

Карэспандэнтка: «Ён моцна пабіты?»

«Умерана. Вы проста ня бачылі, што такое моцна...»

Карэспандэнтка: «На вашае ўяўленьне — сярэдне?»

«Ну, калі ён у аддзяленьні знаходзіцца, а не ў рэанімацыі».

Актывіста грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Моўчана затрымалі 19 траўня. Ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ва Ўруччы на знак салідарнасьці з Сяргеем Каваленкам. Паводле папярэдняй высновы лекара, у Андрэя чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)