У гамельчука за два тыдні памерлі чацвёра сваякоў: «Бацькі заразіліся каронай ад дачкі»

Трагічную гісторыю расказаў Аляксандр. Ад каранавіруса памерла цэлая сям’я: пажылыя бацькі і іх дачка. А пасля памёр іх сваяк з Расіі: ад навінаў з Гомеля не вытрывала сэрца.

— Спачатку захварэла мая стрыечная сястра Марына Шырынкіна. Ёй было 58 гадоў, — узгадвае Аляксандр. — Марына была мастацкім кіраўніком студэнцкага клуба Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Калі яна захварэла, то 8 дзён праляжала дома, яе не шпіталізавалі. Чаму — дакладна не ведаю.

Але пасля стан пагоршыўся, Марыну ўсё ж паклалі ў бальніцу. Дыягнаставалі пнеўманію. Паклалі ў інтэнсіўную тэрапію».

У Марыны двое старых бацькоў: Маі Абрамаўне 79 гадоў, Барысу Георгіевічу 84 гады. Жанчына не жыла з бацькамі, але актыўна ім дапамагала, бо ў бацькі даўно быў Альцгеймер, а ў маці ампутаваная нага. Сваякі мяркуюць, што старыя падхапілі «карону» ад дачкі.

— У старых, здавалася, было адносна моцнае здароўе, бо абое былыя спартоўцы. Мая Абрамаўна працавала 20 гадоў настаўніцай фізкультуры, пасля трэнерам па гімнастыцы. Яе муж таксама раней быў трэнерам, — кажа Аляксандр. — Але ж праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі Марыны ў бальніцу забралі і абаіх яе бацькоў.

Марыне Шырынкінай лепш не станавілася. Жанчыну перавялі ў рэанімацыю, падключылі да ШВЛ.

— Тэсты на «карону» Марыне і яе бацькам рабілі, вірус быў ва ўсіх траіх. У Марыны быў дыябет, але ў пасведчанні аб смерці неяк хітра сфармулявалі, што яна памерла ад пнеўманіі, якую ўскладніў каранавірус.

Яе матулі, Маі Абрамаўне, мы пра смерць дачкі не казалі: дактары забаранілі, бо старая на той момант сама была ў рэанімацыі. Але яна сама адчувала штосьці. Яшчэ калі яе адвозілі ў бальніцу, казала: «Баюся, што Марына памрэ, а я ж нават не змагу яе пахаваць».

Сумны прагноз спраўдзіўся. У ноч на 24 чэрвеня Марына сапраўды памерла. Сваякі пахавалі яе самі.

Мая Абрамаўна Шырынкіна

— Праз тры дні, 27 чэрвеня, памерла і Мая Абрамаўна. У бальніцы паведамілі, што ў жанчыны было пашкоджана 80% лёгкіх. Маўляў, з такім дыягназам нават не ўсе маладыя выжываюць. Таксама дактары папярэдзілі: у Барыса Георгіевіча шанцаў выжыць амаль няма.

— Родны брат Барыса, Міхаіл Георгіевіч, жыў у Расіі, у Курску. Міхаіл быў гадоў на 10 малодшы. Яны абодва гродзенскія габрэі, але пасля лёс іх так раскідаў. І мы паведамілі Міхаілу, што памерла Марына і Мая Абрамаўна, што Барыс у бальніцы ў цяжкім стане і амаль без шанцаў… На наступны дзень перазваніў сын Міхаіла, сказаў, што бацька не вытрываў навінаў, у яго інфаркт. А праз пару гадзін перазваніў зноў — Міхаіл Георгіевіч памёр.

Барыс Шырынкін пратрымаўся даўжэй. Ён памёр 6 ліпеня.

«За некалькі дзён з Шырынкіных фактычна засталося два чалавекі: сын Міхаіла, які жыве ў Курску, і яшчэ адзін далёкі сваяк у ЗША», — кажа Аляксандр.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.8 (оценок:12)