Навумчык: «Можна прадбачыць, што Лукашэнка перадасць права выбару прэзідэнта Усебеларускаму сходу»

Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях фарміравання Усебеларускага народнага сходу (УНС) і змены выбарчага заканадаўства і аб’явіў, што выбары, якія маюць адбыцца ў 2024 годзе, будуць праходзіць па новых правілах. Паразважалі з экспертам аб тым, што можа мець на ўвазе беларускі кіраўнік.

— Відаць, гэта ў рэчышчы таго, што ён называе канстытуцыяй, што было прынята на так званым рэферэндуме ў лютым, — выказвае меркаванне ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» былы дэпутат Вярхоўнага савета і палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык. — Але тут трэба разумець, што і канстытуцыя гэта, і ўсе так званыя выбары абсалютна не маюць ніякага легітымнага характару.

Увогуле ў Беларусі выбараў, якія б колькі-небудзь нагадвалі выбары, не было з 1994 года. Бо нават выбары ў Вярхоўны савет XIII склікання былі шмат у чым сфальсіфікаваныя. Я не кажу ўжо пра наступныя «прэзідэнцкія».

Звярніце ўвагу, пачалася вайна, Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у суагрэсію, але нідзе не чутна ні воднага голасу так званага парламента. Ні адзін дэпутат не выступіў! Ад іх нічога не залежыць. Уся гэта палата, разам узятая, значыць менш, чым самы апошні чыноўнік адміністрацыі прэзідэнта. Я ўжо не кажу пра якога-небудзь генерала ці іншага сілавіка.

Таму, што б яны ўсе там не абіралі, не рабілі, гэта не мае легітымнага значэння.

— А што вы скажаце наконт аўтарытэту або палітычнай вагі УНС?

— Гэта ўсё абсалютна бутафорская структура. Па-першае, гэты сход яшчэ не прызначаны (тут нельга прымяніць словы «абраны» ці «сфармаваны»). Але і пасля ён не будзе мець ніякага значэння. На гэты момант усё залежыць ад аднаго чалавека — ад Лукашэнкі. А той, у сваю чаргу, залежыць ад Пуціна. Вось такая схема вертыкалі.

— Нягледзячы на гэта, ці вырашыць ён надаць сходу нейкія значныя паўнамоцтвы?

— Цалкам магчыма. Зараз ён, канешне, усё трымае пад кантролем, таму што краіна пагружана ў тэрор. Самы галоўны чалавек — сілавік. Але, дапусцім, пачнуцца пратэсты ці здарыцца яшчэ штосьці непрадказальнае, — яму гэта будзе, мякка кажучы, непрыемна. А падчас выбарчых кампаній гэта непрыемна ўдвайне. Пажадана гэтага пазбегнуць.

Можна прадбачыць, што Лукашэнка перадасць права выбару прэзідэнта гэтаму сходу, каб адразу ведаць, які будзе вынік.

Калі параўнаць сённяшнія фармаванні нават з тымі камуністычнымі саветамі ў апошняе дзесяцігоддзе існавання БССР, нават там было больш смелых людзей. А тое, што гэтыя вярхоўныя саветы былі больш нацыянальнымі — гэта проста адназначна. Таму што там абіралі і Шамякіна, і Гілевіча, і Бураўкіна, і Быкава.

Ва ўлады былі нейкія аўтарытэты. Яны разумелі, што трэба неяк прадстаўляць гэты орган перад іншымі, перад светам у рэспектабельная форме. А для сённяшніх не мае значэння, як да іх ставяцца.

Я наогул не ведаю, навошта марнаваць грошы на выбары? Можна было б узяць якую роту амапаўцаў, прызначыць іх усіх членамі так званага парламента, нейкі батальён прызначыць народным сходам.

І ніхто б з гэтых членаў і дэлегатаў гарантавана не абураўся.

— Яшчэ вось што цікава: Лукашэнка ўзгадвае 2024 год. Ці не занадта ён упэўнены ў тым, што ўвойдзе ў гэты год пры ўладзе?

— Ён ва ўсіх, безумоўна, бачыць ворагаў. Не ведаю, ці бачыць ён саюзнікаў хаця б у сваіх сынах.

Справа ў тым, што людзі такога тыпажу лічаць, што яны будуць не проста ўладарыць, але і жыць вечна. Гітлер гаварыў пра «тысячагадовы рэйх». Сталін паміраў, не прызначыўшы сабе ніякага пераемніка. Яму было 74 гады, і здароўе ўжо было нікуды, але ён не думаў ні аб якіх пераменах.

Гэта іх такая ўласцівасць. Лукашэнка зараз надае фантастычныя тэрміны палітвязням, таму ж Аўтуховічу 25 гадоў, многія атрымалі па 10 і больш. Ён мерае такімі маштабамі.

Пуцінска-лукашэнкаўская сістэма можа, канешне, трымацца вельмі доўга, але вайна іх пахіснула. І ўсё можа абрынуцца вельмі і вельмі хутка. Умоўна кажучы, хто ведае, ці праліла ўжо Аннушка масла. Вось здадуць зараз Херсон, потым Данецк — і невядома, як яно пасыплецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)