З каналу “Беларусь-ТБ” у Маскве запатрабавалі 45 мільёнаў даляраў
Кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі абвінавачвае гаспадароў маскоўскага кабэльнага апэратара “Мостелеком” у спробе спагнаць плату за рэтрансьляцыю праграмаў спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”. У расейскай кампаніі тлумачаць, што ня могуць рабіць выключэньня для Беларусі, бо тэхнічнае забесьпячэньне падачы сыгналу каштуе грошай.
У падкантрольным маскоўскаму ўраду “Мостелекоме” не
выключаюць, што загад “заблякаваць” Беларускае тэлебачаньне прыйшоў са
структураў, не зацікаўленых у ягонай інфармацыйнай прысутнасьці ў Маскве.
“Беларусь-ТБ”: “З
Масквой гандлявацца не зьбіраемся”
Галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі спадарожнікавага тэлеканалу “Беларусь-ТБ” Валеры Радуцкі кажа, што на ўсёй тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі праблемаў з трансьляцыяй каналу няма.
А вось Масква — іншая рэч: мясцовыя апэратары патрабуюць высокай платы. Між тым, Белтэлерадыёкампанія надзвычай зацікаўленая ў большым ахопе маскоўскай аўдыторыі, патэнцыял якой да ўжо існай колькасьці — каля 3 мільёнаў гледачоў:
“Ёсьць у Маскве такі апэратар “Мостелеком”. Дзякуючы ім мы хочам увайсьці ў кабэльныя сеткі Масквы. У нас ужо ёсьць дзьве дамовы з апэратарамі, нас глядзяць у Маскве, але мала — дзесьці каля мільёна чалавек.
А каб увайсьці ў “Мостелеком”, мы праводзілі перамовы на ўзроўні нават намесьніка мэра Масквы Валер’я Вінаградава.
А ў “Мостелекоме” нам кажуць: плаціце грошы, 15 даляраў з абанэнта. То бок, атрымліваецца 45 мільёнаў даляраў. І на ўсе нашы аргумэнты, маўляў, той жа “ТВ-Центр” ідзе ў Беларусі бясплатна, яны нам адказваюць — дык адключайце! А вас уключым толькі тады, калі заплаціце грошы”.
Карэспандэнт: “Нейкі парытэт можа быць? Вы згодныя на
якуюсьці суму?”
“Калі яны пачынаюць гандлявацца, то гэта ўжо сьмешна. Гавораць: ну, давайце 43, давайце 42. Але мы гандлявацца не зьбіраемся і за грошы працаваць зь імі ня будзем. Мне здаецца, што “Мостелеком” усё ж такі гаспадарчы суб’ект, які, груба кажучы, хоча “зрубіць з нас бабкі”. Таму што, зноў жа, няма ўпэўненасьці.
Калі мы запыталі: добра, мы вам заплацім — і тады будзем
пастаянна ў сетцы? Яны адказалі: ну, вы ж разумееце, да канца году — так, а
далей паглядзім. То бок, няма гарантыі. Дый потым, такія грошы — гэта ўжо
занадта”.
“Мостелеком”: “Нельга
выключаць палітычнай замовы”
Кіраўнік фінансавага дэпартамэнту акцыянэрнага таварыства “Мостелеком” Канстанцін Старасьцін у інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў, што колькасьць абанэнтаў кампаніі складае каля 3 мільёнаў чалавек.
Гэтаксама існуе і 15-даляравы тарыф за карыстаньне паслугамі, што натуральна для камэрцыйных дачыненьняў:
“Вы ж разумееце, што ў нас закладзеныя выдаткі на гэтую справу. Мы ня можам працаваць сабе ў страты нават зь меркаваньня падатковых адлічэньняў і г.д. Але тут зусім ня выключаны палітычны фактар, хоць я дакладна казаць не магу. Мы ж належым ураду Масквы часткова і ня можам асабліва штосьці прыдумляць.
Шчыра кажучы, Лукашэнку наш прэзыдэнт ня моцна любіць,
па-мойму. Таму, можа быць, гэта ўвогуле непрабіўная рэч, і ў выпадку чаго нас
нават пакараюць за актыўнасьць.
Каб там было ўсё, як кажуць, у шакалядзе, напэўна загадалі б — трансьлюйце, і ўсё. А калі гэтага ніхто ня робіць, значыць, альбо ня хочуць, каб гэта тут было, альбо ім проста ўсё роўна.
І тады кампаніі могуць дамаўляцца. Калі праблема толькі ў
тарыфе, то напэўна ўсё можна абмяркоўваць. А калі тут палітыка замяшаная, то
чаго мы туды палезем?”
Даведка.
Міжнародны спадарожнікавы канал “Беларусь-ТБ” трансьлюецца на замежжа ад 1
лютага 2005 году. Ён уваходзіць у структуру Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
Канал перадае інфармацыйныя, прапагандысцкія і забаўляльныя праграмы Першага
каналу, каналаў “Лад” і СТВ.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное