Скандалы
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

Расійскі фонд, які дапамагаў Наваросіі, зрабіў падарунак Мінскай сувораўскай вучэльні

2 кастрычніка з удзелам мітрапаліта Паўла ў Мінскай сувораўскай вучэльні адбылася «ўрачыстая сустрэча каўчэга з часціцамі мошчаў Георгія Пабеданосца, Дзмітрыя Салунскага і Феадора Ушакова».

Пра гэта паведамляе сайт беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.

Мерапрыемства адбылося з дабраслаўлення маскоўскага патрыярха і адразу па дзвюх лініях: у межах супрацоўніцтва Рускай праваслаўнай царквы і беларускага Міністэрства абароны, а таксама ў межах расійскай праграмы па «Духоўным умацаванні расійскага воінства», якую праводзіць «Усясветны рускі народны сабор».

Паводле плана, цяпер гэтыя «мошчы» застануцца ў храме на тэрыторыі вучэльні, як падарунак ад грамадскага аб'яднання «Маскоўскія сувораўцы» і Дабрачыннага фонда святога пакутніка Ваніфація.

Трэба надаць увагу дарыцелям — фонду пакутніка Ваніфація, прадстаўленага ў Мінску «віцэ-прэзідэнтам» Наталляй Мезенцавай.

Неўзабаве пасля анексіі Крыма фонд пакутніка Ваніфація падарыў тыя ж самыя «мошчы» і Чарнаморскаму флоту Расіі, што месціцца ў Севастопалі.

Потым фонд паехаў ва Украіну, на тэрыторыю непрызнанай «Луганскай рэспублікі», дзе кіраўнікі фонда — тыя ж самыя людзі, што былі ў Мінску — мелі сустрэчу з кіраўніком «ЛНР» Платніцкім.

Яны прывезлі ў дар Луганску абразы, каб «гэтай хрысціянскай воляй і святыняй дапамагчы Наваросіі, Луганскай народнай рэспубліцы і Данецкай народнай рэспубліцы стаць на ногі».

«Віцэ-прэзідэнт» фонда пакутніка Ваніфація Наталля Мезенцава атрымлівае падзяку ад генерал-маёра Віктара Лісоўскага, камандуючага вучэльні

Таксама ў будынку Луганскай філармоніі Наталля Мезенцава «ў знак прызнання» ўзнагароджвала «медалямі» фонда «тых герояў, якія ўпрыгожылі сваімі подзвігамі Луганскую зямлю».

Цалкам размову Платніцкага і Мезенцавай можна паглядзець на відэа.

Апроч таго, гэты фонд выдае дзіцячыя буквары «ДНР», а тая Мезенцава дзе толькі не свяцілася — нават інспектавала вытворчасць труб на Данбасе і заяўляла расійскім СМІ аб адкрыцці гандлёвых дамоў у «ДНР».

А «Усясветны Рускі Народны Сабор» хаця афіцыйна і не спрычыньваўся да падтрымкі баевікоў Данбаса, расійскія СМІ неяк паведамлялі пра кулуарныя размовы на сходзе Сабора, дзе муфцій Стаўрапольскага края хваліўся тым, што мусульмане едуць ваяваць у «Наваросію», бо, маўляў, «моцнае праваслаўе — гарант моцнага ісламу».

З просьбай патлумачыць сітуацыю «Наша Ніва» датэлефанавалася да Мінскай сувораўскай вучэльні, але тамтэйшы ідэолаг, палкоўнік Дзмітрый Верабей кінуў трубку з парадай звяртацца па каментарый да царквы.

А начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Міністэрства абароны, да якога адносіцца МСВ, Уладзімір Макараў, тройчы паўтарыў, што мерапрыемства адбылося «у межах рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж праваслаўнай царквой і ўзброенымі сіламі і ў межах закону «аб свабодзе сумлення».

На пытанне, дзе ў час праваслаўнага малебна былі дзеці іншых веравызнанняў, Макараў адказу не даў, сказаўшы, што ніякіх рэлігійных супярэчнасцяў у войску няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)