У Іўеўскім раене гарэў шляхецкі палац XIX стагоддзя (фота, відэа)

У мястэчку Жамыслаўе Іўеўскага раёну гарэў палац Умястоўскіх.

Людзі заўважылі дым з-пад страхі палацу апаўдні, калі ішлі сустракаць кароў. Пажарных машын наехала з усяго раёну. Каб пагасіць агонь, давялося зрываць бляшаную страху.

Разьехаліся пажарныя толькі пад 19-ю гадзіну.

Тутэйшыя жыхары кажуць, што палац прастаяў паўтара стагодзьдзя, не згарэў у войны. Хоць будынак некалькі гадоў стаіць пакінутым, палюбавацца на яго прыяжджаюць шмат экскурсій з краіны і з-за мяжы.

Палац дагэтуль лічыцца на балянсе мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву.

Палац Умястоўскіх у Жамыслаўі быў пабудаваны на самым пачатку XIX ст. як зьменшаная копія Лазенкаўскага палацу ў Варшаве. Гэты комплекс будынкаў і цудоўны парк яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны належаў прыватным шляхецкім радам, а пасьля Віленскаму ўнівэрсытэту. З прыходам савецкай арміі ён быў перададзены мясцоваму калгасу. Цяпер калгас пакінуў будынак і каторы год ён, фактычна безгаспадарны, развальваецца на вачох.

МНС па Гарадзенскай вобласьці: Пажар пагасілі за гадзіну

Паводле прэсавага сакратара Гарадзенскай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Натальлі Жывалеўскай, пажар узьнік а 12 гадзіне дня і прыкладна праз гадзіну быў патушаны. Згарэла частка даху на плошчы прыкладна 20 квадратных мэтраў. У тушэньні бралі ўдзел 6 пажарных разьлікаў. Пацярпелых няма.

«Меркаваная прычына пажару — парушэньне супрацьпажарных патрабаваньняў пры правядзеньні агнявых работ падчас дэмантажу труб ацяпленьня», — паведаміла «Свабодзе» Натальля Жывалеўская з МНС.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)