Скандалы
Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

Нашы людзі TV праз спадарожнік не глядзяць!

Сужэнцаў Гармаш з Горадні прымушаюць праз суд дэмантаваць спадарожнікавую антэну. Гэта першы такі выпадак у горадзе. 29 студзеня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць Вольгі Гармаш, яе муж Максім выступаў у якасьці сьведкі.

Разглядае справу наконт спадарожнікавай антэны судзьдзя Тацяна Гергель, яна пачала з падставовага пытаньня. Вось што Максім Гармаш сказаў пра гэта пасьля судовага паседжаньня:

“На судзе было зададзена пытаньне: “Скажыце, калі ласка, а навошта вам увогуле было ўсталёўваць спадарожнікавую антэну, вам што – афіцыйных тэлеканалаў замала?” Быў дадзены адказ з нашага боку аб тым, што паводле канстытуцыі мы маем права атрымліваць інфармацыю”.

Максім Гармаш даў суду тлумачэньні, што спадарожнікавая антэна належыць яму, ён яе усталёўваў з дапамогай дзяржаўнай арганізацыі, жонка ня мела да гэтага дачыненьня. Чаму ж тады пратакол быў складзены на ягоную жонку, настаўніцу ангельскай мовы Вольгу Гармаш? Вось што яна думае на гэты конт сама:

“На мяне выпісалі гэты пратакол таму, што непасрэдна я зьвярнулася ў архітэктурную службу, каб даведацца — як мне легалізаваць нашую спадарожнікавую антэну, узаконіць яе знаходжаньне на фасадзе дому?”

Аднак як узаконіць антэну — Вольга Гармаш адказу не атрымала. Тым жа часам супрацоўніца ЖЭСу Нікалаенка, якая склала на яе пратакол, у суд не зьявілася, іншых прадстаўнікоў камунальнай службы таксама не было. Працяг суду — 5 лютага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)