Скандалы
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Яшчэ аднаго чыноўніка судзяць за карупцыю

У Менскім абласным судзе 23 сакавіка пачнуць судзіць былога кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менска Міхаіла Цыгана, якога абвінавачваюць ў хабарніцтве і шэрагу іншых злачынствах.

Справа Міхаіла Цыгана расьсьледавалася болей за год, між тым інфармацыя пра яе абмежаваная. Вядома, што чыноўніка абвінавачваюць ня толькі ў хабарніцтве і службовых злоўжываньнях, але і ў незаконных дзеяньнях са зброяй.

Паводле былога адваката, праваабаронцы Гары Паганяйлы звычайна зьяўленьне ў справе высокапастаўленага хабарніка яшчэ і эпізоду пра зброю азначае, што доказы карупцыі не хапала і на падсьледнага ціснулі праз артыкул аб зброі. Гары Паганяйла нагадаў справу былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, якога таксама абвінавачвалі ў законным захоўваньні патронаў. Праваабаронца бачыць аналёгіі ня толькі ў гэтым:

“Адбыўся арышт Сьнегіра, кароткая згадка пра тое, што злоўжываў службовым становішчам, з кватэрай, паводле службы, і ўсё. Ціха перадалі справу ў суд, суд вядзе слуханьні ў закрытым рэжыме. Гэтак сама разглядалася справа супроць службовых асобаў МУС і абласной Гомельскай міліцыі і шэрагу іншых. Як бачым, дзяржава ня хоча даваць адкрытыя зьвесткі аб шырокай масавай карупцыі, прычым у саміх высокіх эшалёнах ўлады”.

Час ад часу чыноўнікаў асуджаюць за карупцыю, але іх далейшыя лёсы складваюцца па-рознаму. У 2004-м годзе кіраўніцу справамі прэзыдэнта Галіну Жураўкову асудзілі за крадзеж 2 мільёнаў даляраў на 4 гады зьняволеньня, але жанчына не адбыла за кратамі ані дня. Жураўкову памілаваў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін гучны антыкарупцыйны працэс адбыўся ў 2007-м годзе – судзілі за махлярства першага намесьніка ідэалягічнай управы адміністрацыі Лакашэнкі Ўладзімера Холада. Справа разглядалася за зачыненымі дзьвярыма, Холада прызналі вінаватым і асудзілі на 8 гадоў. Вядома, што ў апошнім слове ён казаў, што стаў ахвярай правакацыі.

Экс-пракурора Міхаіла Сьнегіра судзяць за карупцыю ўжо болей паўгоду, падрабязнасьці працэсу невядомыя.

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае яшчэ адну асаблівасьць барацьбы з карупцыяй у Беларусі: без дазволу кіраўніка краіны чыноўніка з кадравага рэзэрву прэзыдэнта немагчыма прыцягнуць да адказнасьці. Таксама Аляксандр Лукашэнка мае права памілаваць тых чыноўнікаў, якія павініліся і кампэнсавалі страты. Гары Паганяйла кажа пра сыстэму па-за судовага выцягваньня грошай.

“Па-сутнасьці гэта вымагальніцтва ў людзей, якія патрапілі ў такую няпростую сытуацыю, таго, што “накралі і таго, што зарабілі”. Такі незаконны зборы грошай, “рэвалюцыйныя экспрапрыяцыі” цалкам недарэчныя для прававой дзяржавы”.

Адным з тых, каго вызвалілі ад крымінальнага перасьледу пасьля выплаты кампэнсацыі, быў вядомы бізьнесоўца Яўген Шыгалаў, былы дырэктар гандлёвага дому “Ждановічы”.

Яшчэ адзін прыкмены факт: нядаўна быў прызначаны дырэктарам МАЗу Аляксандр Бароўскі, былы кіраўнік “Белнафтахіму”, асуджаны ў 2008 годзе за крадзеж на 5 гадоў калёніі. Ужо праз 9 месяцаў пасьля суду Бароўскі быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)