Скандалы

СМІ: У Гомелі пасьля затрыманьня памёр 25-гадовы хлопец

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці маладога чалавека.

25-гадовы гамяльчук Аляксандр Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю. На затрыманых у Гомлі не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Аўтамабілі з арыштаванымі стаяць гадзінамі ў доўгіх чэргах на сонцапёку.

— У адным з аўтазакаў быў і Саша.... Ён не ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыю. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу, — плача ягоная маці.

У Аляксандра, паводле слоў маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.

— Ён крычаў, прасіў дапамогі.... І канвой падумаў, што ён неадэкватны і завёз яго ў псыхіятрычны шпіталь. Там вопытны лекар зразумеў, што праблемы не з псыхікай... Яму выклікалі брыгаду хуткай і перавезьлі ў бліжэйшы шпіталь — сухотны, які знаходзіцца каля псыхіятрычнага...Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезьлі ў стане клічнай сьмерці, — распавядае маці. Яна ня ўбачыла свайго сына ў моргу.

— Мне адмовіліся яго паказваць, я думаю. Што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай распавядуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына, — зазначыла маці.

Радыё Свабода зьвярнулася ў прэс-службу МУС па Гомельскай вобласьці. Там перанакіравалі ў прэс-службу Сьледчага камітэту. Тэлефоны прэсавага прадстаўніка СК па Гомельскай вобласьці пакуль не адказваюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(14)