Скандалы
Сяргей Астраўцоў, ”Радыё Свабода”

Слуханьні ў “справе пра экстрэмізм” пачнуцца ў кастрычніку

У Кастрычніцкім раённы судзе Горадні папярэдне апыталі чатырох чалавек. На пытаньні судзьдзі Аляксандра Сядзька адказалі сябра АГП Уладзімер Ларын, журналіст Анджэй Пісальнік, студэнт-каліновец Аляксей Трубкін і беспрацоўны зь Іўеўскага раёну Дзьмітры Ёдка.

Праваабаронца Валеры Шчукін, студэнты-каліноўцы Яўген Скрабутан, Дзьмітры Мальчык, а таксама Юры Марціновіч і Барыс Гарэцкі ў суд не зьявіліся.

А.Сядзько паведаміў, што ў першых чыслах кастрычніка ўсе фігуратны справы атрымаюць позвы на судовае паседжаньне.

Нагадаем, Ува ўсіх выкліканых у розны час былі сканфіскаваныя выданьні, у якіх КДБ падазрае экстрэмісцкі зьмест і хоча, каб суд вызначыў гэта дакладна.

Анджэй Пісальнік працаваў дагэтуль карэспандэнтам польскай газэты “Rzeczpospolita” ў Маскве, цяпер ён адпачывае пасьля хваробы дома ў Горадні. Два з паловай гады таму гарадзенскія мытнікі сканфіскавалі ў Пісальніка, калі ён вяртаўся з Польшчы, газэту “Głos znad Niemna na uchodźstwie”. Цяпер гэты газэтны паасобнік фігуруе ў заяве КДБ у суд.

“Усё гэта нагадвае нейкую шырокую акцыю, нават беспрэцэдэнтную, бо раней я ня чуў, каб такую працэдуру пачыналі органы КДБ, – гаворыць Анджэй Пісальнік. – Можа, гэта спроба стварыць новую схему перасьледу, ня ведаю. Бо тут галоўнае – якія будуць наступствы гэтага грамадзянскага разбору ў судзе. Калі гэта скончыцца толькі зьнішчэньнем сканфіскаваных матэрыялаў, то гэта адно, а калі суд прыме іншае рашэньне і ў ім будзе сапраўды мова пра экстрэмізм, то гэта будзе азначаць крымінальны перасьлед”.

Сканфіскаваны ў Пісальніка нумар “Głosu znad Niemna na uchodźstwie” прааналізаваў Андрэй Пачобут, які працуе для польскай “Gazety Wyborczej”:

“Я браў удзел у выпуску гэтага нумару і фактычна падпісваў яго да друку. Не Пісальнік, а я падпісваў. Акрамя таго, у 2006 годзе мяне затрымала міліцыя ў Менску, у мяне было трыста асобнікаў гэтага нумару газэты, і я быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці. Таму, калі гэты нумар будзе прызнаны экстрэмісцкім і калі будзе заведзена крымінальная справа, то я буду адным з фігурантаў гэтай справы... Безумоўна, ніякага экстрэмізму ў гэтым нумары няма. Мы не маглі зразумець, што яны там знайшлі. Анджэй ня быў паінфармаваны пра тое, што сталася беспасярэдняй прычынай. Я спадзяюся, што ў судзе супрацоўнікі КДБ, якія будуць прадстаўляць інтарэсы дзяржавы, паведамяць – што ж канкрэтна ім там не спадабалася”.

Андрэй Пачобут зазначае: на першай старонцы гэтага нумару газэты “Głos znad Niemna na uchodźstwie” статуя Хрыста, што стаіць на ўваходзе ў гарадзенскі Катэдральны касьцёл, ёсьць у нумары артыкул публіцыста Аляксандра Фядуты, ёсьць публікацыі пра не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, а таксама надрукаваны выказваньні польскіх сэнатараў у падтрымку гэтай грамадзкай арганізацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)