Скандалы

Як першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне судзілі за пратэсты супраць інтэграцыі

Судовы працэс адбываўся ў будынку, у якім раней месьціўся Беларускі гуманітарны ліцэй, там Пётра Садоўскі выкладаў нямецкую мову. Рэпартаж Радыё Свабода.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы супраць 80-гадовага Пётры Садоўскага за ўдзел у мітынгу супраць інтэграцыі 7 і 8 сьнежня.

Супраць былога дэпутата Вярхоўнага Савету, першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне і наагул першага амбасадара ў гісторыі незалежнай Беларусі, 80-гадовага Пётры Садоўскага быў распачаты адміністрацыйны працэс.

Яго судзяць паводле артыкулу 23.34 КаАП за выступы на мітынгах 7–8 сьнежня з прыступак Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы.

Падтрымаць Садоўскага прыйшлі каля дваццаці чалавек, сярод іх Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Лявонці Зданевіч, Анатоль Сідарэвіч, Ніна Багінская і іншыя.

«Я выступаю супраць агрэсіўнай, гібрыднай, эканамічнай экспансіі Расеі»

На пачатку суду Пётра Садоўскі заявіў, што працэс не падрыхтаваны. Ён прасіў не адкладаць разгляд справы, але прапанаваў кампраміс.

Садоўскі пагадзіўся панесьці кожнае пакараньне, калі суд прыме асобную пастанову на адрас Савецкага РУУС з прычыны наяўнасьці «прыкметаў ілжэсьведчаньня ў паказаньнях міліцыянтаў падчас выкананьня імі службовых абавязкаў у ахове грамадзкага парадку 7–8 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы».

У выпадку пакараньня штрафам Пётра Садоўскі папрасіў, каб з пэнсіі ў яго штомесяц вылічвалі ня больш за 10%, бо пэнсія, на якую ён жыве, апранаецца і лекуецца, складае 560 рублёў.

Да таго ж у ліпені Садоўскі павінен сабраць каля 700 даляраў паводле дамовы з Клецкім камбінатам рытуальных паслуг, каб паставіць помнік на магіле жонкі.

Судзьдзя Іван Касьцян адхіліў «на гэтым этапе» хадайніцтва Пётры Садоўскага пра асобную пастанову. Але паабяцаў разгледзець пытаньне ў выніковым рашэньні.

Пётра Садоўскі і Анатоль Сідарэвіч

На пытаньне судзьдзі, чаму быў прысьвечаны мітынг 8 сьнежня, Садоўскі адказаў, што «мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй — гэта памылковы тэрмін».

— Я асабіста не прызнаю гэтага. Інтэграцыя і ў Эўропе ёсьць. У выступе 8 сьнежня ў мяне былі 2 пункты. Я гаварыў, што выступаю супраць агрэсіўнай, гібрыднай эканамічнай экспансіі Расеі».

«Жыве Беларусь» — гэта словы зь верша Янкі Купалы.

Судзьдзя спытаў Садоўскага, ці ведаў ён, быў санкцыянаваны мітынг гарвыканкамам або не.

— 7-га я прыйшоў у канцы мітынгу. У мяне ў падʼезьдзе жывуць два палкоўнікі, я спытаўся. Яны кажуць, што як бы ёсьць неафіцыйны дазвол, бо Лукашэнка вядзе цяжкія перамовы з Пуціным. Вечарам дзяржаўныя СМІ напісалі: гляньце, як народ падтрымлівае цяжкія перамовы прэзыдэнта. А 8-га я ведаў, што мітынг не дазволены Менгарвыканкамам.

Садоўскі заявіў, што не трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг, а быў з парасонам. Судзьдзя спытаў, ці выкрыкваў ён лёзунгі.

— Я сур’ёзны чалавек. Я толькі адзін раз сказаў «Жыве Беларусь!» 7 сьнежня, пасьля таго як цытаваў верш Уладзімера Някляева «І расступілася зямля», сказаўшы, што гэтыя падзеі я разглядаю як працяг віленскіх.

І ўзгадаў, як я прасьпяваў «А ў бары, бары тры дарожанькі» Купалы, як рабілі гэта мы, дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, у 1991 годзе, калі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону нашай Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Для міліцыі я тлумачыў, што «Жыве Беларусь!» — гэта словы зь верша Янкі Купалы».

Паводле Пётры Садоўскага, 8 сьнежня ён не крычаў «Жыве Беларусь», у выступе ўжыў тэрмін «гібрыдная, агрэсіўная эканамічная інтэграцыя».

— І ў гэтай частцы я як філёляг зьвязваў агульную сытуацыю з тым мітынгам. Прэзыдэнт пазьней пацьвердзіў мае словы. І ў інтэрвію «Эху Москвы» казаў, што на плошчы агенты ўплыву, людзі, якія хочуць дэстабілізаваць абстаноўку. Я разьбіраў такі тэзіс, што наш прэзыдэнт, гаворачы ў асноўным на расейскай мове, часам уключае беларускія фрагмэнты, прычым з нэгатыўнай канатацыяй, перакрыўляе твар..., — казаў Садоўскі.

Тут судзьдзя запярэчыў. Але Садоўскі працягнуў:

— Гэта вельмі істотна. Я не гаварыў і не рабіў тое, што сьцьвярджаюць міліцыянты. Які сьцяг? Якія выкрыкі? Я выступаў як філёляг, дацэнт, кандыдат навук і гаварыў, што з пункту гледжаньня псыхалёгіі ўспрыманьня гэта ёсьць распальваньне грамадзянскай варожасьці паводле моўнай прыкметы. Вось што было 8-га. Я прайшоўся па горадзе і ўсё. 8-га я нават лёзунг «Жыве Беларусь» не ўжываў. І ня ў той час я там быў, — сказаў падсудны.

Як дапытвалі сьведак-міліцыянтаў?

У суд выклікалі двух сьведак-міліцыянтаў. Іх сьведчаньні ў судзе разыходзіліся з запісаным у пратаколе.

Міліцыянт Андрэй Штоп сказаў, што Садоўскі ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і выкрыкваў «Жыве Беларусь!». Судзьдзя спытаў, ці трымаў Садоўскі бел-чырвона-белы сьцяг:

«Вы ведаеце, не, па-мойму, не трымаў», — сказаў міліцыянт. У канцы паказаньняў ён сказаў: «Я дапускаю, што ён мог трымаць сьцяг, але дакладна не памятаю».

Садоўскі спытаўся ў міліцыянта, што заганнага ён бачыць у прамаўленьні словаў «Жыве Беларусь!». Аднак судзьдзя зьняў гэтае пытаньне, бо яно, маўляў, ня мае дачыненьня да справы.

Садоўскі спытаў, ці міліцыянт сам пісаў пратакол, ці яму быў прапанаваны загадзя падрыхтаваны тэкст, бо паказаньні супадаюць з запісаным у пратаколе за 7 сьнежня, «слова ў слова, толькі разыходжаньне на 5 хвілін». Міліцыянт на гэтае пытаньне не адказаў.

Пятро Садоўскі таксама зрабіў заўвагу, што пратакол складзены «нечытэльна, неахайна — «ці пʼяны быў, ці курынай лапай пісаў, прозьвішчы я чытаў з лупай».

Другі сьведка, міліцыянт Раман Герасімовіч, сказаў, што Садоўскі разам з усімі праводзіў мітынг і таксама выкрыкваў лёзунг «Жыве Беларусь». На пытаньне, ці трымаў ён бел-чырвона-белы сьцяг, адказаў, што «ня бачыў».

Таксама міліцыянт ня змог патлумачыць, хто запаўняў пратакол і чаму паказаньні і пра 7-га, і пра 8 сьнежня супадаюць слова ў слова.

 

У матэрыялах справы аб 8 сьнежня ёсьць фатаздымак з Садоўскім, на якім, аднак, не пазначаны час, калі ён быў зроблены.

Судзьдзя спачатку перапыніў слуханьняе справы да 16 гадзін, але потым стала вядома, што яна перанесена на 9 студзеня.

На фота зусім іншы чалавек

Пасьля першага слуханьня справы Пётры Садоўскага за ўдзел у акцыі пратэсту 8 сьнежня супраць яго пачаўся іншы працэс — за акцыю 7 сьнежня і паводле таго ж арт. 23.34 КаАП.

Гэты працэс вяла судзьдзя Юлія Густыр, якая на просьбу Садоўскага перайшла на беларускую мову. Пасьля таго як высьветлілася, што на далучаным да міліцэйскага пратаколу фота зусім іншы чалавек, паседжаньне суду было спынена. Працяг гэтай справы таксама адклалі на 9 студзеня.

Судовы працэс адбываўся ў будынку, у якім раней месьціўся Беларускі гуманітарны ліцэй, там Садоўскі выкладаў нямецкую мову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(38)