Политика

Марк Дзюба

Навумчык: «Тое была незабыўная ноч. Ландсбергіс прасіў, каб Беларусь дапамагла са зброяй»

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што «абараняў» Вітаўтаса Ландсбергіса пры барацьбе Літвы за незалежнасць у 1991-м. Ці сапраўды гэта было так?

Правіцель Беларусі падчас паездкі ў Гродна 2 красавіка заявіў, што ўлады Літвы і Латвіі запалохваюць сваіх грамадзян, што пры наведванні Беларусі іх могуць завербаваць:

– Пугают людей, безумцы. Я их знаю, я знаю их родителей. Вот этот Ландсбергис…я еще проклинаю сам себя, когда-то, когда Литву в советские времена, когда она хотела отделиться, придавливали, я в группе депутатов поехал этого Ландсбергиса защищать. Его то ли дед, то ли отец. Он (кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс з'яўляецца ўнукам Вітаўтаса Ландсбергіса, кіраўніка Літвы пасля здабыцця незалежнасці – С.) сейчас на меня что только не говорит.

Таксама можна ўзгадаць, што ў 2009 годзе Лукашэнка заявіў:

– Знаете, где был Лукашенко в труднейший исторический момент, когда в Вильнюсе стреляли? В Вильнюсе, в Верховном Совете. Через баррикады мы пробирались в Верховный Совет к Витаутасу Ландсбергису, чтобы выразить солидарность. Мы хотим, чтобы в Литве был мир.

Абаронцы ля Вярхоўнага Савета Літвы. Фота Kestutis Vanagas

Нагадаем, пра кантэкст падзей студзеня 1991 года. Улады СССР запатрабавалі ад літоўскага кіраўніцтва адмовіцца ад абвешчанай незалежнасці і ўвялі ў Вільнюс войскі для захопу стратэгічных аб’ектаў.

У адказ старшыня Вярхоўнага Савета Літвы Вітаўтас Ландсбергіс заклікаў людзей выйсці на вуліцы, каб ахоўваць будынкі парламента, тэлерадыёцэнтра, тэлевежы і іншыя аб’екты.

У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года савецкія вайскоўцы ўзялі штурмам тэлецэнтр і тэлевізійную вежу, нягледзячы на тое, што ў ачапленні стаялі тысячы людзей. У выніку загінула 13 мірных грамадзян.

Хутка пасля гэтых падзеяў у Вільнюс накіраваліся беларускія дэпутаты. Вось што распавёў «Салідарнасці» Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага савета XII склікання:

– У Літву паехала тры групы дэпутатаў: афіцыйная, ад Вярхоўнага Савета (яе ўзначальваў Ніл Гілевіч), ад парлямэнцкай Апазыцыі БНФ (Барыс Гюнтар, Ігар Пырх і я) і некалькі «самастойных» дэпутатаў, у ліку якіх быў і Лукашэнка.

Нашая, БНФаўская дэлегацыя, прыехала першай, увечары 14 студзеня. Для афіцыйнай групы фармавалі картэж з машынамі суправаджэньня, а мы проста ўскочылі ў «Волгу» і рванулі на Вільню. На беларуска-літоўскай мяжы нас сустрэла дэпутатка Раса Растаўскене (цяпер – Юкнявічэне), сказала, што можам ехаць альбо ўладкоўвацца ў гатэль, альбо ў парлямэнт, але парлямэнт пад пагрозай штурму.

Ну, калі жанчына прапануе такі выбар, ясна, што выбіраеш тое, што небясьпечна. Вярхоўны Савет быў аточаны барыкадамі, стаялі дзясяткі тысяч людзей зь літоўскімі сьцягамі, былі і бел-чырвона-белыя. 

Актывіст БНФ Уладзімер Кармілкін у Вільнюсе, студзень 1991 года
17 студзеня 1991 года. Фота ТАСС

З трыбуны парлямэнту я зачытаў Зварот больш як 80-ці беларускіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі з асуджэньнем маскоўскай агрэсіі і ў падтрымку Літвы, перадаў заяву у прэзыдыюм Ландзбергісу і, паколькі сэсія трансьлявалася па радыё на ўсю Літву, заклікаў салдат-беларусаў не выконваць загады Масквы і не прымяняць зброю супраць літоўцаў, якія абаранялі права на свабоду.

Таксама прапанаваў усім замежным парлямэнтарыям (а яны былі ў залі) не разыходзіцца і ў знак салідарнасьці зь літоўскімі дэпутатамі правесьці ноч у будынку літоўскага парлямэнту.

Мне здавалася, што наяўнасьць у будынку замежных дэпутатаў прадухіліць штурм дэсантнікамі.

Вітаўтас Ландсбергіс
Фота Getty Images

Канешне, тое была незабыўная ноч. Я гутарыў з абаронцамі парлямэнту, якія былі ўзброеныя толькі стрэльбамі пачатку ХХ стагодзьдзя. А Барыс Гюнтар і Ігар Пырх пайшлі да Ландзбергіса, ён прасіў, каб Беларусь дапамагла са зброяй. Але ў БНФ не было ні ўлады, ні зброі.

Афіцыйная дэлегацыя, як я ведаю, таксама сустракалася з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета, але яшчэ і з кіраўніцтвам ЦК так званай «кампартыі Літвы на плятформе КПСС», якія выступалі супраць Незалежнасьці Літвы (была яшчэ і кампартыя на чале з Бразаўскасам, яна выступала за сувэрэнітэт).

Дэлегацыя прасіла арганізаваць ім сустрэчы з членамі «камітэту нацыянальнага выратаваньня», па ініцыятыве якога і былі ўведзеныя савецкія войскі, але гэтага не адбылося: стала відавочна, што ніякага «камітэту» няма, усё ініцыявана Масквой і мясцовымі камуністамі-праціўнікамі Незалежнасьці.

Лукашэнка таксама быў тады ў Вільні, гэта дакладна. Той рэдкі выпадак, калі ён ня схлусіў. Ведаю, што быў у парлямэнце, але не выступаў (выступілі толькі мы з Гілевічам). Таксама ведаю, што быў, як і мы ўсе, на пахаваньні ахвяраў агрэсіі 13 студзеня.

Фота Getty Images

Перакананы, што Лукашэнка не сустракаўся з Ландзбергісам, інакш ён бы сказаў пра гэта на сэсіі Вярхоўнага Савета Беларусі 17 студзеня, калі абмяркоўваліся падзеі ў Літве і дэпутаты дзяліліся сваімі ўражаньнямі ад наведваньня Вільні. Такія рэчы ў мэтах самарэкамы ён не ўпускаў. 

Затое магу прывесьці цытату з таго ягонага выступу: «Самая галоўная думка, якая сьвідруе мне галаву; што рабіў бы прэзыдэнт (Гарбачоў – С.) і ягоная каманда, калі б сёньня ў іх адабраць танкі і тых ачмурэлых салдат, якія там знаходзяцца?».

Сёньня гэтае пытаньне можна адрасаваць да яго і да Пуціна.

Падзеі ў Літве, на мой погляд, мелі выключна важнае значэньне для лёсу Беларусі – найперш, як прыклад адданасьці літоўскага народа ідэі свабоды і незалежнасьці, гатоўнасьці ахвяраваць дзеля іх і сваім жыцьцём, і нейкімі дабротамі (прыгадаем, што Масква абвясьціла Літве энэргетычную блякаду, тэмпэратура ў кватэрах часам была мінусавая).

Думаю, што адданасьць мэце Незалежнасьці, выяўленая літоўцамі ў студзені 1991-га, паўплывала і на нашых апанэнтаў-камуністаў, якія былі вымушаныя перагледзіць ці, як мінімум, паставіць пад сумнеў некаторыя пастулаты.

Гэта адыграе сваю ролю 25 жніўня 1991, калі яны былі вымушаныя прагаласаваць за Незалежнасьць Беларусі.

І наколькі прыклад імкненьня літоўскага народа да свабоды натхняе беларускіх патрыётаў, нагэтулькі ён бесіць і пужае Лукашэнку. Такое ўражаньне, што на Літве (а яшчэ на Польшчы) сканцэнтравалася ўся нянавісьць (не нелюбоў, а менавіта нейкая жывёльная нянавісьць) Лукашэнкі да эўрапейскай цывілізацыі, да прынцыпаў дэмакратыі, да правоў чалавека.

Калі літоўцы і маглі быць яму ўдзячныя за падтрымку ў студзені 1991-га ў якасьці дэпутата, дык у якасьці кіраўніка краіны ён нанёс вялікую шкоду адносінам паміж двума краінамі, якія, я лічу, у цэлым удала выбудоўваліся ў пачатку 90-х.

Я маю на ўвазе і палітычную шкоду, і эканамічную, але самае кепскае – гэта няспыннае нагнятаньне варожасьці супраць літоўцаў і ў ягоных, Лукашэнкі, выступах, і ў матэрыялах падкантрольных яму СМІ.

Закладаюцца нейкія коды, якія пасьля падзеньня рэжыму няпроста будзе выдаліць з масавай сьвядомасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(24)