Скандалы

У Віцебску за наркотыкі затрымалі шклоўскага міліцыянта?

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці пракамэнтавалі распаўсюджаную ў сеціве інфармацыю пра меркаванае затрыманьне опэрупаўнаважанага Шклоўскага РАУС, паведамляе Радыё Свабода.

Парталу TUT.BY іх пацьвердзіла інфармаваная крыніца.

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Аксана Лазько паведаміла карэспандэнту Свабоды, што 10 лютага супрацоўнікі міліцыі «падчас апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў па спыненьні дзейнасьці інтэрнэт-крамы па продажы наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў» затрымалі 24-гадовага жыхара Шклоўскага раёну.

— У яго пры асабістым вобшуку знайшлі і сканфіскавалі асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва альфа-PVP масай больш за 29 грамаў. Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу па ч. 3 арт. 328 КК РБ. Мужчына затрыманы, зь ім праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні.

На пытаньне, ці сапраўды гэта быў опэрупаўнаважаны Шклоўскага РАУС, Аксана Лазько не адказала.

У Шклоўскім РАУС таксама не адказалі на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці сапраўды затрыманы опэрупаўнаважаны, і параілі зьвярнуцца ў прэс-службу Магілёўскай абласной міліцыі. На момант публікацыі атрымаць адтуль камэнтар нам не ўдалося.

 
 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)