Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: «Рэжым не зацікаўлены ў заахвочванні здрады з боку сваіх апанентаў»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч абмеркаваў з Филином прысуд Раману Пратасевічу, а таксама паразважаў над прычынамі і наступствамі пасадкі самалёта ў траўні 2021 года.

Аляксандр Пашкевіч

— Пратасевічу суд адмераў заўважна менш, чым іншым фігурантам справы, нават яшчэ і два гады скінуў. І тым не менш, гэта суровы прысуд, зважаючы на тое, што ён актыўна супрацоўнічаў, удзельнічаў у прапагандысцкіх гульнях.

Гэта асаблівасць аўтарытарных рэжымаў, якія проста выкарыстоўваюць людзей у сваіх інтарэсах? Ці помста за падзеі 2020-га?

— Я бы не сказаў, што тут варта нешта абагульняць наконт аўтарытарных рэжымаў, што яны нешта не даруюць. Тут можна сказаць, што не збіраецца нікому дараваць канкрэтна рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

І тое, што Пратасевіч атрымаў вялікі тэрмін, ды яшчэ ўзмоцненага рэжыму, сведчыць хутчэй пра тое, што цяперашнія ўлады не зацікаўленыя ў заахвочванні здрады з боку сваіх апанентаў. І не лічаць патрэбным па нейкіх прычынах уносіць раскол, каб знакавыя асобы ішлі на супрацоўніцтва з рэжымам.

Чамусьці ім гэта не патрэбна. І яны гэта дэманструюць такім вось прысудам. Мы ведаем, што так і да гэтага было, бо акрамя Пратасевіча ці якога Васкрасенскага цяжка ўзгадаць нейкіх людзей, якія аказвалі б любыя паслугі, якія патрабуе ад іх рэжым.

І гэта звязана з тым, што, як мы ведаем, любое супрацоўніцтва са следствам, прызнанне віны, сведчанні і нават здача іншых людзей — усё гэта ніяк не адбівалася на прысудзе. І даносчыкі, і тыя, хто не вытрымаў выпрабаванняў, атрымлівалі фактычна аднолькавыя тэрміны.

Сённяшні прысуд лішні раз падкрэслівае, што рэжыму гэта не патрэбна. А таксама ў чарговы раз пацвярджае, якой фікцыяй з’яўляецца камісія на чале з генпракурорам Шведам, што разглядае справы беларусаў, якія з’ехалі за мяжу.

Сённяшняя гісторыя паказвае, што ніхто не зацікаўлены ў тым, каб у гэтую камісію падавалі заявы. Бо што б ты не рабіў, цябе ўсё адно не пашкадуюць.

— То бок, гэта можа стаць добрым урокам для тых, хто ўжо стаіць перад выбарам — ці ісці на супрацоўніцтва з рэжымам?

— Гэта, можна сказаць, такое папярэджанне. Маўляў, не разлічвайце на тое, што калі вы выканаеце ўсе ўмовы рэжыму, то ён вас не пасадзіць і дасць нейкія бонусы.

Іншая справа, што з Пратасевічам гісторыя відавочна яшчэ да канца не завершаная. Яго яшчэ не ўзялі пад варту, да канца апеляцыі працягваецца хатні арышт.

Можа, яшчэ апеляцыя нешта скіне. Нельга выключаць памілаванне, бо відавочна ён напіша просьбу на імя Лукашэнкі. А той, хоць нікому не дараваў, тут раптам памілуе. Ці значна скароціць тэрмін, ці ўвогуле скажа, што ён ужо адсядзеў, колькі яму было патрэбна адсядзець.

Будзем глядзець, як будзе развівацца сітуацыя далей. Але пакуль што выглядае, што такі жорсткі прысуд — гэта жорсткі сігнал: на нейкія паслабленні нават такія людзі разлічваць не могуць.

Нельга выключаць, што сітуацыя з Пратасевічам адлюстроўвае нейкія супярэчнасці ў сілавым блоку. Напэўна, там ёсць людзі, настроеныя праводзіць больш узважаную і мяккую палітыку. Прынамсі, у дачыненні тых, хто «раззброіўся». Каб неяк ім дараваць і ўцягваць у сваё кола.

А ёсць і радыкальна настроеныя, як той жа Швед, хто не хоча праяўляць шкадавання і даваць нейкія бонусы тым, хто здаўся і пачаў супрацоўнічаць.

Мы гэта бачылі на першых этапах, калі Пратасевіча перавялі пад хатні арышт, дазволілі яму завесці блог, у якім ён нават пачынаў штосьці пісаць. Пасля ён перастаў яго весці. Мне падаецца, што гэта не ягоная была ініцыятыва, калі ён пачаў было весці блог, а потым спыніў.

Магчыма, былі нейкія людзі ў лукашэнкаўскім атачэнні, магчыма, з сілавых структур, якія прабілі ідэю: маўляў, няхай ён будзе з намі, вядзе праўладны тэлеграм-канал ад свайго імя, уздзейнічае на масы. І трошкі нават прасунуліся ў гэтым кірунку.

А пасля прыйшлі больш радыкальныя людзі і пераканалі ў тым, што нічога гэтага не трэба, хопіць і таго, што не сядзіць у камеры.

Так і цяпер, гэтыя восем гадоў узмоцненага рэжыму могуць сведчыць, што на дадзены момант рэй вядуць тыя, хто настроены ўсё душыць без усялякіх кампрамісаў і сантыментаў.

— Пасля прымусовай пасадкі пасажырскага самалёта ў траўні 2021-га ў многіх было ўражанне, як высветлілася з часам небеспадстаўнае, што гэты скандал можа стаць пачаткам глабальных падзей. Можна пачуць і канспіралагічныя версіі пра тое, што гэта была адмысловая аперацыя, каб канчаткова ўцягнуць Лукашэнку ў крамлёўскую арбіту.

На вашу думку, наколькі лагічна выглядае такая версія? Ці ўсё ж тая падзея стала ўсяго толькі каталізатарам, які паскорыў працэсы, што ўжо адбываліся? 

— У сённяшнім нашым свеце нічога выключаць нельга. І што пасадка самалёта, і наступны мігранцкі крызіс былі зробленыя калі не паводле прамога загаду, то па наводцы Масквы.

Што Лукашэнку падштурхоўвалі да гэтага, намагаліся больш шчыльна да сябе прывязаць, выклікаць санкцыі, што рыхтаваліся да вайны з Украінай.

Гэтая версія можа існаваць, але я думаю, што ў Лукашэнкі і ягонага атачэння хапіла б і ўласнага «розуму», каб такую акцыю правесці. Таму што гэтыя прызвычаіліся да беспакаранасці, яны верылі і вераць ва ўсеўладдзе сілы, што толькі яна, а таксама нахабства даюць патрэбны вынік. І ў прынцыпе гэта ўсё ўкладалася ва ўсеагульнае рэчышча. 

І калі не выключаць такія версіі, нават канспіралагічныя, я не думаю, што Лукашэнка не здатны правесці падобныя рэчы сам. Бо ён і так ужо быў настроены, каб усіх душыць і нішчыць.

Каб паказаць, што апаненты ўлады, якія ёй нашкодзілі, не схаваюцца не тое што ў Беларусі, але і за яе межамі, і нават пралятаючы ў небе. 

А тое, што не пралічваліся наступствы, то гэта таксама ў стылі гэтай улады. Яна імпульсіўная, стратэгічнае мысленне — не яе моцны бок. Спачатку яна прымае тактычныя рашэнні, а пасля іх вынікі разграбаюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(10)