Скандалы
Мікола Чарняўскі

Як Наста Палажанка з начальнікам турмы спрачалася

У сувязі з другой скаргай Змітра Дашкевіча ў генпракуратуру намесніца старшыні «Маладога фронта» Наста Палажанка наведала адміністрацыю следчай турмы №8, дзе мела размову з яе начальнікам.

Зміцер Дашкевіч накіраваў у Генеральную пракуратуру другую скаргу, дзе настойліва патрабуе правесці праверку на прадмет парушэння нормаў Канстытуцыі Беларусі кіраўніцтвам следчай турмы №8, паведамляе прэс-служба «Маладога фронта».

Справа ў тым, што пасля першай скаргі яго выклікалі да начальства турмы. Але замест таго, каб выправіць памылкі сваіх падначаленых і папрасіць прабачэння, начальнік СТ-8 па аперытыўна-рэжымнай працы ў грубай форме агаломшыў Змітра тым, што ён не мае права размаўляць на мове свайго народу. Калі Дашкевіч паспрабаваў апраўдацца тым, што гэта ж па Канстытуцыі дзяржаўная мова нашай краіны і ён мае права на ёй размаўляць, яму было заяўлена, што ён аднабакова інтэрпрэтуе Канстытуцыю, перакручваючы яе палажэнні на свой бок. Змітру сказалі, што паводле нейкіх законаў ён абавязаны размаўляць па-расейску.

Дашкевіч у адказ заявіў, што калі кіраўніцтва турмы не разумее дзяржаўнай мовы, няхай наймае перакладчыка. І каб спыніць спрэчку адмовіўся размаўляць з намеснікам начальніка СТ-8.

У адказ кіраўнік аператыўна-рэжымнай працы ў СТ-8 заявіў, што на Дашкевіча будзе складзены рапарт за грубую размову з начальствам. Але так і не зразумела, што сталася той грубасцю: адмова ад гутаркі ці парада наконт перакладчыка.

З гэтай нагоды Наста Палажанка наведала Адміністрацыю СТ-8 і сустрэлася з начальнікам турмы.

Дзяўчына прыехала з Канстытуцыяй РБ, з намерам звярнуць увагу на тыя правы, што мае Дашкевіч, але якiх яго хочуць пазбавіць. Заўважыўшы Канстытуцыю ў яе руках начальнік сказаў: «Ды што Вы мне кажаце? Якія ў яго могуць быць праблемы? Ёсць жа 17 артыкул Канстытуцыі РБ, якi пра што кажа?» — відаць хацеў яе праэкзаменаваць.

— Пра тое, што ў нашай краіне 2 дзяржаўныя мовы.

Наста Палажанка нагадала яшчэ ў давесак пра 50 артыкул Канстытуцыі — «Кожны мае права захоўваць нацыянальную прыналежнасць і карыстацца роднай моваю. Дзяржава гарантуе свабоду выбару мовы. Знявага нацыянальнай годнасці караецца законам.»

Палажанка папрасіла спыніць моўную дыскрымінацыю і перастаць ствараць Змітру штучныя праблемы. На што начальнік паабяцаў, што праблем такіх больш не будзе, спаслаўшыся на тое, што ў турме працуюць розныя людзі, хто з вышэйшай адукацыяй, а хто з 10-цю класамі адукацыі.

Начальнік імкнуўся пераканаць маладафронтаўку, што гэта адзінкавы выпадак, які не паўторыцца.

– Будзем спадзявацца, што моўны інцыдэнт спынены. Калі інакш – мы будзем рэагаваць у дальнейшым, — камэнтуе Наста Палажанка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)