Навумчык: Захад забыў, якую паслугу яму аказалі беларусы

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык жорстка раскрытыкаваў пазіцыю заходніх краін у адносінах да беларусаў.

– Спрацовае формула, якую быццам бы апісаў Чэрчыль (яму шмат чаго прыпісваюць): зробленая паслуга – ужо не паслуга, – заявіў Навумчык каналу Sens. – У 1993 годзе Вярхоўным Саветам Беларусі было прынята рашэнне пра пазбаўленне ад ядзернай зброі – без усялякіх умоваў і усялякіх кампенсацый.

Як мэта гэта было абсалютна правільна, а вось як гэта было зроблена… Я лічу, што мы павінны былі запатрабаваць (у заходніх краін – С.) кампенсацыі, і, я ўпэўнены, мы гэтую кампенсацыю атрымалі б….

Мы шмат спрачаліся са Станіславам Станіслававічам Шушкевічам на гэтую тэму (зямля яму пухам), ён казаў: дык мы ж атрымалі 70 мільёнаў даляраў на дэмантаж ядзернай зброі. Дык для краіны гэта абсалютна нішто!

Я перакананы, што ў 1993 годзе мы маглі атрымаць ад Захаду адзін-два бюджэты Беларусі. І гэта была б абсалютна іншая эканамічная сітуацыя. Лукашэнка ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады, спекулюючы на эканамічных цяжкасцях. А ў іншай сітуацыі ў яго не было б шанцаў перамагчы.

Навумчык заявіў: «Паслуга з боку беларусаў (Захадам – С.) забытая». Ён працягнуў:

– Два гады таму, у 2020 годзе, свет спачуваў Беларусі, крыху падтрымліваў – зусім не так, як трэба было падтрымліваць. Сёння, на вялікі жаль, няма гатага спачування. Я чытаю еўрапейскую, амерыканскую прэсу… Беларусь успрымаецца суагрэсарам, краінай, якая зліта з Расіяй.

Забыты добраахвотны вывад ядзернай зброі, забытыя масавыя пратэсты супраць дыктатуры.

Навумчык адзначыў:

– Ракеты ляцяць сёння з тэрыторыі Беларусі ў бок Украіны, таму што ў Беларусі такі рэжым. А ў Беларусі такі рэжым, у тым ліку, і таму што ў свой час сусветная супольнасць не паспрыяла беларускаму народу ў імкненні, каб гэты рэжым не існаваў.

Пакрытыкаваў Навумчык і кіраўніцтва Украіны, якое супрацоўнічала з рэжымам Лукашэнкі да пачатку вайны:

– Калі вы палітыкі, вы павінны разумець, што ўзаемаадносіны з суседзямі – элемент абароны вашай тэрыторыі.

Ці можна зьмяніць стаўленне ўкраінцаў і ўвогуле Захаду да беларусаў? Навумчык лічыць, што можна: калі палітыкі, журналісты, блогеры, творчыя дзеячы, усе тыя, каго называюць лідэрамі меркаванняў, будуць гэтаму спрыяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(55)