Ярмошына «сваіх не здае»

Газета «Свабода» паведамляла ўжо раней пра сябра Мухавецкай акруговай выбарчай камісіі № 4 Аляксандра Францэвіча, які працуе ў Маларыцкім райвыканкаме (Брэсцкая вобласць) на пасадзе начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы. На мінулых парламенцкіх выбарах ён давёў старшыню камісіі Сямёна Клеймана да інфаркту тым, што не выканаў яго патрабавання – не дапусціў да падліку бюлетэняў і выніковых пратаколаў прадстаўніка Партыі БНФ Валерыя Карпінчыка, які ўваходзіў у камісію. Аляксандр Францэвіч сам, без сведкаў, правёў тады канчатковы падлік бюлетэняў у выканкаме.

Сёлета тая гісторыя мела працяг. Юрыст-праваабаронца Ўладзімір Малей звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам, Брэсцкі аблвыканкам і прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў з заявамі, у якіх патрабаваў выключыць са складу Мухавецкай акруговай выбарчай камісіі № 4 згаданага Аляксандра Францэвіча.

На заяву Ўладзіміра Малея адгукнулася старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая ў сваім лісце (№ 01-09/М-38) адказала, што «патрабаванне не заснавана на нормах выбарчага заканадаўства». А намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык напісаў у сваімп адказе (04-13/22/1): «Ваша стаўленне да сябра камісіі Францэвіча А. У. носіць суб'ектыўны характар і не з'яўляецца нагодай для выключэння яго са складу камісіі».

Удзельнікам выбарчага працэсу на Берасцейшчыне застаецца толькі чакаць і баяцца — што гэтым разам прыдумае спадар Францэвіч, на якія ахвяры пойдзе, каб вынікі выбараў адпавядалі тым, якіх чакае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)